12 красавіка народны дэпутат Украіны Ігар Гузь разам зь беларускімі добраахвотнікамі байцом Тактычнай групы Беларусь пры «Добраахвотніцкай Украінскай арміі» Янам Мельнікавым і Ільлёй Хрэнавым з палка «Азоў» правялі брыфінг ў сьценах Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Ігар Гузь зьвярнуўся да кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы і праваахоўных органаў з патрабаваньнем не выдаваць дазвол на экстрадыцыю замежных грамадзян, якія ваявалі за Ўкраіну на Данбасе. Дэпутат адзначыў, што нядаўна ў бацькоў беларускіх добраахвотнікаў прайшлі ператрусы, на іх сем’і працягваецца псыхалягічны ціск. Паводле дэпутата, «беларускі КДБ і сам Лукашэнка хочуць і спрабуюць паўплываць на ўкраінскую ўладу, каб вярнуць добраахвотнікаў у Беларусь, а там адпаведна іх чакаюць суды».
Народны дэпутат паведаміў, што ён з калегамі ў парлямэнце ініцыюе падачу законапраекта пра мараторый на экстрадыцыю грамадзян замежных дзяржаў, якія ваявалі за Ўкраіну. «Гэта — прынцыповае пытаньне, і мы павінны абараніць хлопцаў, якія рызыкуюць жыцьцём за цэласнасьць і сувэрэнітэт украінскай дзяржавы. Многія зь іх страцілі там жыцьцё. І што атрымліваецца? Наша дзяржава пагражае добраахвотнікам пайсьці на супрацоўніцтва з „карнымі“ органамі Рэспублікі Беларусь і „здаць“ гэтых хлопцаў у турму. Прашу кіраўніцтва дзяржавы „ня граць у такія гульні“. У бліжэйшы час мы ўнясём адпаведны законапраект у Вярхоўную Раду», — заявіў дэпутат.
Ян Мельнікаў распавёў, што ён на фронце ад самага пачатку ваенных дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, ваяваў за Краснаармейск і Аўдзееўку. «Дзякуючы нам, гэтыя гарады засталіся ўкраінскімі. Затым быў у „гарачых кропках“ у вёсках Пескі і Белакаменка. Мы прыехалі на дапамогу брацкаму народу. Мы разумеем, што сёньня Ўкраіна, якая ўзяла на сябе ўдар, адстойвае ня толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы ўсёй Усходняй Эўропы. Мы змагаемся на ўкраінскім баку, адстойваючы свабоду Беларусі. Але цяпер падвергліся рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў».
Ільля Хрэнаў, інструктар палка «Азоў» дадаў: «Такіх як мы, шмат у іншых добраахвотніцкіх батальёнах. Просім дапамогі ва ўкраінскіх уладаў у стварэньні легалізаванага дабравольніцкага батальёну, дзе будуць сабраныя ўсе замежныя добраахвотнікі, якія прыехалі бараніць цэласнасьць і сувэрэнітэт украінскай дзяржавы».
4 красавіка Палата прадстаўнікоў Беларусі ўнесла зьмены ў заканадаўства краіны да артыкула «наёмніцтва». Калі раней законам наймітамі лічыліся людзі, якія за ўдзел у вайне ў іншай краіне атрымлівалі грошы, то цяпер наёмнікамі могуць быць прызнаныя і людзі, якія ваявалі не за грошы, а па ідэйных матывах.
Паводле прэс-службы Ігара Гузя.