Мэта акцыі — прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да праблемы прадпрымальніцтва ў Беларусі і стварэньне руху салідарнасьці, паведаміў Свабодзе заяўнік акцыі Алесь Абрамовіч:
«Перадусім, гэта інфармаваньне грамадзкасьці аб наступствах прэзыдэнцкага ўказу № 222. А менавіта пра тое, што ўлада толькі прыпыніла дзеяньне гэтага ўказу, каб спыніць хвалю прадпрымальніцкіх пратэстаў.
Цяпер не праводзяцца праверкі на наяўнасьць сэртыфікатаў якасьці, але яны неўзабаве распачнуцца, і тады паўстане праблема і канфіскацыі тавараў, і штрафаў памерам 200-400 базавых велічыняў. Гэта ня толькі праблема прадпрымальнікаў — яна закранае і яшчэ закране таксама і іншыя катэгорыі насельніцтва. Бо страціўшы працу на рынках, прадпрымальнікі будуць вымушаныя шукаць яе на прадпрыемствах і ў арганізацыях. А ў Барысаве ўжо сёньня вельмі моцная сацыяльная напружанасьць у зьвязку з прыхаваным беспрацоўем: на сёньня прадпрыемствы горада маюць 3-4-дзённы працоўны тыдзень».
Менскі прадпрымальнік і нефармальны лідэр пратэстнага руху прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў паведаміў Свабодзе, што мітынг у Барысаве мае стаць першай вулічнай акцыяй у шэрагу мітынгаў, заплянаваных у розных гарадах краіны:
«Камітэт выратаваньня прадпрымальніцтва, які складаюць лідэры прадпрымальніцкага руху з розных гарадоў Беларусі, прынялі рашэньне сабраць 50 тысяч подпісаў пад заявай пра адмену прэзыдэнцкага ўказу № 222, каб перадаць іх у Канстытуцыйны суд краіны. Таму заплянаваны шэраг мітынгаў з мэтай збору подпісаў. Першы зь іх адбудзецца ў Барысаве. Потым — у Маладэчна, Жодзіна і іншыя гарады. Акрамя таго, гэтыя мітынгі таксама маюць на мэце стварэньне структураў незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў і грамадзян «Салідарнасьць».
Як паведаміў Алесь Абрамовіч, мітынг у Барысаве заяўлены ў месцы, вызначаным гарвыканкамам для вулічных масавых акцыяў у горадзе, — на рынку «Барысаўскі гарадзкі стадыён».
Меркавана, колькасьць удзельнікаў акцыі складзе каля сотні чалавек. Паводле заяўніка, мітынг у горадзе адбудзецца незалежна ад таго, дазволіць ці забароніць яго Барысаўскі гарвыканкам.