Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com
Фататыдзень камэнтуе вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:
Фэйсбук-2010
Кастусь Сырэль
Ільля Копыл
Воля Дольная-Валошка
Арцём Гусеў
Бярыцеся і стварайце, або 5 прычын, чаму варта ўдзельнічаць у фатаконкурсе
Вітаю, сябры! Дзякуй, што завіталі. Калі ласка, бліжэй — і паслухайце: «Вы яшчэ ня ўдзельнік конкурсу? У Вас ёсьць фотакамэра і Вы яшчэ ўсё вырашаеце, браць удзел ці ня браць? Дарэмна, бярыцеся і стварайце...»
Вось пяць прычын, чаму варта ўдзельнічаць у нашым фатаконкурсе.
1. Вы гэта можаце.
2. У вашай фатаграфіі нешта ёсьць — тое, чаго няма ў іншых...
3. ...і гэтым «нешта» трэба падзяліцца!
4. Вас заўважаць і ўганаруюць.
5. Жыцьцё прысьпешвае: Незалежнасьць будзе няпоўнай бяз Вашае фатавэрсіі.
Пяць прычын. Мяркую, дастаткова. За справу, сябры!
Гэта не гісторыя і нават не гісторыя хваробы, а наша з вамі рэчаіснасьць
Здымак з хронікі: беларуская Незалежнасьць — гэта?.. Умоўна назавём яго так. Бо крыніца і аўтар мне невядомыя, калі не лічыць адзінай крыніцай стужку фэйсбука. Балючы дакумэнт, красамоўнае сьведчаньне. Разгон Плошчы-2010 у Менску. У камэнтарах людзкі гнеў. Антыбеларуская ўлада ўчыніла гвалт — ганьба злачынцам! Я паклаў гэты здымак у асабісты архіў, нібыта — дзеля гісторыі. Але гэта не архіў. Бадай, і не гісторыя. І нават не гісторыя хваробы, а пакуль што — наша рэчаіснасьць. Угледзімся ў здымак, адчуем нясходны боль.
Незалежнасьць — гэта... калі цябе ня б’юць азьвярэлыя вылюдкі ў тваім доме.
Я выняў гэты здымак, каб пэўным чынам ураўнаважыць нашу галярэйную «стужку». І нават не таму, што пераважаюць мэдытацыі на зададзеную тэму з ілюстрацыйным дадаткам. Я ані не аспрэчваю гэтакі фармат. Яго нельга было не прадбачыць. Зрэшты, конкурс мае свой тэмп і сваё разьвіцьцё. Я прапаную фрагмэнт-дадатак, усяго толькі маленечкі эпізод, дзеля нашых далейшых развагаў, сюжэтаў-вобразаў, візуальных ды псыхалягічных падказак... Нядаўна на Свабодзе быў прыгаданы адзін «рэцэпцік» для нас, хто застаўся на зямлі, ад Ніла Гілевіча — сьветлая Векавечнасьць! Ён казаў, што кожнаму беларусу не зашкодзіла б насіць пры сабе турэмны дзёньнік Кузьмы Чорнага. Я так разумею, каб ведаць і помніць, як нас, беларусаў, крышылі і расьціралі, білі, моцна білі, па галаве, па нырках, па жываце (а то і ніжэй), як і яго, аўтара «Пошукаў будучыні». На сёньняшнім здымку таксама б’юць, і невядома, як хутка падымецца-ачуняе гэты мужны і сьмелы юнак-маладзён ад высьпяткаў вар’ята. Я ніколькі не перабольшыў — менавіта «мужны і сьмелы». Гэткую ж характарыстыку-якасьць я стаўлю і дасланым лістам. Сёньняшнім і заўтрашнім. Загадзя ўдзячны Вам, шаноўныя аўтары!
Кастусь Сырэль: «Незалежнасьць — гэта... калі ад цябе нічога не залежыць»
«Жыву ў маленькім беларускім мястэчку Вушачы, — піша спадар Кастусь. — Мой дом стаіць на вуліцы, якая носіць імя Міхаіла Фрунзэ. «Мая» вуліца перасякае вуліцу Савецкая. Савецкую перасякаюць таксама вуліцы, названыя ў гонар Леніна, Дзяржынскага, Кірава. Ніхто з гэтых людзей ніколі ня быў у нашым мястэчку і нават ня ведаў пра яго існаваньне. Усе яны былі сябрамі РСДРП, усе адданы анафэме рускай праваслаўнай царквой у 1918 годзе...
Я не хачу жыць на вуліцы, якая носіць імя забойцы і клятвапарушальніка... — але гэта ад мяне не залежыць.
У нашым Вушацкім раёне нарадзіліся выбітны беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, але дагэтуль у мястэчку няма вуліц, названых у іх гонар.
У нашым мястэчку няма аніводнае шыльды з назвай вуліцы на беларускай мове, а на мясцовых могілках ёсьць толькі дзьве магілы з надпісамі па-беларуску — Рыгора Барадуліна і яго маці. Дык дзе я жыву? У незалежнай краіне Беларусь ці ў расейскім анкляве?
На вуліцы Савецкая дабудоўваецца царква, якая названая ў гонар трох сясьцёр-вялікапакутніц — Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры. Дзяўчаты з такімі дзіўнымі імёнамі дакладна не беларускі. І сапраўды, яны паходзілі зь Віфаніі, што ў Малой Азіі і зьдзяйсьнялі вычыны, якія палягалі ў цноце, пастах і малітвах. За гэта яны былі закатаваныя і забітыя.
Я хацеў бы, каб царква ў нашым мястэчку насіла імя беларускай сьвятой ці сьвятога. І яшчэ я хацеў бы, каб набажэнствы ў ёй гучалі па-беларуску. Але ад майго жаданьня нічога не залежыць.
Наогул, у нашай быццам бы незалежнай краіне ад нас, яе грамадзян, мала што залежыць. Калі казаць больш дакладна — нічога не залежыць. Мы ня можам ручацца нават за свой заўтрашні дзень. Сёньня ты яшчэ цалкам задаволены жыцьцём, упэўнены ў сабе ІП, а заўтра высокапастаўлены чыноўнік з Драздоў выдае ўказ нумар такі і такі — і вось... твая пэрсанальная незалежнасьць, як той казаў, «накрылася мядніцай». А што такое незалежнасьць тваёй краіны, хай сабе і прызнаная іншымі дзяржавамі, без незалежнасьці асобы, незалежнасьці парлямэнту, незалежнасьці суду, незалежнасьці СМІ? Ды нішто! Фантом! Мыльная бурбалка!
Вось я сам сабе і думаю: «Незалежнасьць — гэта... што? Дзе яна і колькі яе ў нас ёсьць?» Шукаю адказу і не магу знайсьці. І я падымаюся ўначы і фатаграфую зоркі, плянэты і вушацкія сьвітанкі, бо нішто не дае такога пачуцьця свабоды і незалежнасьці, як зорнае неба. Вось я і вырашыў падзяліцца гэтым пачуцьцём і пачаць з зорнага неба і сьвітанкаў, бо пачынаць з фатаздымка знакамітага барда з гітарай, хай сабе пад бел-чырвона-белым сьцягам, мне асабіста менш цікава. А далей — пабачым».
Дзякуй, спадар Кастусь, за меркаваньне і роздум! Цяпер зь цікавасьцю паглядзім на Вашы «сымбалічныя адлюстраваньні», як Вы пішаце, нашае незалежнасьці. Што спашлюць нам нябёсы? Сьцісла падаём і Вашыя апісаньні кожнага здымка, мяркую, шмат каму гэта будзе цікава.
10 кастрычніка 2015, час — 6:25. Ад левай вежы зьнізу ўверх і ўправа — Месяц, Юпітэр, Марс, Вэнэра, якія сышліся ў адным сузор’і (леў). Камэра — Canon A520, ручны рэжым, са штатыву. Без рэдактуры.
12 кастрычніка 2015, час 6:01. Яшчэ адзін Малы парад плянэт. Юпітэр, Марс і Вэнэра — як і на папярэднім здымку; Вэнэра — самая яркая. Няма Месяца (ён яшчэ не ўзышоў), затое на здымку ёсьць няўлоўная плянэтка Мэркуры — ён зусім нізка, пасярэдзіне здымка, над дрэвам. Яго ня тое, што сфатаграфаваць, — убачыць вялікая ўдача. Для гэтага здымку давялося часткова ўжыць графічны рэдактар — прыбраць кабэль, які недарэчна перасякаў кадр.
На разьвітаньне Кастусь Сырэль падае і кароткія зьвесткі пра сябе:
«65 гадоў, пэнсіянэр. Здымаў з 1969 да прыкладна 2000: былі і „Смена-6“, і „ФЭД-3Л“, і „Зеніт“ (ФЭД і два „Зеніты“ хаваю дагэтуль). З 2005 — камэры „Canon-A520“, „NikonD70“. Слухаю радыё Свабода з 1964, з 2003 стала лістуюся. Двое дзяцей, сын і дачка (абодва фатаграфуюць, дачка — прызёр фатаконкурсу „Мая Беларусь“ на радыё Свабода за начныя фатаздымкі маланак). Двое ўнукаў».
«Годзе пра сумнае!...»
Ліст ад нашага сябра і ўдзельніка фатаконкурсу Ільлі Копыла. Ён прабачаецца, што сюжэт ня новы, крыху паўтараецца. Неістотна, шаноўны Ільля. Зь мінуларазовых «сэлфі» — пяці фатаздымкаў са сьцягам я выбраў мінулым тыднем усяго адзін. Гэты раз Вы даслалі шосты. Выбару ў мяне не было, а здымак мне спадабаўся, як і Вашы развагі пра нашую Незалежнасьць. Чытаем:
«У вулiчных акцыях, у акцыях апазыцыi я пачаў браць удзел з пачатку 1989 года. I на кожнай акцыi мы скандавалi: „Не — за — леж — насьць!“. Ці не тое самае мы прамаўляем і сёньня. Чаму? Таму што ня здолелi дасягнуць поўнай незалежнасьцi... Не хапiла часу. Не пасьпелi схавацца пад парасон НАТО, як гэта зрабiлi краiны Балтыi. Таму зараз мы знаходзiмся ў кіпцюрах усходняй суседкi.
Але годзе пра сумнае...
Незалежнасць — гэта... калi Дзень Незалежнасцi мы адзначаем менавiта ў той дзень, якi нам прызначыла шматвекавая гicторыя, — 25 сакавiкa. У гэты дзень я бяру свой Бел-чырвона-белы сьцяг, iду на вулiцу i далучаюся да калёны маіх суайчыньнікаў, неабыякавых грамадзянаў. Калi я бачу над людзкой калёнай мора Бел- чырвона-белых сьцягоў, паверце, я адчуваю душэўны ўздым.
Не падумайце, быццам я рэклямую сябе. Асабiста для мяне тут, на фота — гэта сьцяг. І зроблены здымак у вялікі, асаблівы дзень — 25 сакавiкa».
Шаноўны спадар Копыл, мы з радасьцю ставім Ваш здымак, нягледзячы на тое, што ён часткова паўтарае папярэдні. Нам даспадобы Ваша думка, што быць побач гістарычнага нацыянальнага сьцяга ў Дзень волі роўна душэўнаму ўздыму. У Вас атрымалася вельмі шчырае, душэўнае «сэлфі».
Дайсьці да Незалежнасьці, да Беларусі. У вянок памяці Нілу Гілевічу
Воля Дольная-Валошка вяртаецца да тэмы Памяці Ніла Гілевіча, зь якім незалежная Беларусь разьвіталася ў жальбе, але з надзеяй паэта: «І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі».
Яна піша: «Балесны смутак разьвітаньня паціху саступае нашай памяці і вернасьці яго запаветам. Можа, ніхто так апошнім часам не наказваў берагчы сваю родную мову, шанаваць яе і любіць, як ён, Ніл Сымонавіч, мой настаўнік і выкладчык. Аднойчы, падчас даўняй тэлефоннай размовы ён нават прасьпяваў мне. Гэта быў вялікі цуд. Бо гаварылі мы на шчырай даверлівай ноце, прасякнутыя адной любоўю да роднай мовы, роднай зямлі і песьні — я, вясковая настаўніца, і ён, ужо народны паэт, зьбіральнік і знаўца фальклору. Штогод, на Дзяды і ў Дзень роднай мовы я вешаю расьцяжку-плякат над уваходам у школу, зроблены з вучнямі, — пра гэта і мой сёньняшні здымак. Я старалася, каб мой плякат і фатаздымак нагадалі пра беларускую вышыванку і наш гістарычны неўміручы сьцяг».
Дайсьці да Незалежнасьці, да Беларусі, можна толькі дзякуючы моўнай спадчыне і продкам, якія яе зьбераглі-захавалі. Дзякуй, Ніл Сымонавіч, за Мову!
Ліст ад Арцёма Гусева. Аўтар, як можна здагадацца, чалавек малады (пра сябе напісаў зусім мала), гэта адчуваецца зь ягоных адлюстраваньняў. Два сюжэты, адзін зь іх Арцём прысьвячае Паэту. Ён піша: «Падтрымліваю ідэю адной з удзельніц конкурсу, дасылаю сваю фатавэрсію і прысьвячэньне. Сьветлая памяць Вам, Ніл Сымонавіч!».
Незалежнасьць — гэта... калі Памяць не маўчыць.
На мой погляд, Арцём, Ваш здымак — несумненная ўдача. Добрая рэжысура, сьвятло, антураж — усё вельмі клясна працуе на тэму, пад гэты кадр можна чытаць шмат лірычных радкоў, і яны ня будуць спрачацца з вобразам, наадварот, фатавобраз будзе дапаўняць паэтычнае слова. Шчыра віншую!
Яшчэ адзін здымак ад Арцёма Гусева, яшчэ адна ягоная фатавэрсія.
«Хто ня мае патрэбы ў чужым, але жыве незалежна, той багацейшы за ўсіх» — так казаў Іаан Златавуст. Мне здаецца, што адна з праяваў Незалежнасьці выяўляецца тады, калі твая асабістая свабода непадуладная і недатыкальная і не залежыць ад амбіцыяў палітычных лідараў. Здымак быў зроблены напярэдадні Дня археоляга, каб падтрымаць нашых украінскіх сяброў-навукоўцаў. Мы зычылі ім свабоды, спакою на іхняй зямлі, мірнага неба і перамогі».
Незалежнасьць — гэта... ня мець патрэбы ў чужым, але быць незалежным.
Ліставаньне
Форум конкурсу, 2 Чыньнік. Вы напісалі: «...Лепш было б, каб вядучы скіроўваў на нейкія тэмы, больш падказваў.. 25 гадоў — лавіна часу, на чым засяродзіцца?» Азірніцеся на сваё, на свой досьвед, на свае вобразы і каштоўнасьці. Гэта, бадай, найлепшая падказка. Глядзіце таксама нашу галерэю, чытайце, разважайце — і дасылайце. Жадаю посьпеху.
Да наступнай суботы, сябры! Нагадаю, апошнім днём, каб патрапіць у чарговую, суботнюю галерэю, выбірайце сераду. Убачымся!