У заяве, прынятай 19 сакавіка на сойме, Партыя БНФ заклікала ўрад абмежаваць плынь мігрантаў у Беларусь з Сырыі.
Паводле дакумэнту, падчас вайны ў Сырыі ў Беларусь прыбыло больш за 300 уцекачоў з гэтай краіны. Пры гэтым урад вядзе інтэнсіўныя перамовы пра «павелічэньне патоку перамяшчэньня асоб сырыйскага паходжаньня, якім прадастаўляецца жыхарства ў Беларусі».
Партыя БНФ лічыць, што дэмаграфічны крызіс у Беларусі, выезд за мяжу на працу вялікай колькасьці суайчыньнікаў, а таксама «не да канца сфармаваная нацыянальная самасьвядомасьць» беларусаў — гэта фактары, пры якіх «недапушчальнае масавае прыняцьце эканамічных мігрантаў зь іншага цывілізацыйнага кола».
Камэнтуючы гэтую заяву Партыі БНФ карэспандэнту Свабоды, праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч адзначыў, што гэта прыклад адрозьненьня палітычнай дзейнасьці ад праваабарончай:
«Бо палітыкі могуць казаць сёньня адно, заўтра іншае. А праваабаронцы заўсёды зыходзяць з аднаго прынцыпу — прынцыпу ўнівэрсальнасьці правоў чалавека.
Вядома, я такія заявы не ўхваляю, таму што калі людзі просяць прытулку ў краіне, ратуючыся ад войнаў, то яны павінны гэты прытулак атрымаць.
Зь іншага боку, гэтая праблема ў прынцыпе не актуальная для Беларусі. Цяпер 300 сырыйскіх уцекачоў не атрымалі прытулак, а ім выдаюцца меры часовай бясьпекі на год, нават не даецца статус уцекача.
У любым разе 300 чалавек — гэта ня тая лічба, з-за якой варта прымаць такога кшталту заявы. Гэта проста папулістычны крок і спроба гуляць на нейкіх фобіях, прычым фобіях чужых. Бо тое, што адбываецца ў Эўропе з уцекачамі, беларусы бачаць праз СМІ. У нас гэтых патокаў няма.
І такія заявы не спрыяюць разуменьню чалавечай годнасьці і роўнасьці. У нейкім сэнсе нават спараджаюць недавер да іншых і гуляюць не на самых лепшых чалавечых пачуцьцях. Таму такія заявы я не магу ўспрыняць як нешта належнае.
У дадзеным выпадку гэта пярэчыць прынцыпам і падыходам, якімі кіруюцца ў сваёй дзейнасьці праваабаронцы».
На пытаньне, ці гатовая Беларусь прыняць цяпер вялікую колькасьць уцекачоў, спадар Стэфановіч адказаў так:
«Якія ўмовы патрэбныя, каб чалавек мог уратавацца ад вайны?!
Галоўнае, каб былі бясьпечныя ўмовы і Беларусь прымала ўцекачоў. Беларусь жа прымае ўкраінскіх уцекачоў.
Тут у заяве робіцца акцэнт на тым, што гэта ўцекачы „зь іншага цывілізацыйнага кола“. Гэта ў нейкім сэнсе расісцкага кшталту падыходы. У Беларусі ёсьць украінскія ўцекачы, аўганцы.
Вядома, у нас тут не Нямеччына і няма вялікіх сацыяльных гарантыяў. Але гатовая ці не гатовая краіна, гэта трэба з уладамі размаўляць. Я тут больш кажу пра кантэкст, у якім прынятая такая заява».
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб сказаў, што быў зьдзіўлены заявай Партыі БНФ. Ён ня бачыць сёньня неабходнасьці прымаць такія заявы:
«Радыкальна да вырашэньня гэтых пытаньняў ставіцца ня трэба. Трэба проста з кожным выпадкам разьбірацца, што адпавядае нашаму заканадаўству ці не адпавядае. А тое, што ён сырыец, уцякач... Калі насамрэч людзі бягуць ад вайны, людзі бягуць ад сьмерці, і ня даць ім прытулак — гэта бесчалавечна. Я не магу гэта падтрымліваць.
Але каб не было махлярстваў, злоўжываньняў, парушэньняў, трэба ў кожным канкрэтным выпадку разьбірацца.
Зрэшты, я ня бачу, каб сырыйцы да нас надта імкнуліся. Яны ў Турэччыне, у Грэцыі ня хочуць жыць. Яны хочуць жыць у Заходняй Эўропе. А чым іх Беларусь можа прывабіць, я ня ведаю.
Таму я лічу, што няма гэтага пытаньня. Але ў цэлым людзям нельга таксама адмаўляць, калі яны просяць дапамогі абгрунтавана».