Пра гэта заявілі прэзвдэнт ЗША Барак Абама і кіраўнік Дзяржсавету Кубы Рауль Кастра на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Гаване пасьля перамоваў паміж лідэрамі дзьвюх краінаў.
Прэзыдэнт ЗША прыбыў напярэдадні на Кубу з візытам, які ўжо называюць «гістарычным» — гэта першае наведваньне амэрыканскім лідэрам Кубы пасьля ўсталяваньня ў гэтай краіне ўлады Камуністычнай партыі.
У сваім выступе Абама падкрэсьліў, што адносіны паміж краінамі «ня могуць зьмяніцца за адну ноч». У той жа час ён адзначыў, што ЗША гатовыя разьвіваць з Гаванай дзелавыя сувязі. У прыватнасьці, у гэтым годзе адновяцца прамыя рэйсы амэрыканскіх авіякампаній на Кубу.
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што будучыню Кубы павінны вызначаць самі кубінцы. Пры гэтым ён адзначыў, што правы чалавека, у прыватнасьці свабода слова і сходаў, зьяўляюцца «унівэрсальнымі каштоўнасьцямі». Па паведамленьнях, напярэдадні візыту прэзыдэнта ЗША дзясяткі кубінскіх дысыдэнтаў былі арыштаваныя.
Рауль Кастра ў сваім выступе таксама заклікаў да пашырэньня гандлёвых адносін паміж краінамі. Ён заклікаў Кангрэс ЗША зьняць уведзенае больш за паўстагоддзя таму гандлёвае эмбарга, а таксама вярнуць пад кантроль Гаваны амэрыканскую ваенна-марскую базу ў Гуантанама.
Нягледзячы на істотныя рознагалосьсі ў падыходах да праблемаў дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека, Злучаныя Штаты і Куба зацікаўлены ў пашырэньні супрацоўніцтва.