Брэжнеў і Пуцін: дзьве эпохі застою

50 гадоў таму на XXIII зьезьдзе КПСС Леаніда Брэжнева абралі генэральным сакратаром ЦК КПСС (да гэтага пасада лідэра КПСС і, адпаведна, усяго СССР, называлася — першы сакратар; Брэжнеў займаў яе з кастрычніка 1964 году).

Брэжнеўскае кіраваньне называюць эпохай застою: запаволіўся рост эканомікі, не хапала прадуктаў харчаваньня, прагрэсіўныя рэформы былі згорнутыя. Акрамя таго, СССР падсеў на «нафтавую іглу»: за 18 гадоў кіраваньня Леаніда Брэжнева выручка ад экспарту нафтапрадуктаў павялічылася ў 20 разоў, а трацілі яе на імпартныя прадукты і гонку ўзбраеньняў. Як лічаць многія гісторыкі і эканамісты, падобныя зьявы характэрныя і для сёньняшняй Расеі.

Спэцыяльна для «Радио Крым. Реалии» доктар гістарычных навук Станіслаў Кульчыцкі правёў паралелі паміж дзьвюма эпохамі застою. Сваімі думкамі ён падзяліўся падчас праграмы, якую правёў Віталь Портнікаў.

Наколькі эканоміка пуцінскай Расеі падобная на эканоміку брэжнеўскага СССР?

Так, безумоўна, яны падобныя, але ёсьць істотнае адрозьненьне. Справа нават ня ў тым, што Расея менш за СССР па плошчы і не ўключае ў сябе нацыянальныя «саюзныя» рэспублікі, не ў адсутнасьці камуністычнай ідэалёгіі — а ў сыравінных магчымасьцях. У Расеі грошы ад продажу нафты трацяцца па-іншаму. Усё ж такі СССР быў больш-менш самадастатковай краінай. Усё неабходнае, якое адсутнічала, вядома, можна было набываць за мяжой. Цяперашняя Расея ў гэтым сэнсе нагадвае сыравінную пачвару з страўнікам, вывернутым вонкі — у бок краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Сёньняшняя Расея вельмі мала вырабляе.

Чаму Расея ня можа зараз напружыць сілы і стаць самадастатковай?

Што брэжнеўская Расея, што пуцінская — істотна адстаюць ад астатняга сьвету тэхналягічна. Гэтае адставаньне адчувалася яшчэ падчас Другой сусьветнай вайны. Пасьля яе ўвесь сьвет перайшоў у постіндустрыяльную эпоху, а СССР проста ня здолеў гэтага зрабіць. Плянавая, камандная эканоміка пасавала для здабычы і экспарту сыравіны, але не для стварэньня чагосьці новага. Большасьць заводаў у СССР будавалі замежнікі, нават у хрушчоўскія часы. Рана ці позна гэта павінна было адбіцца. Сучасная Расея не пераадолела гэтае адставаньне, а толькі пагоршыла яго.

Брэжнеўскі СССР быў інфармацыйна закрытай краінай, пуцінская Расея — наадварот. Гэта на нешта ўплывае?

Як мы бачым, па факце — не істотна. Краіна сапраўды гэтак жа замкнёная на сабе: цяпер многія людзі перакананыя, што сілу Расеі прызнаюць ва ўсім сьвеце, што яна нясе яму асаблівы пасыл. У СССР пераважалі ідэі інтэрнацыяналізму, цяпер — імпэрыялізму.

Якая роля ідэалёгіі ў СССР і ў Расеі?

У часы Леаніда Брэжнева ідэалёгія ўжо мала каго цікавіла. «Маральны кодэкс будаўніка камунізму» таго часу быў фактычна сьпісаны зь біблейскіх ісьцін. Брэжнеўская эпоха — гэта ўжо лібэралізавалі камуна-сацыялізм. Сучасная Расея — капіталістычная дзяржава без ідэалёгіі, акрамя патрыятызму, які на выхадзе дае абстрактны імпэрыялізм.