Пра ператрус у офісе кампаніі «Трайпл» і затрыманьне Юрыя Чыжа аднымі зь першых даведаліся жыхары вёскі Сабалі, дзе нарадзіўся апальны алігарх, ім патэлефанавалі з гэтай навіной зь Менску яшчэ ў пятніцу ўвечары.
Пра родную вёску Сабалі, што ў Бярозаўскім раёне, Юрый Чыж ніколі не забываўся. Вяскоўцы кажуць, што ён ніколі не адмаўляў у просьбах, калі да яго зьвярталіся. А наведваў сваю радзіму амаль кожны месяц. Праўда, у бацькоўскай хаце, дзе цяпер жыве жонка брата, са словаў вяскоўцаў, Чыж не спыняўся.
Любіў заходзіць да знаёмых. Прычым ніколі не акцэнтаваў увагу на сваім статусе, кажа жыхар вёскі Сабалі Іван Жалудка:
«Прыяжджае да нас і кажа: „Я вам не алігарх, я вам такі ж чалавек, як і вы“. Прыходзілі з маім сынам, зь якім ён сябруе, да мяне дадому і калі сядалі за стол, дык ён прасіў, каб не перакладвалі ежу ў талеркі. Казаў: „Будэм йісты зь мыскі. По-колышнёму“. Вось які ён чалавек. Калі хадзіў па вёсцы, да яго мог падысьці любы і пагаварыць. Нікім ніколі ня грэбаваў. Крыўдзіць такога чалавека нельга. Ён жа сябраваў з Лукашэнкам. Нават у хакей зь ім гуляў. А што цяпер здарылася?».
У роднай вёсцы Юрыя Чыжа засталося толькі пяцьдзесят чалавек. Калісьці тут было 300 жыхароў. Арыштаваны прадпрымальнік дапамагаў кожнаму без выключэньня. У прыватнасьці, усім вяскоўцам за свой кошт набываў дровы на зіму.
Прыяжджаў Юры Чыж сюды і па сваіх бізнэс-справах. Непадалёк ад вёскі на шашы Берасьце-Менск ён будаваў культурна-этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі».
Праект прадугледжваў інвэставаньне з боку ТАА «Трайпл» 15 мільёнаў даляраў і павінен быў прыняць першых наведнікаў яшчэ летась. Тут пачалі будаваць гатэль, рэстаран, этнаграфічны музэй, аўтазапраўку. Большая частка працаў ужо завершаная. Але зь мінулай восені працы на аб’екце спыніліся. Каля комплексу ўдалося пабачыць толькі ахоўніка, які неахвотна сказаў журналістам, што нічога ня ведае пра будучыню праекту:
«Шкада, канечне, калі праца, сродкі, што былі ўкладзеныя ў стварэньне турыстычнага аб’екту, будуць марнымі».
У суседняй вёсцы Равяцічы жыхары кажуць, што комплексам зацікавіўся нейкі прадпрымальнік, магчыма, інвэстар зь Нямеччыны. Мясцовая жыхарка Ірына Лусько зазначыла, што комплекс быў надзвычай важным аб’ектам для апальнага алігарха:
«У яго была мара — адрадзіць сваю родную вёску Сабалі. Меркавалася, што як будзе завершана будаўніцтва турыстычнага комплексу, узьнікнуць новыя працоўныя месцы, сюды пацягнуцца людзі. Якраз у вёсцы шмат пустых дамоў».
Адной з магчымых перашкодаў будаўніцтву, кажа жыхарка вёскі Равяцічы, стаў зусім ня крызіс, але хвароба Юрыя Чыжа:
«Я чула, што ён сур’ёзна захварэў. Лекаваўся недзе ў Ізраілі. Але ці дакладна гэта, мы ня ведаем. Але ведаем дакладна, што ён надзвычай шмат добрага зрабіў для вяскоўцаў, для жыхароў, для мясцовасьці наагул. Ён надзвычай добрасумленны чалавек, добразычлівы».
«Арышт — гэта палітыка, ён не вінаваты»
У вёсцы Равяцічы, дзе будучы алігарх закончыў школу, пра затрыманьне Юрыя Чыжа ведаюць ня ўсе. Мінакі, пачуўшы пра навіну, зьдзіўляюцца і выказваюць непаразуменьне.
Настаўніца мясцовай школы Ірына Лусько кажа, што шакаваная. Навіну пра затрыманьне яна даведалася ад карэспандэнтаў Свабоды:
«Я лічу, што гэта палітыка, ён не вінаваты. Столькі ж справаў было ім зроблена. І для школы, і для мясцовай царквы. Бо калі памерла яго маці, прадпрымальнік пабачыў, што будынак царквы надзвычай стары і патрабуе рамонту. За свой кошт ён адрамантаваў дах, паставіў прыгожую агароджу».
Стэфаніда Маркаўна Чыж, былая класная кіраўніца прадпрымальніка кажа, што Юры Чыж ніколі не губляў сувязі са школай і настаўнікамі. Яшчэ калі ня быў алігархам, ён дапамагаў школе вялізнымі на тыя часы грашыма, а пазьней наагул цалкам за свае сродкі аднавіў будынак, набыў для школы тэхнічныя сродкі. Дапамагаў нават прыватна, калі была неабходнасьць.
У школе ж Юры Чыж паказваў заўсёды досыць высокія вынікі, узгадвае настаўніца школы Ала Каладзінская:
«Ён быў вельмі адказным. Яго слухалі і галоўнае — за ім ішлі. Ён ня быў выдатнікам, але быў вельмі актыўным. Ён быў камсоргам у школе. Памятаю, калі вырашалася пытаньне на пэдагагічнай радзе пра яго кандыдатуру, то яшчэ мой муж сказаў, што Юры Чыж справіцца і мае права на гэтую пасаду. Ён быў сапраўдным лідэрам».
Аднавяскоўцы Юрыя Чыжа выказваюць спадзяваньне, што сытуацыя зь іх земляком — непаразуменьне, што пасьля разьбіральніцтва Юрыя Чыжа вызваляць.