Наша самая дзяшовая косьць у горле Эўропы

Сяргей Астраўцоў на фоне будоўлі АЭС

(«Страшная праўда пра Астравецкую АЭС»)

Будоўлю Беларускай АЭС каля Астраўца мы наведалі ў пахмурны дзень. Градзірня станцыі вышынёю 167 мэтраў выглядала ў шэрай смузе як гіганцкая сіласная вежа сярод палеткаў. Як фантастычная пабудова ў сьціплым вясковым краявідзе. Мы, гэта група беларускіх журналістаў, некалькі літоўскіх і прадстаўнікі паасобных дзяржустаноў зь Менску.

Што сказаць? Прынялі добра, паказалі што магчыма, расказалі. Прыязна, адкрыта. Больш за тое, выглядала, што тут пануе беларускі парадак, усе занятыя справай і станцыя, кроў з носу, будзе пабудаваная. Ну, а як жа інакш? Калі ў інфармацыйным цэнтры АЭС у самім Астраўцы на сьцяне вялікі здымак: сам Лукашэнка закладае пасланьне далёкім нашчадкам у падмуркі. Усё ў нас будзе ў поўным парадку, дарагія сябры!

Але мы так і не атрымалі адказу на істотныя пытаньні: які канкрэтна ўзяты крэдыт на будоўлю, пад які працэнт, на колькі год? Здагадкі засталіся здагадкамі. Што такія вялізныя грошы вяртаць, хутчэй за ўсё, паспрабуюць «натурай». Іншымі словамі: Расея пабудуе АЭС, а потым электрычнасьць пойдзе ёй жа. Каб не выплачваць крэдыт. Яшчэ больш канкрэтна: на тэрыторыі Беларусі будзе атамная станцыя, якая будзе працаваць на Расею. Хто можа сёньня гэта абвергнуць? Баюся, што ніхто.

У інфармацыйным цэнтры чэсна паведамляюць: АЭС маглі б замяніць сонечныя батарэі на плошчы 66 квадратных кілямэтраў. Але маўляў, столькі зямлі марнаваць нельга! А чаму? Давайце зробім палову: няхай будзе ня восем на восем кілямэтраў, а менш, паставіць батарэі, напрыклад, уздоўж дарог. Затое другога Чарнобыля можна не баяцца.

Які я наіўны! А ніхто нічога больш і не баіцца, адказваюць мне. Замест рэфэрэндуму ў Рэспубліцы Беларусь у асобным Астравецкім раёне правялі «растлумачальную работу». І цяпер усе за. Большасьць. Сустрэліся з кожным вясковым жыхаром вочы ў вочы, расказвае адзін з працаўнікоў станцыі. Уяўляю: прыяжджаюць на хутар. Бабуля, будзем у вас пад бокам АЭС будаваць, вы ня супраць? Што яна можа адказаць? Не будуйце? Ці: а што гэта такое, сыночак? Сапраўды сьмешна! Бо што маглі людзі сказаць, калі ад іх нічога не залежыць? Так і адказвалі: а з грыбамі-ягадамі горш ня стане? Іх супакоілі.

Дзьве мясцовыя гісторыі. Адзін чалавек прызнаецца: лічыў, што сама думка аб АЭС у Беларусі пасьля Чарнобыльскай катастрофы — «кашчунная», а цяпер сам агітуе, тлумачыць схему рэактара — які ён будзе надзейны і бясьпечны (хоць нідзе яшчэ такога няма). Мы, між іншым, бачылі, як у цэху ў голым полі рабочыя робяць спружыны з тоўстага мэталу, прэнты для будучага рэактара. Гатовыя дэталі ляжаць пад адкрытым небам. Ня ведаю як у каго, у мяне аптымізму карціна ня выклікала.

Гісторыя другая: каляжанка з самай заражанай радыяцыяй зоны выбрацца зь сям’ёю здолела толькі празь некалькі гадоў. Аповед вельмі кранальны. Нарэшце можна было ўздыхнуць спакойна: пераезд у Астравец, у чыстую зону, чым далей ад Чарнобыльскай. І раптам побач будуюць АЭС.

Перад тым у нас была сустрэча зь літоўскімі спэцыялістамі ў Вільні. Настрой у іх дэпрэсіўны. Беларусь будуе АЭС за сорак кілямэтраў ад літоўскай сталіцы і паводзіць сябе самаўпэўнена. Дагэтуль зь Менску няма адказаў на пятнаццаць пытаньняў, што датычаць бясьпекі! Дакумэнты аб станцыі даслалі толькі на расейскай мове. Папрасілі перакласьці на ангельскую, пераклалі праз Гугл. І ніхто ня вычытаў: недапушчальныя памылкі ў тэксьце! Абы хутчэй. Дробны чыноўнік зь Менску побач са мной незадаволены: што, па-расейску ўжо прачытаць ня могуць? І што ты скажаш чалавеку?

Пытаньне: чаму менавіта пад Астраўцом? Калі вывучаліся пятнаццаць альтэрнатыўных месцаў? Якія разглядаліся крытэрыі? Літоўскі чыноўнік кажа: беларускі калега адказаў яму коратка — гэта дзяржаўны сакрэт. І дадае: беларускі бок не імкнецца стварыць давяральныя адносіны з суседзямі, пад бокам якіх будуе сваю АЭС.

Літоўцы пад уражаньнем рэзкіх выказваньняў кіраўніка РБ. Што АЭС будзе косьцю ў горле Эўразьвязу і балтыйскіх суседзяў і што яна будзе самай дзяшовай у сьвеце. Усё гэта стварае напружаньне ў двухбаковых адносінах, кажуць літоўцы. А павінна быць наадварот: патрэбнае ўзаемадзеяньне з краінай, на якую аказваецца ўзьдзеяньне.

Цікавы момант: літоўцы разважаюць, што Беларусі будзе складана гандляваць энэргіяй ад АЭС, прыводзяць прыклады. Бо такой была папярэдняя інфармацыя — што будзем зарабляць валюту. Але мы трапляем у Астравец і там робяць вялікія вочы: а ніхто й ня думаў экспартаваць энэргію, яна будзе — для ўнутраных патрэбаў. А раз так, то выходзіць, што выключна ўнутраная справа краіны.

Эўропа ідзе да скарачэньня атамнай энэргетыкі, каб у будучыні ад яе адмовіцца, тлумачаць літоўцы. АЭС — учорашні, нават пазаўчорашні дзень, зазначаюць яны. А што беларусы? Яны не зважаюць. Такое ўражаньне, што яны радуюцца ёй нібы супэрсучаснаму паравозу. Чаму? Напэўна таму, што існуе магчымасьць зрабіць яго бясплатным.

Што яшчэ зьдзівіла? Рэакцыя некаторых нашых маладых журналістаў і чыноўнікаў таксама. Яны проста кпілі зь літоўцаў. Якая можа быць небясьпека для Вільні, для Літвы? Глупства!.. Я проста адчуў сябе ў дачарнобыльскім часе. Тады КПСС тлумачыла: АЭС — рэч бясьпечная, калі што раптам, трэба туды-сюды графітныя стрыжні, і непажаданая рэакцыя ў рэактары спыніцца. Цяпер замест КПСС іншы агітатар, але вынік той жа —зухаватая вера, што атамная станцыя нас ашчасьлівіць.

Перад Астраўцом мы наведалі Ігналінскую АЭС у горадзе Вісагінас. Калі мы туды прыехалі, мне стала ніякавата. Вырашыў, што калі будуць выдаваць спэцкасьцюмы, каб паказаць рэактарную залю, я лепей адмоўлюся. Вельмі наіўна. Такіх прапаноў не паступала (унутры станцыі па-ранейшаму ёсьць крыніцы выпраменьваньня). Напэўна ўва мне абудзіліся ўспаміны студэнцкіх часоў, калі я на заданьне часопіса «Беларусь» наведаў Сосны каля сталіцы, дзе мне паказалі наш невялікі беларускі рэактар. Дарэчы, ніякай спэцвопраткі не выдавалі. Што дзівіцца, было гэта да Чарнобыля.

Горад атамшчыкаў Вісагінас робіць дзіўнае ўражаньне. Вуліцы амаль пустыя. Больш за траціну насельніцтва выехала. На сьцяне мне трапіўся якісьці дэпрэсіўны надпіс. Рэстаран-піцэрыя называецца «Трэці блёк» (атамны). Тут людзі, ясна, за АЭС, бо яна — іхні хлеб. Зьдзівіла, як радаваўся размове з мясцовай жыхаркай сталічны чалавек з нашай групы. Яна сказала: ня бойцеся, у вас харошы рэактар, усё ў вас будзе добра! Кабеце 78 гадоў, яна былая загадчыца дзіцячага садку.

Як выглядае, уся наша прапаганда працуе на такім жа прыблізна ўзроўні.

Лёсу Вісагінаса дачакаецца ў будучыні і Астравец: беспрацоўе і дэпрэсія. Канечне, мы з вамі гэтага ня ўбачым. Але так будзе. Калі цэлы горад працуе на адным аб’екце, і гэты аб’ект — атамная станцыя. Нават калі нам кажуць, што яна будзе разьлічаная ажно на шэсьцьдзесят гадоў.

Цэх, дзе робяць абалонку для будучага рэактара Беларускай АЭС

Страва дня ў рэстаране-піцэрыі «Трэці блёк» у Вісагінасе