Некалькі апошніх гадоў Барыс Кіт жыве ў доме састарэлых у нямецкім Франкфурце-на-Майне. Пасьля пералому шыйкі бядра ён перанёс апэрацыю, здольнасьць хадзіць не вярнулася, ён езьдзіць на інвалідзкім вазку.
Напярэдадні 106-га дня народзінаў карэспандэнту Свабоды ўдалося пагутарыць з Барысам Кітом праз тэлефон.
— Барыс Уладзімеравіч, найперш скажыце, як вы сябе пачуваеце, як здароўе?
— Здароўе моцна пагоршылася, але яшчэ ёсьць трохі. Я асабліва ня рухаюся, сяджу ў хаце. Не магу хадзіць, карыстаюся возікам. А апекуюцца мною тут нармальна...
— Умовы ў вашым доме-інтэрнаце вам падабаюцца?
— Ужо цяжка сказаць, што мне нешта падабаецца, бо я ўжо стаю на канцы свайго жыцьця і хутка мяне ўжо ня будзе...
— Як будзеце адзначаць 106 гадоў?
— Людзі будуць званіць, можа, хто-небудзь зойдзе, як заўсёды, буду вельмі рады, калі я яшчэ каго-небудзь цікаўлю... 106 гадоў — гэта вялікі ўзрост. У мінулым я шмат разоў думаў, што памру ўжо. Але не памёр... Я сядзеў у страшэннай нямецкай турме і паміраў штодня, 30 дзён сядзеў у турме ў Глыбокім. Кожны дзень паліцыя забірала ад нас з такой ямы на расстрэл 25 чалавек, 5 заставалася, і я сярод іх. І так 30 дзён, 30 разоў чакаў сьмерці. Але Бог, відаць, не хацеў маёй сьмерці. Трэба сказаць, што мяне тады выратаваў Кастусь Касяк, які пайшоў да нямецкага гэбітскамісара і дамогся майго вызваленьня праз 30 дзён у турме. Ён быў маім вучнем у Наваградзкай беларускай гімназіі, добрым вучнем. І многім беларусам ён тады дапамог вызваліцца зь нямецкіх турмаў. Але калі прыйшлі бальшавікі, то першым яго павесілі...
— Барыс Уладзіміравіч, якія маеце навіны ад вашай сям’і?
— Ёсьць навіны. У маёй унучкі месяц таму нарадзілася другое дзіця, хлопчык. Яшчэ адзін праўнук. Гэта прыемная навіна. Уся мая сям’я жыве ў Амэрыцы, раскіданая па ўсіх канцах... А нядаўна памерла мая былая жонка Ніна Корсак, пахаваная ў Вашынгтоне. Такія навіны.
— Якія маеце кантакты зь Беларусьсю, зь беларусамі? Землякі звоняць, заходзяць?
— Ціха звычайна, ніхто не прыходзіць. Можа, заўтра, у дзень майго нараджэньня, будуць тэлефанаваньні.
Апошніх навінаў зь Беларусі Барыс Кіт ня ведае, ня мае магчымасьці сачыць. Але ён пазытыўна ацаніў, што летась у Беларусі выпусьцілі палітвязьняў, што ў грамадзтве стала больш запатрабаваная беларуская мова:
«Цешуся гэтаму, бо Беларусі належыць свабода».
У чаканьні віншаваньняў і зычэньняў з нагоды 106-годзьдзя Барыс Кіт выказаў і сваё пажаданьне беларускім прыяцелям:
«Маё пажаданьне адзінае: каб Беларусь стала свабоднай ад усялякіх непатрэбных рэчаў, якія апошнім часам былі».
Здымкі Барыса Кіта апошніх гадоў.
Your browser doesn’t support HTML5
Відэаінтэрвію, якое Барыс Кіт даў Свабодзе на сваё стагодзьдзе ў 2010-м. Зь юбілярам гутарыў Валер Каліноўскі.
Барыс Кіт дасьледаваў вадкі вадарод і распрацаваў формулу паліва, якое зрабіла магчымым гістарычны запуск Apollo-11 і высадку чалавека на Месяц. Ён аўтар манаграфіі пра ракетнае паліва, якая лічыцца ў адмыслоўцаў кананічнай, выкладчык, чые вучні пазасноўвалі ўласныя дасьледчыя школы, ганаровы доктар шэрагу амэрыканскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтаў.
Барыс Кіт быў арганізатарам беларускага школьніцтва, дырэктарам легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, арганізоўваў настаўніцкія сэмінарыі ў Маладэчне і Паставах, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладэчне. Кіта двойчы арыштоўвалі польскія ўлады, ён быў вязьнем цэнтралі СД у Вілейцы.
Ягоны лёс Васіль Быкаў вызначыў як «Цярновы шлях» — менавіта так пісьменьнік назваў кнігу сваіх гутарак з Барысам Кітом, якія запісаў у 2001 годзе, калі жыў у Франкфурце.
«Як вядома, пра Кіта напісана ўжо некалькі кніжак, у тым ліку і на беларускай мове, і ў Беларусі яны выдадзеныя. Але ўсё ж быў вельмі важны яго суб’ектыўны погляд на многія рэчы. І каб найбольш наблізіцца да гэтай ісьціны яго жыцьця, я падумаў, што патрэбна, каб загучаў яго голас — менавіта зь яго інтанацыямі, зь яго ацэнкамі, асабліва што датычыць іншых людзей, гістарычных постацяў, якія не знайшлі справядлівай ацэнкі ў гісторыі Беларусі, у мінулым Беларусі. А Кіт быў апошнім або ёсьць апошнім, хто можа засьведчыць праўду на гэты конт. І вось, калі вы чыталі яго ўспаміны, там ёсьць шмат пэрсанажаў, і ацэнка, якая даецца ім, яна абсалютна іншая, чым ужо ўсталяваная ў беларускай нацыянальнай гісторыі», — сказаў Быкаў у інтэрвію Аляксандру Лукашуку для Радыё Свабода.
У гутарках з Быкавым Барыс Кіт прыгадвае пра Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча, Натальлю Арсеньеву, Вінцэнта Гадлеўскага, Радаслава Астроўскага.
«Лёс мне даў магчымасьць жыць на Беларусі толькі 20 год, — сказаў Барыс Кіт Васілю Быкаву. — Але ўсе тыя беларускія дзеячы, што прайшлі каля мяне, засталіся вельмі для мяне пашаноўныя. Яны прысьвяцілі сваё жыцьці барацьбе за беларускую справу. Беларусь жыве і будзе жыць заўсёды».