Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падводзім вынікі другога тыдня фатаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...»


Фота Аляксея Хадыкі
Фота Аляксея Хадыкі

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com ​

З аглядам фатаскрыні другога тыдня вядучы Валер Дранчук.

Удзельнікі:

Вольга Дайлід

Воля Дольная-Валошка

Ігар Матвееў

Ільля Копыл

Аляксей Хадыка

«Каб лугі зазелянеліся, нашы нівачкі адзеліся»

На пачатак два здымкі Вольгі Дайлід — з тэмай праваслаўнага Дабравешчаньня, што прамінула на тыдні (7 красавіка) і ляканічнай аўтарскай фармулёўкай:

Незалежнасьць — гэта... вера ў Бога.

КРЫЖ КАЛЯ СЫНКОВІЦКАЙ ЦАРКВЫ-КРЭПАСЬЦІ. Вёска Сынковічы Зэльвенскага раёна.
КРЫЖ КАЛЯ СЫНКОВІЦКАЙ ЦАРКВЫ-КРЭПАСЬЦІ. Вёска Сынковічы Зэльвенскага раёна.

Ураўнаважанасьць сьвятлацені ў летнім сюжэце падкрэсьлівае і асаблівасьці навакольнага краявіду: зь лёгкай смугой раўнінная далеч, лугі, палявыя дарогі, прысады і скрыжаваньні, куды, бадай, зусім ня ўпісваюцца сілюэты камунікацый ды новых індустрыяльных пабудоваў у суседзтве зь велічным помнікам (што, бадай, ня ёсьць віной аўтара).

Другі фатаздымак ня менш ляканічны па форме і зьмесьце.

Незалежнасьць — гэта... нацыянальнае адзеньне

Экспанаты Палескага краязнаўчага музэю ў Пінску
Экспанаты Палескага краязнаўчага музэю ў Пінску

Адчуваецца стыль і стрыманая манера аўтаркі. Хай сабе другі здымак не назавеш бездакорным адносна выкладу рарытэтных прадметаў, ён мог быць больш прадуманы і старанны. У цэлым жа фармат сюжэтаў-вобразаў варты ўвагі і добрага слова. Шкада, Вольга не прадставілася: дзе жыве, чым займаецца. Журналіст, краязнаўца, настаўніца? Спадзяёмся на працяг знаёмства.

«І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі». У вянок памяці Ніла Гілевіча

Воля Дольная-Валошка, якая дэбютавала тыдзень таму з прпановай цыклю памяці Ніла Гілевіча, гэты раз напісала: «Хачу быць пасьлядоўнай. Мне вельмі дарагі Паэт, які адышоў. Чуюцца ягоныя вершы. Гучыць іхны сьпеў. Шмат радкоў Ніла Сымонавіча я вывучыла напамяць, у тым ліку раньніх. „Паклон табе, мой беларускі краю, Ты — мой, я — твой адроду і навек...“. Яшчэ — пра Айчыну, зь вянка санэтаў: „Мне да цябе заўсёды шлях кароткі...“. У вянок Памяці дасылаю вось гэты фатаздымак. Калі яго перакласьці на зялёна-летні лад, ён ураз ажыве шчымлівай мэлёдыяй вядомай песьні».

ДАРОГА Ў ПРЫСАДАХ. МІНШЧЫНА. 2011
ДАРОГА Ў ПРЫСАДАХ. МІНШЧЫНА. 2011

Тэму памяці Ніла Гілевіча я хачу падтрымаць нечакана рэдкасным фатафактам з сацыяльных сетак. Гэта, мабыць, той самы выпадак, калі абысьці яго было немагчыма. На разьвітаньні з паэтам у Петрапаўлаўскай царкве гучалі цымбалы. Аўтар здымка (і цэлай падборкі) — адзін з маіх сябраў у фэйсбуку Мікола Лавіцкі. На ўвагу і запрашэньне да конкурсу спадар Мікола адказаў сьціпла, маўляў, здымак ня мае конкурснай адметнасьці. «Калі падабаецца і на карысьць, калі ласка, буду рады». Мне ж падалося дарэчным і трапным, а па-свойму і драматычным, месца цымбалаў у разьвітальным чыне-вянку Народнаму паэту. Сябар Алесь Станкевіч пракаментаваў гэта так: «Тут, пад скляпеньнямі храма, ці ня ў першы раз цымбалаў гук працяў ўсіх нас, і быў ён вельмі адпаведны асобе, чыну ў час заветны...» Іншы наведнік сетак выказаўся ня менш выразна: «Глыбокая драматычная нота, вечны сьпеў на Сьветлую Векавечнасьць...»

РАЗЬВІТАЛЬНЫ СЬПЕЎ. Гучаць цымбалы пад скляпеньнямі Петрапаўлаўскага храма падчас разьвітаньня зь Нілам Гілевічам. Красавік 2016
РАЗЬВІТАЛЬНЫ СЬПЕЎ. Гучаць цымбалы пад скляпеньнямі Петрапаўлаўскага храма падчас разьвітаньня зь Нілам Гілевічам. Красавік 2016

Месца, дзе стаіць Барыс Хамайда, стала сымбалем беларускай незалежнасьці

Ігар Матвееў зь Віцебска:

«На конкурс прадстаўляю сэрыю фатаздымкаў вядомага ў Беларусі дэмакратычнага актывіста Барыса Хамайды, — піша нам віцебскі аўтар, вольны фатограф Ігар Матвееў. — Гэта чалавек, які сімвалізуе сабой свабоду асобы, незалежнасьць думкі і ўласнай грамадзкай пазыцыі. На працягу 20 гадоў — а гэта блізка, як існуе незалежнасьць краіны — кожны працоўны дзень у любое надвор’е ён прыязджае ў цэнтар Віцебска (сам жыве на ўскраіне) да так званага „сіняга дома“ і прадае тут незалежную прэсу. Такога кутка свабоды пад бел-чырвона-белым парасонам ды іншай гістарычнай, нацыянальна-духоўнай, незалежніцкай атрыбутыкай няма больш, напэўна, нідзе ў Беларусі. За правядзеньне „несанкцыянаваных пікетаў“ яго безліч разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі. А ён усёадно не сыходзіць. Месца, дзе нясе сваю варту Барыс Хамайда, стала ўжо адным з сымбаляў ня толькі Віцебска, але і беларускай незалежнасьці».

Прыемная рэч — адна справа пачуць пра цікавага, тым больш па-свойму легендарнага дэмакратычнага актывіста і тут жа пераканацца ў гэтым з добрай фатаграфіі, напрыклад, разгледзець працоўнае месца Барыса Хамайды ў дэталях і падрабязнасьцях, якія заўважыў аўтар фатаздымка.

Барыс Хамайда, 2016
Барыс Хамайда, 2016

Барыс Хамайда, 2016
Барыс Хамайда, 2016

Барыс Хамайда, 2016
Барыс Хамайда, 2016

Міжволі думаеш: на жаль, небагата бачым у той жа незалежнай прэсе вось такіх заўзятараў беларушчыны, ціхіх, але цягавіта старанных аратых нашай нацыянальнай нівы на вуліцах, сярод людзей, штодня, цягам будняў. Выбар героя-актывіста, хай сабе й вядомага ў беларускіх дэмакратычных колах (як жа, 20 гадоў на сваім рубяжы!), варты добрага слова і фатаграфіі. Партрэт у Ігара атрымаўся вобразна запамінальным, цікавым. Чакаем ад яго новых знаёмстваў. Далучайцеся!

Яшчэ адно знаёмства — Ільля Копыл:

«Мне 82-i год, і я доўга вагаўся — удзельнiчаць у фатаконкурсе цi не...»

Аўтар чарговага ліста і фатаздымка — ён жа на фота і сам, гэткае «сэлфі» — чалавек, якога таксама ведаюць многія, прынамсі, хто глядзіць дэмакратычную прэсу або слухае незалежнае радыё. Маючы назапашаны досьвед, Ільля Копыл сьведчыць сваю праўду, якую вызнае і адстойвае. У лісьце на фатаконкурс ахвотна распавядае пра сябе (дарэчы, гэта і наша прапанова, нават просьба — пачувацца бліжэй, даверыць сёе-тое са сваёй біяграфіі, распавесьці цікавую гісторыю, сказаць пра запаветнае і гд.).

«Нарадзiўcя я на Бягомельшчыне, — піша Ільля Копыл. — У часе Другой сусьветнай выжывау ва ўмовах акупацыi. З 1944 па 1954 — вучоба ў школе. Паступiў y Мiнскую артмiнамётную вучэльню. Затым Растоўскае вышэйшае камандна-iнжынэрнае вучылiшча ракетных войскаў стратэгiчнага прызначэньня і служба ў Савецкай Армii. Працаваў на iнжынэрных пасадах на адным з мiнскix прадпрыемстваў, у вайсковым прадстаўніцтве. У 1990 «прабіваўся» ў дэпутаты Мiнскага гарсавету. Перадвыбарчую агiтацыю правёу пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, у выніку з 6 кандыдатаў быў трэці. У лineнi 2003 на хвалях Радыё Свабоды прагучаў мой лicт «Сувэрэнiтэт — гэта...» А потым яго надрукавала «Народная Воля». Сувэрэнiтэт i Незалежнасьць — катэгорыi амаль аднолькавыя. Таму я вазьму з таго лicта адзiн абзац:

«Незалежнасьць — гэта... калi ў кpaiне паважаецца гiстарычная сымболіка: Бел-Чырвона-Белы Сьцяг i Герб Пагоня, якiя маюць сямiвекавую гiсторыю. Гэта калi я маю права карыстацца гэтай сымболікай у сьвяточныя днi, на спартыўных мерапрыемствах, на апазыцыйных акцыях, нават калi cучасная дзяржаўная сымболіка не такая. Гэта калi за карыстаньне гiстарычнай сымболікай мяне нixто ня мае права прэсынгаваць — затрымлiваць, судзiць, штрафаваць, абражаць...»

ПАД СЬЦЯГАМ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. Я — Iльля Копыл — на фоне Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. 2010
ПАД СЬЦЯГАМ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. Я — Iльля Копыл — на фоне Бел-Чырвона-Белага Сьцяга. 2010

Цудоўна, спадар Копыл! І дзякуй Вам! Гляджу на фотапартрэт, і Ваша сумненьне — удзельнічаць у фатаконкурсе або не — выглядае крыху рытарычным. Дасланыя здымкі, зь якіх я выбраў лепшы, ані не пакідаюць спрэчных адчуваньняў: хто ведае Вас, чытаў або слухаў, хацеў бы бачыць Вас не адно перакананым патрыётам, а такім жа маладым і стылёвым, па-грамадзянску актыўным доўгія гады.

Аляксей Хадыка: з хронікі розных гадоў

Мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка выклаў фатакадры з хронікі розных гадоў. Цікава. Чакаем новых Вашых фатавэрсій, спадар Аляксей.

СЬЦЯГ. Незалежнасьць — гэта... калі прадпрымальнікі падымаюць нацыянальныя сцягі. Мітынг прадпрымальнікаў у студзені 2010: ці не ўпершыню не палітыкі і апазыцыя, а бізнэсоўцы паднялі нацыянальныя сымбалі на перамены. Менск, 2010.
СЬЦЯГ. Незалежнасьць — гэта... калі прадпрымальнікі падымаюць нацыянальныя сцягі. Мітынг прадпрымальнікаў у студзені 2010: ці не ўпершыню не палітыкі і апазыцыя, а бізнэсоўцы паднялі нацыянальныя сымбалі на перамены. Менск, 2010.

СОН ВАЙНЫ. Незалежнасьць — гэта... калі скончыліся войны і наступіў мір. Двор былога музэю Вялікай Айчыннай вайны. Менск, 2012
СОН ВАЙНЫ. Незалежнасьць — гэта... калі скончыліся войны і наступіў мір. Двор былога музэю Вялікай Айчыннай вайны. Менск, 2012

СЬВЯТЫ КАМЕНЬ. Незалежнасьць — гэта... калі ствараюцца нацыянальныя і прыватныя музэі і адраджаецца нацыянальная царква. Айцец Леанід Акаловіч асьвячае памятную дошку ў гонар заснавальнікаў БНР. Музэй Алеся Белага ў Старых Дарогах, сакавік 2004.
СЬВЯТЫ КАМЕНЬ. Незалежнасьць — гэта... калі ствараюцца нацыянальныя і прыватныя музэі і адраджаецца нацыянальная царква. Айцец Леанід Акаловіч асьвячае памятную дошку ў гонар заснавальнікаў БНР. Музэй Алеся Белага ў Старых Дарогах, сакавік 2004.

ВЯСНА НА ПАЛЕСЬСІ. Незалежнасьць — гэта... калі з раю вяртаюцца птушкі і прыходзіць нарэшце сапраўдная вясна. 2008.
ВЯСНА НА ПАЛЕСЬСІ. Незалежнасьць — гэта... калі з раю вяртаюцца птушкі і прыходзіць нарэшце сапраўдная вясна. 2008.

Сьвятло на сьвятло. 5 здымкаў ад вядучага

З Палесься-2008 я запрашаю на родную Стаўпеччыну-2016, дзе ў наднёманскіх лугавінах зацьвіў белакапытнік — адвечна мужная кветка, поўная волі не скарацца перад сьцюжамі ды халадамі, рушыць насустрач сьвятлу і свабодзе. І ў рэшце рэшт — перамагаць. Я гэта сьведчу, назіраючы кветку з 1998 года. У народзе называная «цар-травою», расьліна праз наступствы мэліярацыі трапіла ў Чырвоную кнігу, а зараз паціху ды пасьпяхова аднаўляецца...

Ліставаньне

Форум конкурсу, AWA. Вы напісалі: «Някепска было б паралельна правесьці і конкурс слоганаў „Незалежнасьць — гэта...“, як тэкстаў да фотавыяваў». Ідэя цікавая. Дасылайце, разгледзім.

Да наступнай суботы, сябры! Нагадаю, апошнім днём, каб патрапіць у чарговую, суботнюю галерэю, выбірайце сераду. Убачымся!

Глядзіце фота з папярэдняга тыдня ТУТ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG