Надзея Саўчанка, асуджаная ў Расеі на 22 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў саўдзеле ў забойстве расейскіх журналістаў, мае намер трымаць сухую галадоўку да абвяшчэньня ў Кіеве прысуду расейцам Яўгену Ерафееву і Аляксандру Аляксандраву.
Затым, у залежнасьці ад вынікаў, «будзе вырашаць, як дзейнічаць далей», сказаў Інтэрфаксу ў панядзелак адвакат Марк Фейгін. Паводле ягоных слоў, украінская ваеннаслужачая разьлічвае, што яе абмяняюць на расейцаў.
Чакаецца, што прысуд Ярафееву і Аляксандраву могуць абвясьціць ужо ў панядзелак. У сілу ён уступіць толькі праз 30 дзён, калі ня будзе абскарджаны. Фейгін ня выключыў, што расейскі бок праз консульства ў Кіеве дасьць указаньне абскардзіць прысуд.
Адвакат адзначыў, што абарона і сваякі Саўчанкі працягваюць пераконваць яе спыніць галадоўку, але «яна робіць толькі тое, што сама лічыць патрэбным».
У апошнія дні іншыя адвакаты ўкраінскай ваеннаслужачай Ільля Новікаў і Мікалай Полазаў заяўлялі пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя сваёй падабароннай. МЗС Украіны запатрабаваў неадкладна дапусьціць да яе ўкраінскіх лекараў.
Надзея Саўчанка абвясьціла сухую галадоўку 6 красавіка, патрабуючы неадкладнага вяртаньня ва Ўкраіну.
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Пэдра Аграмунт выказаў сур’ёзную занепакоенасьць крытычным станам Надзеі Саўчанкі. Ён заклікаў Маскву зрабіць неабходныя захады для вызваленьня ўкраінскай ваеннаслужачай, у тым ліку ў кантэксьце магчымага абмену зьняволенымі з Украінай.