«Надзея Саўчанка — сымбаль волі і сілы духу», — пікетоўцы пра прысуд украінскай лётчыцы

Суд у Данецку Растоўскай вобласьці прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай і асудзіў да 22 гадоў зьняволеньня. Як камэнтуюць прысуд удзельнікі пікету салідарнасьці з Саўчанкай ля расейскай амбасады ў Менску?



Мікалай Казлоў: «Прысуд Надзеі Саўчанцы — расправа над афіцэрам, патрыёткай, грамадзянкай Украіны»

«Адносна прысуду скажу тое, што праблемай Расеі і Беларусі ёсьць адсутнасьць справядлівага незалежнага суду, — дзеліцца са Свабодай удзельнік пікету ў падтрымку Надзеі Саўчанкі, грамадзкі і палітычны актывіст Мікалай Казлоў. — Прысуд Надзеі Саўчанцы — гэта расправа над афіцэрам, патрыёткай, грамадзянкай Украіны. Яна рабіла тое, што і павінна была рабіць. І я, як афіцэр, проста захапляюся яе мужнасьцю.



Я прыходжу да расейскай амбасады для таго, каб прадстаўнікі Расеі і грамадзяне Беларусі бачылі, што я пратэстую супраць таго, што Расея чыніць над украінскай патрыёткай, я пратэстую супраць расправы над ёй і супраць спробы трымаць яе ў закладніках. Я хачу, каб усе бачылі, што я — беларускі афіцэр — падтрымліваю афіцэра і патрыёта Ўкраіны Надзею Саўчанку.

Уся сытуацыя паміж Расеяй і Украінай — яна небясьпечная і для Беларусі. І тое, што нашая краіна пакуль незалежная — гэта рэакцыя ўсяго сьвету на падзеі ва Ўкраіне. І небясьпека для Беларусі застаецца».



Вольга Мікалайчык: «Надзею скралі і катуюць зьняволеньнем»

«Надзея Саўчанка — для кожнага сумленнага чалавека ў сьвеце — сымбаль змаганьня за сваю годнасьць, за вызваленьне сваёй радзімы ад акупантаў, сымбаль самаахвяраваньня, — кажа рэжысэр Вольга Мікалайчык. — Надзея Саўчанка — прафэсійны вайсковец, яна афіцэр Узброеных сіл Украіны і бараніла сваю Бацькаўшчыну, не пакідаючы яе тэрыторыі. Я проста ў захапленьні ад гэтай жанчыны — гэта самая прыгожая і самая мужная жанчына ў сьвеце. І для мяне яна — сымбаль волі і сілы духу.


Надзею скралі і катуюць зьняволеньнем, а суд над ёй — працяг сталінска-НКВД-шных працэсаў. Пасьля прыгавору да такога вялікага тэрміну мне вельмі страшна за Надзею. Я ведаю, што яе жыцьцю пагражае вельмі вялікая небясьпека, бо ведаю, як у Расеі зьнішчаюць людзей. Нам трэба яе адтуль выцягваць усімі магчымымі сродкамі. Таму мы прыходзім да расейскай амбасады, каб сказаць, што мы патрабуем вызваленьня Надзеі Саўчанкі, мы патрабуем пакінуць тэрыторыю Ўкраіны і патрабуем пакінуць нашу тэрыторыю ў Рэспубліцы Беларусь. Стоячы каля расейскай амбасады, мы хочам, каб людзі пачулі праўду. Яны сталі баяцца праўды — гэта вялікі грэх».

Алекса Кліменка: «Суд над Саўчанкай — гэта голая палітыка»

«Я ўдзельнічаю ў некалькіх пікетах у падтрымку Надзеі Саўчанкі, і ў мяне на тое некалькі асабістых прычынаў, — расказвае актывіст Алекса Кліменка. — Я рос саўком, я рос баязьліўцам і маладушным чалавекам, далёкім ад ідэй свабоды і нацыянальных ідэй. Але прыйшоў час, калі я пачаў зьмяняцца. Калі здарыўся Майдан, я гэта сустрэў зь вялікай радасьцю: падумалася — нарэшце Ўкраіна вырвецца з гэтага саўковага пекла, з гэтай неэфэктыўнай мадэлі дзяржавы. Я так радаваўся, калі Януковіч уцёк, калі Майдан сьвяткаваў перамогу, і тут раптам — вайна. Мяне гэта настолькі раззлавала, што я не магу стрымацца: як можна не даваць людзям будаваць сваё шчасьце?! Гэта ж ня ваша справа, у вас ёсьць Масква, Расея — куды і чаго вы лезеце? Не — трэба абавязкова сваімі ботамі патаптацца па чужых лёсах і жыцьцях.



Для мяне Надзея Саўчанка — гэта сымбаль Украіны, якая паўстала і якая змагаецца за сябе. І якой расейскі акупант не дае магчымасьці жыць, а імкнецца раздушыць і зьнішчыць. Таму я, безумоўна, усёй душой зь ёй. А яшчэ мяне вельмі натхняе асабовасьць Надзеі Саўчанкі, якую я вельмі паважаю і рэдка ў каго назіраю. Яна не прызнае легітымнасьць органаў, якія яе судзяць. Яна дэманстратыўна ператварае гэтае судзілішча ў фарс. Я лічу, што калі б кожны грамадзкі актывіст, палітык, праваабаронца, якіх затрымлівалі і праводзілі праз падобныя судзілішчы, паводзіў бы сябе гэтаксама, то нашы рэжымы даўно былі б дэлегімітызаваныя і абрынуліся б.

Натуральна, што суд над Саўчанкай — гэта голая палітыка, ніякай юрыспрудэнцыі там і не валялася. Гэта замова Пуціна. Пуцін гуляецца са сьветам у кошкі-мышкі і думае, што гэткім чынам зможа нешта вытаргаваць. Калі чагосьці гэткім чынам даможацца, то будзе таргавацца Надзеяй, а калі не — будзе трымаць да апошняга, пакуль самога нагамі ўперад з Крамля ня вынесуць».


Максім Вінярскі: «Прысуд Надзеі Саўчанцы — гэта ганебны цырк»

«Працэс і прысуд Надзеі Саўчанцы — гэта ганебны цырк, як і ўсе палітычныя працэсы пры дыктатурах, — лічыць удзельнік пікету ў падтрымку Надзеі Саўчанкі, актывіст Максім Вінярскі. — Гэтак адбываецца і ў Беларусі, і ў Расеі аднолькава. Толькі міжнародная салідарнасьць, у тым ліку такая, як у нас, калі людзі выходзяць і патрабуюць вызваленьня і спыненьня перасьледу, можа стварыць той ціск, які рана ці позна пераважыць і прымусіць штосьці зьмяніць у лёсе Саўчанкі.


Я таксама выйшаў на пікет у падтрымку Надзеі, каб нагадаць таксама і пра палітычных зьняволеных — грамадзян самой Расеі. Эльдар Дадзін і Даша Палюдава — таксама церпяць за сваю пазыцыю, альтэрнатыўную пуцінскай палітыцы. У тым ліку, адносна Надзеі Саўчанкі і адносна Ўкраіны.

Суд над Саўчанкай — спроба гандлю з боку Пуціна. І калі міжнародны ціск ня будзе колькасным і якасным, то Надзею ў турме могуць трымаць вельмі доўга. Таму я ёсьць на пікеце, бо салідарнасьць надзвычай важная ў гэтай справе».