Беларускамоўны фільм, кнігі пра рускі сьвет і «жыдамасонскую» змову — абнародаваны сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Кнігі з экстрэмісцкага сьпісу прадаваліся на канфэрэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы на гэтых выходных

Афіцыйнае выданьне «Звязда» надрукавала рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, у якім больш за 50 пазыцый.

Гэта як матэрыялы, запісаныя ў электронным выглядзе (на кампакт-дысках, зьмешчаныя на пэўных рэсурсах у інтэрнэце, уключна з Youtube) гэтаксама і традыцыйныя кнігі, друкаваныя выданьні ды матэрыялы ў выглядзе марак, манэт, нагрудных знакаў.

Адкрывае сьпіс экстрэмісцкіх, а значыць забароненых матэрыялаў фільм «Урок беларускай мовы» і запіс канцэрту салідарнасьці зь Беларусьсю, які прайшоў 10 гадоў таму ў Варшаве. А далей ідзе сьпіс з 13 выданьняў гэтак званага «рускага сьвету», дзе найбольш папулярныя дасьледаваньні пра «жыдамасонскую» ўсясьветную змову ці разважаньні адносна выратаваньня Расеі. Сярод аўтараў тут першынства трымае Алег Платонаў з такімі кнігамі, як «Тайны ўсясьветны ўрад», «Загадка сіёнскіх пратаколаў» ці «Рускі супраціў». Адзначыліся таксама іншыя пісьменьнікі: Барыс Маёраў зь «Ігам юдэйскім», Філімонаў В.П. — «Час суду». Гэтыя выданьні былі прызнаныя экстрэмісцкімі ў 2009 годзе, а сёлета да іх дадаліся яшчэ 4 кнігі аўтараў Карчагіна, Бяссонава, Аўдзеева і Волахава. Апошні адзначыўся творам з назвай «Споведзь артадаксальнага паганца: нататкі разважлівага чалавека».

Наступная вялікая група забароненых матэрыялаў тычыцца гісторыі гітлераўскай Германіі і самога фюрэра Трэцяга рэйху Адольфа Гітлера. У тым ліку забароненай прызнаная ягоная кніга «Мая барацьба». Да гэтай групы варта аднесьці і інфармацыйныя матэрыялы з фашыстоўскай сымболікай.

Таксама значная група матэрыялаў, якія прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі, — гэта пэўныя ісламскія выданьні. Прыкладам, кніга Эльміра Куліева «На шляху да Карану» і яшчэ 7 назваў яго ды іншых аўтараў.

Хто і калі прымаў судовыя рашэньні пра прызнаньне таго ці іншага матэрыялу экстрэмісцкім?

Фактычна ўсе рашэньні адносна праісламскай літаратуры прымаліся ў Фрунзенскім судзе Менску.

З экстрэмізмам у выданьнях «рускага сьвету» змагаліся ў Савецкім райсудзе сталіцы.

Кнігі пра Гітлера забараняў суд у Бабруйску, а выявы фашыстоўскай сымболікі — сталічны Кастрычніцкі суд.

Аднойчы ў сьпіс трапіў Ашмянскі раённы суд, які ў 2013 годзе прызнаў экстрэмісцкім фотаальбом «Прэс-фота Беларусі — 2011», у якім былі фатаздымкі з вулічных акцый пратэсту.

Без Пазьняка. Пакуль

Алесь Чахольскі

У сьпісе не аказалася кніг Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял», напісаных Пазьняком у сааўтарстве з Валерам Буйвалам. Між тым вядома, што летась гэтыя кнігі былі арыштаваныя на мяжы, па іх таксама выносіліся судовыя рашэньні. Ад кніг Зянона Пазьняка ўлада адчапілася?

Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі паведаміў Свабодзе: «Не, яшчэ ідуць судовыя разьбіральніцтвы. На 21 сакавіка ў Берасьцейскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне Ленінскага раённага суду Берасьця, які не задаволіў пазоў да экспэртнай камісіі. Толькі тады ў Маскоўскім раённым судзе зноў пройдзе суд адносна прызнаньня кніг экстрэмісцкімі. Але збольшага сумневу ў канчатковым рашэньні мала. На жаль, у нас ёсьць Ленінскі ды Маскоўскі суды, але няма беларускага».

Экстрэмізм з дастаўкай дахаты

11-13 сакавіка ў Менску праходзіла канфэрэнцыя «Ўсясьветны лад — супрацьвага ўсясьветнаму панаваньню», якую ладзілі расейскія арганізацыі «Міжнародная славянская акадэмія» і «Ўсеславянскі саюз», а зь беларускага боку — грамадзкае аб’яднаньне «Русь». У канфэрэнцыі браў удзел акадэмік Яўген Бабосаў ды іншыя беларускія навукоўцы. За дзень да яе адкрыцьця ў Акадэміі навук выступаў старшыня нацыяналістычнай партыі «Расейскі агульнанародны саюз» Сяргей Бабурын. Адметна, што падчас самой канфэрэнцыі прадаваліся кнігі аўтара Алега Платонава, у тым ліку і ягоны твор «Тайны ўсясьветны ўрад», які лічыцца экстрэмісцкім яшчэ з 2009 году. Чаму гэтая кнігі трапіла ў адкрыты доступ падчас канфэрэнцыі?

Прэсавы сакратар Акадэміі навук Беларусі Натальля Марцалева патлумачыла «Свабодзе», што непасрэдна канфэрэнцыя з продажам кніг яе ўдзельніка Платонава праходзіла не ў будынку Акадэміі, а ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. «Гэта ня наша мерапрыемства, гэтых кніг я ня бачыла. Мы гэтую канфэрэнцыю не праводзілі», — сказала яна. Узяць камэнтар у супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі адносна таго, чаму ў іх падавалася экстрэмісцкая літаратура, не ўдалося.

Некаторыя кнігі зь сьпісу свабодна прадаюцца ў беларускай інтэрнэт-кнігарні oz.by.