Праваахоўныя органы Беларусі не маглі пачаць апэратыўную распрацоўку буйных бізнэсмэнаў бяз санкцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.
— На мінулым тыдні быў затрыманы Юры Чыж, сёньня паведамляюць пра затрыманьне Яўгена Баскіна. Ці можна казаць пра пэўную тэндэнцыю, пра тое, што пачалася «зачыстка» беларускіх алігархаў?
— Я ня ведаю, ці «зачыстка» гэта беларускіх алігархаў. Цяжка сказаць, што будзе далей і якія пляны мае сьледзтва і апэратыўнікі, якія распрацоўваюць гэтых людзей. Мне здаецца, гэта хутчэй не зачыстка, а пераразьмеркаваньне капіталу і выбіваньне грошай з гэтых людзей.
— Такія арышты маглі адбыцца бяз санкцыі Лукашэнкі?
— Наколькі мне вядома, на сёньняшні дзень існуе палажэньне, паводле якога апэратыўныя распрацоўкі могуць супрацоўнікі рабіць адносна ня ўсіх людзей. Адносна пэўнай катэгорыі простых людзей яны робяць гэта самі і ні ў кога не пытаюцца, а адносна кіраўнікоў патрэбен дазвол вышэйстаячага — якая там непасрэдна герархія. Але я мяркую, што для асабліва значных людзей адназначна павінен быць дазвол на распрацоўку. Тыя людзі, якія мелі доступ у кабінэты самай высокай улады, — на іх распрацоўку патрэбен дазвол самага вялікага кіраўніка.