Паліцыя распаўсюдзіла яго фотаздымак. La Derniere Heure піша, што гэта Наджым Лаашраўі, які раней ужо быў абвешчаны ў вышук у справе аб лістападаўскіх выбухах у Парыжы, якія забралі жыцьці 130 чалавек.
У панядзелак пракуроры паведамілі, што яго ДНК было знойдзена ў дамах, якія выкарыстоўваліся зламысьнікамі пры падрыхтоўцы выбухаў летась у Парыжы.
Паведамляецца, што ў верасьні ён езьдзіў у Вугоршчыну з галоўным падазраваным у справе аб парыскіх нападах Салахам Абдэсламам, затрыманым на мінулым тыдні.
Паводле апошніх зьвестак, у выніку сэрыі выбухаў у Брусэлі загінулі 34 чалавекі. У аўторак раніцай двайны выбух адбыўся ў зоне вылетаў міжнароднага аэрапорта Завэнтэм на паўночным усходзе гораду.
Праз гадзіну яшчэ адна выбуховая прылада спрацавала ў мэтро на станцыі «Маальбэк» у самым цэнтры Брусэлю, непадалёк ад некалькіх установаў Эўрапейскага зьвязу.
Адказнасьць за выбухі ў Брусэлі ўзяла на сябе экстрэмісцкая арганізацыя «Ісламская дзяржава».