Лябедзька, Рымашэўскі і Губарэвіч у Эўрапарлямэнце апранулі майкі з Саўчанкай

Беларускія апазыцыянэры прыйшлі ў Эўрапарлямэнт у майках з партрэтамі Надзеі Саўчанкі. Такім чынам яны выказалі салідарнасьць з украінскай лётчыцай і засьведчылі свой пратэст супраць расейскага суду, які прысудзіў Саўчанку да 22 гадоў зьняволеньня.

Надзея Саўчанка заявіла, што зьбіраецца пачаць галадоўку празь 10 працоўных дзён пасьля вынясеньня выраку — у выпадку калі ён набудзе моц.

Гэтымі днямі ў Брусэлі знаходзіцца дэлегацыя беларускіх палітыкаў у складзе Анатоля Лябедзькі, Аляксея Янукевіча, Уладзімера Някляева, Міколы Статкевіча, Віталя Рымашэўскага, Ірыны Вэштард, Юрася Губарэвіча, Сяргея Калякіна і Тацяны Караткевіч.

22 сакавіка ўсе яны ўзялі ўдзел у чарговым пасяджэньні працоўнай групы па Беларусі парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» (Эўранэст).