Праваабаронцы прапанавалі дзяржаве 30 простых спосабаў зрабіць выбары празрыстымі

Падлік галасоў на адным з участкаў. Від зь месца назіральнікаў

Іх можна ўжыць безь зьмяненьня Выбарчага кодэксу ўжо на бліжэйшых выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Міжведамасная экспэртная група, якая дзейнічае пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі зь сярэдзіны лютага, падрыхтуе для Аляксандра Лукашэнкі свае прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства на наступным тыдні. Пра гэта Свабодзе 10 сакавіка паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

«Экспэрты зараз інтэнсіўна працуюць. Яны атрымалі дадатковыя прапановы ад Беларускага Хэльсынскага камітэту. Іх разаслалі кожнаму з экспэртаў. А цяпер ідзе праца над прапановамі, якія паступілі з розных дзяржаўных міністэрстваў і ведамстваў».

У БХК Свабодзе патлумачылі, што Лазавік меў на ўвазе прапановы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Але паколькі БХК — афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя, а кампанія — не, то і прапановы пайшлі ў Цэнтравыбаркам пад грыфам «Беларускага Хэльсынскага камітэту».

Праваабаронцы прадставілі дзяржаўным экспэртам 30 пунктаў пра тое, як зьмяніць і дапоўніць прымяняльную практыку выбараў, з падрабязным абгрунтаваньнем кожнага. Пры гэтым недзяржаўныя экспэрты падкрэсьліваюць, што яны засяродзіліся толькі на тых рэкамэндацыях БДІПЧ (Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ), якія не патрабуюць унясеньня зьмяненьняў і дапаўненьняў у Выбарчы кодэкс і іншыя заканадаўчыя акты. А гэта значыць, што іх можна будзе выкарыстаць яшчэ да пачатку кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня праз пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі.

У суправаджальным лісьце «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выказалі гатоўнасьць абмеркаваць свае прапановы з экспэртамі міжведамаснай групы.

Месячны тэрмін, які Аляксандар Лукашэнка даў міжведамаснай экспэртнай групе для вывучэньня заўваг, выказаных экспэртамі БДІПЧ АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, падыходзіць да заканчэньня. У склад гэтай групы ўвайшло 10 чалавек, яны прадстаўляюць выключна дзяржаўныя арганізацыі: Цэнтральную выбарчую камісію, абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў пры прэзыдэнце Беларусі, міністэрствы замежных спраў, інфармацыі, юстыцыі. Незалежныя экспэрты ў гэтую групу не ўвайшлі, хоць статут групы дазваляе прыцягваць да яе працы любых экспэртаў.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, найбольш верагодна, адбудуцца 11 верасьня 2016 году. «Ніякіх іншых прапаноў па часе іх правядзеньня няма», — паведамілі Свабодзе ў ЦВК.