На зьмену прэм’ер-міністру Ўкраіны Арсеню Яцанюку гатовая прыйсьці міністар фінансаў краіны Натальля Ярэська. Пра гэта яна напісала ў аўторак, 22 сакавіка на сваёй старонцы у Facebook. Кіраўнік Мінфіну ўпэўненая, што вывесьці краіну з палітычнага крызісу «можа толькі тэхнакратычны ўрад, то бок каманда „нічыіх“ людзей, якія ня маюць палітычнага мінулага, не падпарадкоўваюцца ніводнаму з алігархаў або „сяброў“ палітыкаў і ня маюць палітычных амбіцый на будучыню». Ярэська выказала гатоўнасьць сабраць вакол сябе каманду, якая будзе працаваць у інтарэсах усёй краіны, а не асобных палітычных або бізнэс-гуруп.
На думку міністра, урад павінен быць сфармаваны зь людзей зь бездакорнай рэпутацыяй, нецярпімасьцю да карупцыі і палітычнага ўмяшаньня, нежаданьнем займацца палітычнай кар’ерай, вопытам работы крызіснымі мэнэджэрамі і пасьпяховага рэфармаваньня арганізацый.
Ярэська дадала, што тэхнакратычны ўрад зможа працаваць толькі пры падтрымцы з боку Вярхоўнай Рады. Яна паведаміла таксама, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэм’ер-міністр Арсень Яцанюк прапанавалі ёй прадставіць плян па хуткаму выхаду краіны з палітычнага крызісу.
Кіраўнік Мінфіну Ўкраіны Натальля Ярэська заявіла аб гатоўнасьці стаць прэм’ер-міністрам краіны. Яна разьлічвае сабраць у Кіеве тэхнакратычны ўрад з «нічыіх» людзей.