Арсень Яцанюк сышоў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Ўкраіны

Кіраўнік ураду Арсень Яцанюк абвясьціў аб сваёй адстаўцы. Пра гэта прэм’ер заявіў у сваім звароце, які быў апублікаваны 10 красавіка.

«Парлямэнцкая фракцыя Блёка Пятра Парашэнкі вылучыла на пасаду кіраўніка ўраду Ўладзіміра Гройсмана. Зрабіўшы ўсё для стабільнасьці і пераемнасьці курсу заяўляю пра рашэньне перадаць абавязкі кіраўніка ўраду Ўкраіны», — заявіў Яцанюк.

Ён дадаў, што «рэйтынг — справа пераменная», а фракцыя «Народнага фронту» на працягу двух гадоў «прадэманстравала адзінства, адказнасьць за словы і здольнасьць прымаць складаныя рашэньні».


«Зь сёньняшняга дня бачу свае задачы шырэй, чым паўнамоцтвы кіраўніка ўраду: новае выбарчае заканадаўства, канстытуцыйная рэформа, судовая рэформа, кааліцыйны кантроль за курсам новага ўраду, міжнародная падтрымка Ўкраіны і яе сяброўства ў ЭЗ і НАТА - частка маёй праграмы", — заявіў Яцанюк.

У лютым у Вярхоўнай радзе была зроблена спроба вынесьці вотум недаверу ўраду, аднак не ўдалося сабраць дастатковай колькасьці галасоў для прыняцьця такой пастановы.

Сярод кандыдатураў на пасаду прэм'ера СМІ называюць сьпікера парлямэнта Уладзіміра Гройсмана, міністра фінансаў Натальлю Яреську і мэра Львова Андрэя Садовага.

Арсень Яцанюк стаў міністрам эканомікі ў 2005 годзе, пазьней быў міністрам замежных справаў, старшынёй парлямэнта і дэпутатам. У канцы 2013 года стаў адным з прадстаўнікоў Эўрамайдану, у лютым 2014 года, пасьля ўцёкаў прэзыдэнта Віктара Януковіча, узначаліў урад.