Праваабаронцы і актывісты зьбіраюць сродкі на дапамогу Ірыне Моцнай і Алесі Садоўскай

Вечарыну салідарнасьці са шматдзетнай маці з Клімавіцкага раёну Ірынай Моцнай і Алесяй Садоўскай з Маладэчна правялі на сядзібе БНФ з ініцыятывы аргкамітэту БХД. Праваабаронцы і актывісты абвясьцілі збор сродкаў на дапамогу гэтым жанчынам, у якіх адабралі дзяцей і зьмясьцілі за краты па надуманых, як лічаць праваабаронцы, прычынах. Акрамя грошай зьбіраюць кнігі, якія можна будзе даслаць у Гомельскую жаночую калёнію для Ірыны Моцнай.

Шматдзетная маці Ірына Моцная ў 2014 годзе была асуджаная на 4 гады паводле абвінавачаньня ў пазбаўленьні свабоды чалавека. Гэтак суд ацаніў дзеяньні Ірыны Моцнай, якая спрабавала, як яна цяпер кажа, уратаваць сваю сямʼю «ад разбуральных дзеяньняў мясцовых чыноўнікаў». Пра сытуацыю Ірыны Моцнай апавёў сустаршыня БХД Павал Севярынец:

«Быў час, калі прыёмны дом, якім кіравала Ірына Моцная, лічыўся ў Клімавіцкім раёне ўзорным, а мясцовыя ўлады ўсяляк ім пахваляліся перад абласным начальствам. Але калі Ірына пачала патрабаваць ад чыноўнікаў сапраўднай увагі і дапамогі яе дзецям, што трэба было па законе, пачаўся канфлікт. Гэта складаная і драматычная гісторыя, але вынік такі, што цяпер Ірына ў калёніі, нядаўна ёй адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, дзяцей у яе адабралі, муж скончыў жыцьцё самагубствам. Як жыць, за што чалавеку трымацца? Мы вырашылі дапамагчы гэтай жанчыне, аказаць ёй маральную і матэрыяльную падтрымку, бо беларусы мусяць быць салідарнымі», — паведаміў Павал Севярынец, які лічыць, што Ірына Моцная стала ахвярай карумпаваных чыноўнікаў Клімавіцкага раёну.

Павал Севярынец

У прадавачкі з Маладэчна Алесі Садоўскай — свая гісторыя, але шмат у чым падобная, бо тут таксама канфлікт простага чалавека з уладай, якую ў дадзеным выпадку прадстаўляе мясцовая міліцыя. Пра лёс Алесі Садоўскай апавяла ўдзельнікам вечарыны салідарнасьці рэжысэрка дакумэнтальнага кіно Вольга Мікалайчык.

«Жыла маладая жанчына сваім жыцьцём, працавала ў краме, мела 7-гадовую дачку, як у яе скралі мабільны тэлефон. Пайшла ў міліцыю з заявай, каб знайшлі злодзеяў, а тыя адфутболілі. Аказалася ўпартай, не саступіла, не змаўчала, пачала скардзіцца і нарвалася ўжо на рэальныя зьдзекі з боку міліцыянтаў. Зноў не сьцярпела, і тады ўжо адбыўся сурʼёзны канфлікт зь міліцэйскім начальнікам. У выніку апынулася ў „Навінках“ на псыхіятрычнай экспэртызе, хаця ў прыватных размовах лекары прызнаюць, што яна цалкам здаровая, але насуперак міліцыі дзейнічаць ня могуць. Цяпер Алеся перад выбарам, якому не пазайздросьціш. Калі адмовіцца ад экспэртызы, пагражае суд за хуліганства, бо ўдарыла жаночай сумкай міліцыянта. Калі на экспэртызу пагадзіцца — могуць зрабіць сапраўднай „варʼяткай“, у нас гэтая тэхналёгія адпрацаваная. Таму патрэбна дапамога адваката, патрэбна проста наша чалавечая салідарнасьць і маральная падтрымка», — заклікае Вольга Мікалайчык.

Вольга Мікалайчык — першая справа

Сродкі на дапамогу Ірыне Моцнай і Алесе Садоўскай прымаюць у менскай сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага.