Калісьці блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца пакінулі пад вартай.
Кіраўніку групы кампаніяў «Трайпл» Юрыю Чыжу выстаўленае абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).
Мера стрыманьня яму засталася ранейшай — утрыманьне пад вартай, паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзьмітры Пабяржын.
Інфармацыі адносна іншых фігурантаў гэтай справы пакуль няма.
Юры Чыж быў затрыманы 11 сакавіка. Як распавёў раней старшыня КДБ Валеры Вакульчык, Чыж, даведаўшыся, што ў офісах «Трайпла» ідуць сьледчыя дзеяньні, на хуткасьці 220 км/г рушыў у напрамку дзяржаўнай мяжы. КДБ быў вымушаны задзейнічаць плян «Перахоп».