Пра затрыманьне паведаміла газэта «Наша Ніва», паводле інфармацыі якой некалькі дзён таму ў Менску затрымалі беларускага байца батальёна «Азоў», 20-гадовага віцебчука Стаса.
Гэтую інфармацыю спраўдзілі ў «Азове».
Прозьвішча Стаса мала каму вядомае, у «Азове» ён служыў пад пазыўным «Беларус» і не афішаваў сябе, не даваў інтэрвію. Але сярод саслужыўцаў меў вялікі аўтарытэт праз сваю бескампраміснасьць.
«Ён заўсёды быў на перадавой, бескампрамісны, сьмелы», — так нам яго апісалі ў «Азове».
«Ён зьбіраўся ехаць у Беларусь, казаў, што яму тут усё абрыдла, хоць і кіраваў тут узводам маладых. Казаў, маўляў, я не магу, як хачу дахаты. Яго адгаворвалі, канешне, казалі: табе ж канец там. Але ён, можа, думаў, што яго не пазнаюць і не пасадзяць. І праўда, дні чатыры ён выходзіў на сувязь зь Беларусі, а потым усё, зьнік. Яшчэ празь дзень паведаміў, што яго „прынялі“, і ўся інфармацыя, якая можа ісьці цяпер ад яго імя, будзе правакацыяй», — распавялі «Нашай Ніве» ў «Азове».