Дзяржсакратар Джон Керы пачынае ў сераду двухдзённы візыт у Маскву, у часе якога ён правядзе перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным і міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.
Галоўнымі тэмамі перамоваў павінна стаць сытуацыя ў Сырыі, пэрспэктывы мірных перамоваў паміж прадстаўнікамі сырыйскага ўраду і апазыцыі, якія ідуць у Жэнэве, і крызіс на ўсходзе Ўкраіны.
У Вашынгтоне спадзяюцца, што візыт дзяржсакратара ў Маскву дапаможа ўмацаваць супрацоўніцтва паміж ЗША і Расеяй і дадасьць шанцаў на посьпех мірных перамоваў у Жэнэве, спонсарамі якіх зьяўляюцца Вашынгтон і Масква. Аднак незадоўга да прыезду Керы ў Маскву, Расея падвергла крытыцы ЗША за адмову каардынаваць крокі па назіраньні за рэжымам спыненьня агню ў Сырыі і прыстрашыла, што яна аднаасобна будзе караць парушальнікаў перамір’я. Дзярждэпартамэнт абвясьціў, што ЗША канструктыўна супрацоўнічаюць з Расеяй у справе забесьпячэньня перамір’я, і перасьцярог Маскву ад аднабаковых дзеяньняў.
Важнай тэмай перамоваў Джона Керы ў Маскве таксама стане пагаршэньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Ён будзе заклікаць расейскае кіраўніцтва аказаць большы ціск на сэпаратыстаў з тым, каб дамагчыся ад іх выкананьня ўмоваў менскіх дамоўленасьцяў. Дзяржсакратар уздыме пытаньне пра лёс украінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанкі, прысуджанай у аўторак расейскім судом да 22 гадоў турмы. ЗША неаднаразова патрабавалі яе вызваленьня. Прэс-сакратар дзярждэпартамэнту заявіў аб тым, што на працягу амаль двух год Расея незаконна ўтрымлівае Саўчанку па абвінавачваньнях, не заснаваных на рэальных фактах.