Цыганы

Алег Дашкевіч

Неяк зьвярнуў увагу, што на менскіх вулках стала менш цыганоў. Ледзь відаць на Камароўцы, зьніклі цёткі з залатымі зубамі каля Пяльменнай на вуліцы Даўгабродзкай, у падземных пераходах каля ЦУМу ня просяць грошай жанчыны з соннымі малымі. Наплыў на нашыя вуліцы гэтага таямнічага народу прыходзіцца на пэрыяды, калі ў паветры лунае воля й цыганы рушаць па сваіх наканаваных шляхах.

Пачатак сонечных дзевяностых, ідзем зь сябрам па парку Горкага. На лаўцы сядзіць старая цыганка.

– Эй, маладыя-красівыя, дайце руку, паваражу, – зьвяртаецца яна да нас. Я ня надта зважаю, але сябра падыходзіць. Старая глядзіць яму на руку і кажа: дарагі, чакае цябе дарога неўзабаве. Далёка паедзеш.

Мы пасьмяяліся, сябра пазалаціў цыганцы ручку, і мы рушылі далей. Праз пару-тройку месяцаў прыяцель, прадаўшы кватэру, забраўшы з сабой маці, выправіўся настала ў Сыбір.

У мяне ёсьць свая гісторыя стасункаў з цыганамі, але першы мой досьвед быў ня дужа прыемным і ледзь не зрабіўся вызначальным у маім жыцьці.

Радаўніца на менскіх Козыраўскіх могілках. Мне тры-чатыры гады, я іду ў людзкім тлуме за ручку з бабкай Аняй з могілак дадому. Бабка разам з цёткай Настай нешта актыўна абмяркоўваюць. Раптам нехта ўкліньваецца паміж мной і бабкай, пад напорам мая рука высьлізвае з бабінай далоні, па інэрцыі яна ідзе некалькі крокаў наперад, нешта тлумачачы цётцы, але мяне падхоплівае ўжо рука іншай бабкі, у чырвонай хустцы ўнакідку. Я яшчэ бачу, як пачынае спалохана азірацца мая бабуля, як губляецца ў натоўпе яе твар, але не магу выціснуць зь сябе ніякага гуку, новая рука вядзе мяне ўсё далей скрозь натоўп. Сэрца маё апаноўвае ня тое што жах, не. Нейкі глыбінны й усеабдымны сум. Час расьцягваецца. Я сваім дзіцячым розумам ці душой разумею, што адбываецца незваротнае, мяняецца мой лёс. Мне невыносна роспачна. Яшчэ трохі і… Раптам натоўп разьдзірае шалёны крык: Але-е-ег!? Людзкая плынь на сэкунду замірае, і я, нарэшце, таксама ўкладаючы ўсе свае сьціснутыя ў камяк пачуцьці, выгукаю: а-а-а!

Пакуль не падрос, мяне страшылі, што калі я буду неслухам, то мяне забяруць цыганы. З тае пары, калі яны мне сустракаюцца, я міжволі ўнутрана напружваюся.

Але досьвед мой ня цалкам адмоўны. Першая інстытуцкая бульба ў мястэчку Друя. Фантастычна вясёлая кампанія мясцовых цыганоў. Гітара, песьні, танцы, заляцаньні да нашых дзяўчынак. Праўда, прыходзілі да нас выключна хлопцы. Вечарамі, у самую суворую антыалькагольную кампанію, невядома адкуль яны прыносілі сухое віно, чым невыказна нас радавалі.

Аднойчы я нагадаў іх завадатару Эдзіку, зь якім меў даволі прыязныя стасункі, пра гісторыю на Радаўніцу і спытаў, што б мяне чакала – быць лялькай для выпрошваньня грошай?

– Не, – адказаў ён каротка. – Ты ж хлопец.

Гадоў празь дзесяць іншыя дасьведчаныя людзі патлумачылі мне, што хлопцы не для папрашайніцтва. Магчыма, у нейкага аўтарытэтнага цыгана былі праблемы з нараджэньнем хлопчыка…

Канца нашага побыту ў Друі іхная кампанія не дачакала. Прыйшоўшы разьвітацца, Эдзік на пытаньне, куды зьбіраесься, адказаў аднаскладова: у дарогу. Але пры слове «дарога» ягоныя вочы засьвяціліся. Было відаць, што падарожжа – ягоная радасьць.

Я зразумеў тады, што дом для цыгана – ня тое самае, што дом для беларуса. Яны не прывязаныя да зямлі так, як мы. Нягледзячы на добрыя падворкі, што паўсталі дзе ў Дражні, Сляпянцы альбо Паўночным пасёлку. Гэткая асаблівасьць дыктуе стыль іхнага жыцьця, унутрыкарпаратыўныя законы і своеасаблівыя паводзіны, якія часта канфліктуюць з законамі юрыдычнымі.

Неяк разважалі над лёсам цыганоў з Алесем Бяляцкім.

– Ну так, – пагаджаецца Алесь, – крымінальны аспэкт існуе. Але хіба ім дзяржава спрабавала дапамагчы? Напрыклад, наладзіць сацыяльныя праграмы? На ўладкаваньне мяжы з Эўразьвязам дзяржава грошы Эўразьвяза мае, так ёсьць эўрапейскія праграмы і для адаптацыя нац. меншасьцяў. Хай іх возьме і хоць што для цыганоў зробіць. А так, як кінулі іх, так яны й выжываюць, як могуць.

Я не спрачаюся з ягонымі аргумэнтамі, але думаю пра сваё. Пад час службы ў войску нас выпраўлялі на дапамогу мадзярскім сельскім каапэратывам. Зрэдку, праяжджаючы праз цыганскія паселішчы, якіх у Вугоршчыне было багата, я меў пачуцьцё, што апынуўся недзе ў Афрыцы. Голыя, мурзатыя дзеці. Хаты бяз шыбаў і дзьвярэй. Жанчыны ў старым адзеньні зь люлькамі. На нашае пытаньне: як яны існуюць? – Як птушкі, – аджартаваўся аграном іх каапэратыву. Наканаваньне птушак – лётаць.

Мне адразу згадаўся фільм Эміля Лацяну «Табар сыходзіць у неба». Толькі ў фільме ўсё было больш прыгожа і рамантычна. Зрэшты, кіно й ёсьць – кіно. У жыцьці рэальнасьць больш суворая. Але мэтафара з птушкамі спадабалася.

Мне цяжка сказаць, ці атрымаецца нейкім сацыяльным праграмам прызямліць гэты народ, бо пасадзіць цыганоў у клетку не ўдалося, нават у СССР, дзе мэханізмы заахвочваньня былі ня грошы й сацыяльныя выгоды, але аддзелы НКВД і ГУЛАГ.

Калісьці мы разам з абаронцам правоў цыганоў Мікалаем Калініным задумалі зрабіць кіно пра іх жыцьцё й побыт, тады не атрымалася. Але з таго часу жыцьцё рушыла наперад. Цыганы таксама мяняюцца, але як мне здаецца, не мяняецца іх мара. Як у габрэяў марай была зямля абяцаная, Ізраіль. Гэтак сэнс і матыў існаваньня цыганоў як тысячагадовае нацыі – дарога й воля. Як бы яны не жылі і якое б становішча не займалі.

P.S. Калі нехта часам згадвае пра цыганскае паходжаньне аднаго вядомага пэрсанажа, то я мала ў гэта веру. Цыган наўрад ці прамяняе волю на ўладу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.