Выхаваная на героях Бэльмандо, яна – прыхільніца пэрсанажаў, што вырашаюць праблемы ня толькі розумам і абаяльнасьцю.
Напэўна яна мае рацыю, бо вобраз героя Бэльмандо – ўнівэрсальны, аднолькава блізкі ўсім, народны можна сказаць. І месца для таго, хто прымерыць яго на сябе, у нашым грамадзтве вакантнае. Добра пастаўлены ўдар – неад'емны атрыбут і мара ня толькі падлетка «на раёне», але й палітыка, і грамадзкага дзеяча ці прафсаюзнага боса, ды ўвогуле любога чалавека. Наяўнасьць акцэнтаванага ўдару ў арсэнале выводзіць яго ўладальніка ў ранг чалавека, гледзячы ў вочы якому, не задаюцца дурныя пытаньні й зьнікае ахвота правакацыяў з боку партнэраў і апанэнтаў.
У пачатку нулявых я стаў сьведкам сытуацыі ў падземным пераходзе на пляцы Якуба Коласа. Група маладафронтаўцаў на чале з Паўлам Севярынцам сутыкнулася з моладзьдзю зь беларускага аддзелу РНЕ. Спрэчка была вэрбальнай, але на высокіх танах. Прычым РНЕешнікі, адчуваючы фізычную перавагу, паводзіліся больш пэўна. Яны дазвалялі сабе быць то нахабнымі, то паблажлівымі. Іхны завадатар кідаў Севярынцу: – Ты мусор в городе убері сначала, понял…
Бойкі не атрымалася дый не магло атрымацца. Малады Фронт быў тады скіраваны на зусім іншую аўдыторыю – маладзёнаў-студэнтаў-«батанікаў», зь якіх рабілі дыджэяў адраджэньня. Справа патрэбная й пачэсная, але не для менскіх мікрараёнаў, дзе папулярнасьць мелі зусім іншыя дыскатэкі і дыджэі.
Ці можна дасягнуць вялікага ўплыву ў грамадзтве бяз добра пастаўленага ўдару? Магчыма і можна, калі ты Махатма Гандзі, але гэты герой ня з нашага раману.
Даводзілася чуць уражаньні ад тых маладых людзей зь менскіх мікрараёнаў, што спрабавалі знайсьці для сябе нешта новае ў Маладым Фронце, але пасьля непрацяглага знаёмства выходзілі расчараванымі. Адзін зь іх, набіўшы на плячо адным з першых тату з Пагоняй, зьедліва заўважаў: – Яны такія тонкія-звонкія-празрыстыя са сваімі сэрцайкамі-шарыкамі ў паходах ад амбасады да амбасады, што хутка сьледам за шарыкамі ў неба палятуць, а я хачу цьвёрда стаяць на сваёй зямлі… І неўзабаве я са зьдзіўленьнем заўважыў яго на трыбуне стадыёну, сярод глораў аднаго зь менскіх клюбаў. І ён быў такі не адзін.
Думаю, якраз гэтым тлумачыцца мэтамарфоза фанацкага руху – з пазыцый, блізкіх да РНЕ ў нулявых, да сучаснага імкненьня атаясамліваць сябе зь беларускай нацыянальнай спадчынай.
Што тычыцца Маладога Фронту, то ён, як і мае быць, цяпер, здаецца, ня можа разьлічваць нават на «батанікаў», бо «батанікі» перасталі быць ідэалістамі й зрабіліся прагматыкамі. А вось фанацкі рух пасьля падзеяў ва Ўкраіне, стаў сапраўдным галаўным болем для рэжыму, таму за іх так узяліся спэцслужбы.
Спэцслужбы ня любяць, калі пастаўлены ўдар мае яшчэ нехта апроч іх. Складаны лёс арганізацый, што спрабавалі праявіцца ў гэтым кантэксьце таму пацьверджаньнем. Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў, Саюз Афіцэраў, Белы легіён, Край, тое ж РНЕ раней ці пазьней зазнавалі жорсткі перасьлед і зьнікалі, часам разам са сваімі лідэрамі.
Але няма нічога вечнага пад поўняй. Жыцьцё вакол імкліва мяняецца, і ўлада разам са сваімі спэцслужбамі не пасьпявае за гэтымі зьменамі. Расея і Ўкраіна, Майдан ды Данбас перасякаюць нашыя межы. Людзі з розных ідэалягічных бакоў, хто прагне паставіць сабе ўдар і навучыцца па сапраўднаму адказваць на атаку, ведаюць, дзе можна навучыцца гэта рабіць. У ваенных дзеях мільгацяць нават хлопцы зь летуценнага Маладога Фронту, бо зразумелі галоўнае – у нашых шыротах, каб нешта зрабіць, трэба мець у арсэнале акцэнтаваны джэб.
Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што беларусы сьвядома ці падсьвядома рыхтуюцца да баёў і ставяць сабе ўдар. І раней не малая колькасьць людзей, што займаліся адзінаборствамі і вайсковымі гульнямі ў розных клюбах, павялічылася ў разы.
Гэтую атмасфэру цяжка не заўважыць.
На сваёй сустрэчы ў Палацы Рэспублікі Сьвятлана Алексіевіч зазначыла: – Я баюся, што ў нас усё можа быць. Гэта відавочна. І Расея такая вялізная, яна можа ўцягнуць нас у вір. Часы трывожныя.
Яшчэ адзін красамоўны нядаўні выпадак. Чэмпіён Сьвету і аматар беларускіх нацыянальных сымбаляў кік-баксёр Віталь Гуркоў быў зьняты са стыпэндыі міністэрства спорту і з-за недахопу сродкаў пад пытаньнем аказалася ягоная паездка на спаборніцтвы. У інтэрнэце быў кінуты кліч і празь некалькі гадзінаў (!) сродкі ў памеры трох тысяч эўра былі сабраныя.
Герой Бэльмандо ўсё больш выразна паўстае на нашым даляглядзе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.