Патрыярх маскоўскі Кірыл назваў ерасьсю абарону правоў чалавека і «чалавекапаклонства»

Патрыярх Кірыл назваў ерасьсю «чалавекапаклонства» і абарону правоў чалавека. «Яны выганяюць Бога з жыцьця людзей», заявіў ён, выступаючы пасьля літургіі ў храме Хрыста Збаўцы ў сьвята Таржаства праваслаўя.

Патрыярх нагадаў, што ў Новым часе ўнівэрсальным крытэрыем ісьціны стаў чалавек і яго правы, «і пачалося рэвалюцыйнае выгнаньне Бога з чалавечага жыцьця, з жыцьця грамадзтва», і гэты рух спачатку ахапіў Заходнюю Эўропу, Амэрыку, а затым і Расею.

На думку кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы, сёньня «ў маштабах цэлай плянэты разьвіваецца ідэя жыцьця бяз Бога». У многіх «квітнеючых краінах», сьцьвярджае ён, «робяцца намаганьні законам зацьвердзіць права любога выбару чалавека, у тым ліку і самага грахоўнага».

«Сёньня, — цытуе патрыярха „Інтэрфакс“, — мы кажам аб глябальнай ерасі чалавекапаклонства, новага ідалапаклонства, якое выганяе Бога з чалавечага жыцьця. Нічога падобнага ў глябальным маштабе ніколі не было. Менавіта на пераадоленьне гэтай ерасі сучаснасьці, наступствы якой могуць мець апакаліптычныя падзеі, царква мусіць накіроўваць сілу сваёй абароны, свайго слова, сваёй думкі».