Баец «Азова» Станіслаў Ганчароў пад пазыўным «Беларус» быў затрыманы ў Віцебску 15 красавіка. Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было зьдзейсьнена ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх. Таксама ў адносінах да Ганчарова можа быць распачата крымінальная справа за «распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці ці розьні».
Анастасія Нікіценка вучылася разам са Станіславам Ганчаровым у адной школе ў Віцебску. Цяпер Анастасія жыве ў Маскве, яна актывістка грамадзкага праекту «Адкрытая Расея», заснаванага Міхаілам Хадаркоўскім. Дзяўчына распавяла Свабодзе, якім будучы баец «Азова» быў у школьныя гады.
— Я вучылася са Стасам да 9-га кляса. Мы даволі доўга сядзелі за адной партай. На самай справе ён, вядома, «ня цукар». І праблемы былі з кіраўніцтвам школы з-за паводзін. Але я ніколі не адчувала ад яго агрэсіі ў дачыненьні да навакольных.
— Калі вы апошні раз яго бачылі?
— Напэўна, калі я ўжо вучылася ў 10-м клясе — мы выпадкова зь ім сустрэліся. Сам ён пасьля 9-га кляса са школы сышоў. Больш мы ня бачыліся. Некалькі разоў мы сьпісваліся «Ўкантакце». Я ведала, што ён зьехаў ва Ўкраіну, але фактычна сувязь страцілася.
— А адкуль вы ведалі пра тое, што ён паехаў на вайну? Ён сам казаў?
— Не, ён выклаў на сваёй старонцы «Ўкантакце» фатаздымкі, а калі мы пацікавіліся, ён пацьвердзіў, што ён у батальёне «Азоў» цяпер.
— Вы казалі, што пасьля 9-га кляса ён сышоў. Стас пайшоў вучыцца ў нейкае вучылішча?
— Так, ён пайшоў атрымліваць сярэднюю спэцыяльную адукацыю. Але я дакладна не магу сказаць, куды і на якую спэцыяльнасьць.
— У школьныя гады ці было заўважна, што ён прытрымліваецца нэанацысцкіх поглядаў? Можа, былі татуіроўкі, ці ён насіў нейкую радыкальную сымболіку...
— Наколькі я памятаю, у школьныя гады ў яго наагул не было татуіровак, дый сымболікі нейкай я ня памятаю. Так, ён быў заўсёды паголены нагала і насіў берцы, але б я не сказала, што гэта яго надта вылучала.
— МУС Беларусі паведамляў, што Стас быў лідэрам нефармальнага радыкальнага моладзевага фанацкага руху. Вы нешта ведаеце пра гэта?
— Мне цяжка сказаць, бо я мала разумею ў гэтых рухах. Але — так, ён меў зносіны з хлопцамі падобных поглядаў.
— Калі працягваць тэму поглядаў, то што вы ад яго чулі ці бачылі ў гэтым сэнсе?
— Мяне заўсёды зьдзіўляла нейкая глябальная нестыкоўка. Таму што ён быццам бы адносіўся да нэафашыстаў, але пры гэтым наш аднаклясьнік — азэрбайджанец быў нейкі час яго лепшым сябрам, і ніякіх канфліктаў у іх на гэтай глебе не было. Дый наагул у нас у школе было шмат вучняў, якія адносяцца да іншых нацыянальнасьцяў, і зь імі ў Стаса таксама ніякіх канфліктаў не было. Як я ўжо казала, гэта быў абсалютна неагрэсіўны чалавек, добры. Я гэта адчувала на сабе і нашых аднаклясьніках. Ён падтрымліваў нас, частаваў шакалядкамі. Таму, па маіх адчуваньнях, яго погляды праявіліся выключна візуальна.
— А што значыць — візуальна? Ён выкрыкваў «Зіг хайль» пры вас, ці яшчэ нешта?
— Ну, «Зіг хайль» ён не крычаў пры нас. Але ж яшчэ ў школьныя гады на яго асабістай старонцы былі бачны фатаздымкі, дзе ён зігуе, былі нейкія карцінкі з пэўнай сымболікай... Але падкрэсьлю яшчэ раз: ніякай агрэсіі, ніякай пагрозы ад яго я ніколі не адчувала.
— Вы казалі, што ў яго былі праблемы са школьнай адміністрацыяй. Гэта было зьвязана зь яго кепскімі паводзінамі ці поглядамі?
— Выключна з паводзінамі. Ён мог прагульваць, ён мог непаважліва размаўляць з адміністрацыяй, з настаўнікамі. Але канфліктных сытуацыяў, якія былі б непасрэдна зьвязаныя зь яго поглядамі, я не ўзгадаю.
— А як ён наагул вучыўся?
— Вучыўся ён ня вельмі добра. У нашым клясе ён быў дзесьці ўнізе рэйтынгу па пасьпяховасьці.
— А ён выказваў нейкія свае погляды па актуальных палітычных пытаньнях — ну, напрыклад, наконт улады ў Беларусі, у Расеі?
— Я ня вельмі добра памятаю, таму хлусіць ня буду. Вы ж разумееце, што ў нас у такім узросьце ні ў кога не было сур’ёзных, сфармаваных поглядаў. Але ён дакладна ня быў адназначным прыхільнікам цяперашняй беларускай улады.
— А ў вас ёсьць нейкае сваё тлумачэньне, чаму ён паехаў ваяваць на Данбас?
— Скажам так: я не была зьдзіўленая, калі пра гэта даведалася. Разумееце, у ім было вельмі шмат энэргіі і вельмі шмат жаданьня сутыкнуцца зь нейкай рэальнай барацьбой. І я думаю, што менавіта з-за гэтага ён туды паехаў. Але гэта толькі маё меркаваньне — я не размаўляла зь ім з гэтай нагоды, не абмяркоўвала зь ім гэтае рашэньне.