Урад Беларусі прыняў пастанову, згодна зь якой празь месяц будзе ўтвораны новы холдынг, які аб’яднае 9 найбуйнейшых прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны. Пра гэта перадала БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўраду Беларусі. У новы холдынг увойдуць «Гомельдрэў», «Магілёўдрэў», «Віцебскдрэў», «Барысаўдрэў», ФанДок ды іншыя прадпрыемствы.
Як можна ацаніць рашэньне ўраду? Гэта добрая ці дрэнная навіна для дзясяткаў тысяч чалавек, якія працуюць на прадпрыемствах будучага холдынгу? Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да незалежнага эканаміста, кіраўніка фонду Мізэса Яраслава Раманчука.
— Як вы пракамэнтуеце рашэньне аб аб’яднаньні вядучых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў краіны ў адзіны холдынг?
— Калі сабраць разам 11 інвалідаў, усё роўна добрай футбольнай каманды зь іх не атрымаецца. Гэтак і тут: улады думаюць, што калі сабраць 9 прадпрыемстваў-інвалідаў у адну каманду, дык з гэтага атрымаецца добры бізнэс. Але гэта сьмешна. Калі б было такое ўпершыню — але ў Беларусі ўжо каля 100 холдынгаў, і ніводзін зь іх не ўратаваў ніводнага прадпрыемства. Мяркую, што гэта проста спосаб выпампоўваньня грошай зь бюджэту. Маўляў, старыя прадпрыемствы ў даўгах, яны не працуюць, але калі мы зробім рэструктурызацыю, дамо ім яшчэ грошай, дык яны нейкім чынам запрацуюць. Не, не запрацуюць. Пра гэта сьведчыць ня толькі тэорыя, але і беларуская практыка, якая паказала ўсім за больш як 10 гадоў, што такая рэструктурызацыя, такі спосаб кіраваньня прадпрыемствамі — проста спосаб застацца каля кармушкі для «чырвоных дырэктараў», а таксама для тых чыноўнікаў, якія гэтае рашэньне пралабіравалі.
— Канкурэнцыі паміж сабой сярод гэтых прадпрыемстваў ужо ня будзе. За кошт чаго будзе паляпшацца якасьць прадукцыі?
— Справа ня ў тым, што яны ня будуць канкураваць паміж сабой. Праблема ў тым, што яны самі ня маюць грошай для разьвіцьця, а кожнаму паасобку грошай ужо не даюць. Вось і вырашылі аб’яднаць даўжнікоў, каб было лягчэй выманьваць грошы, якія потым зноў будуць разьмяркоўваць зьверху. Таму гэтая мадэль ня мае нічога агульнага ані з рэструктурызацыяй, ані з паляпшэньнем кіраваньня. Бо тыя людзі, якія прымалі рашэньні адносна гэтых прадпрыемстваў, яны ж і будуць вырашаць, куды дзець тыя грошы, і таму нічога кардынальна ня зьменіцца. У гэтым і ёсьць заганнае кола беларускага гаспадараньня.
— Адным з прадпрыемстваў новага холдынгу будзе «Барысаўдрэў», на мадэрнізацыю якога за мінулыя 5 год пайшло вельмі шмат дзяржаўных грошай. Аляксандар Лукашэнка асабіста кантраляваў мадэрнізацыю, але скончылася гэта скандалам і крымінальнай справай супроць тагачаснага дырэктара Ўладзімера Мальцава, якога пакаралі за самастойныя рашэньні. Мадэрнізацыя адбылася, але цяпер завод зноў перажывае цяжкасьці. Можа, сапраўды аб’яднаньне ў холдынг — адзіны імпульс для разьвіцьця, які яшчэ застаўся?
— З таго, што адбылося з «Барысаўдрэвам», вынікае, што мадэрнізацыя ня мела сэнсу для ўратаваньня прадпрыемства, але мела сэнс з пункту гледжаньня інтарэсаў чыноўнікаў, якія яе ініцыявалі. Здаецца, больш за 3 мільярды даляраў уклалі ў дзяржаўную праграму мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Але цяпер высьвятляецца, што яна не спрацавала. Гэта ілюстрацыя таго, што прагматызм і рацыянальнасьць распарадчыкаў чужога кардынальна адрозьніваюцца ад інтарэсаў краіны. А паколькі ў нас гэтыя рэчы не супадаюць, дык і працягваецца саветызацыя, вельмі добра пачуваюцца чырвоныя дырэктары і распарадчыкі ня ўласнай маёмасьці.
Прычына стварэньня холдынгу — выбіць грошы зь бюджэту
— Маглі б вы патлумачыць для тых, хто ня надта разьбіраецца ў эканамічнай тэорыі, у чым сэнс такой формы аб’яднаньня, як холдынг?
— Гэта аб’яднаньне нейкіх фірмаў, прадпрыемстваў пад адзіным фармальным кіраваньнем. Вось тут аб’яднаюць 9 прадпрыемстваў, але гэта ня значыць, што ў іх будзе адзіны рахунак, адзін бугальтар, гендырэктар і гэтак далей. Не, гэта такая быццам асацыяцыя, якая займаецца маркетынгам нашых тавараў, але больш жорсткая, чым проста саюз. Фармальна сябры гэтай асацыяцыі нават могуць прымаць рашэньні пра аб’яднаньне зь некім, ці пра ліквідацыю. Але рэальна ў нашых умовах ніхто ім такіх рашэньняў не дазволіць, бо ў нас усё па-ранейшаму кіруецца зь міністэрстваў. То бок, на маю думку, гэта яшчэ адзін спосаб працягнуць агонію тых прадпрыемстваў, якія, па сутнасьці, даўно больш мёртвыя, чым жывыя. А для людзей, якія выбіваюць пад гэта грошы, безумоўна, гэта яшчэ на 2–3 гады магчымасьць пратрымацца. Сказаць, што вось мы працуем, дайце нам яшчэ шанец, дайце яшчэ грошай.
— Няўжо няма ніводнага пасьпяховага прыкладу холдынгу ў Беларусі?
— Мне такія невядомыя. Іх каля ста, але ўсе як адзін нікога не ўратавалі. Вось МАЗ працуе зь Белазам у холдынгу, але ў іх у кожнага вельмі складанае становішча, асабліва ў МАЗа. «Гомсельмаш» працуе ў холдынгу зь іншымі прадпрыемствамі сельскагаспадарчага машынабудаваньня — усім вядома, якія там цяпер цяжкія часы, што працоўных адпускаюць у масавыя адпачынкі. У лёгкай прамысловасьці, дзе таксама ёсьць холдынгі, тая ж сытуацыя, калі яшчэ ня горшая.
Ня бачу хаця б аднаго прыкладу паляпшэньня якасьці кіраваньня ў выніку таго, што быў зроблены холдынг.
Гэта вельмі дрэнная ідэя, якую спадар Міхаіл Мясніковіч сьпісаў з праграмаў разьвіцьця эканомікі сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Тыя праграмы прапаноўваліся эканамістамі для эканомік краінаў, якія пачалі разьвівацца пасьля 2-й сусьветнай вайны. Сэнс быў у тым, што трэба зрабіць буйныя прадпрыемствы, каб яны сталі лякаматывамі выйсьця з крызісу. Але нічога з гэтага не спрацавала, і тым больш не спрацуе ў краіне, дзе пераважная большасьць прадпрыемстваў не прыватныя, а дзяржаўныя і ўсё так ці інакш кіруецца з аднаго цэнтру.
Холдынгі добра працуюць у выпадку, калі некалькі прыватных прадпрыемстваў супрацоўнічаюць дзеля вырашэньня пэўнай праблемы, прыкладам, аб’ядноўваюць рэсурсы для разьвіцьця тэхналёгіі або кіруюць нейкай пэўнай дзейнасьцю. Але калі адзіная прычына для аб’яднаньня ў тым, каб цябе не банкруцілі, каб выбіць грошы зь бюджэту, дык добрага выніку для эканомікі ня будзе. Проста банк, да якога зьвернуцца па грошы, будзе мець больш падстаў, каб пазычыць, а не адмовіць, бо грошы пойдуць на крэдытаваньне фармальна новай юрыдычнай асобы. А тое, што гэтая асоба раздасьць тыя грошы старым даўжнікам, якім бы так грошай ужо не далі, нікога не цікавіць. Насамрэч у сыстэме зьяўляецца новая адміністрацыйная пракладка, якую яшчэ трэба ўтрымліваць, толькі і ўсяго.
— Холдынг можа дапамагчы той жа беларускай мэблі канкурыраваць на зьнешніх рынках?
— Мяркую, людзі, якія стаяць за гэтай ідэяй, у гэта ня вераць. Паўтаруся, што калі сабраць футбольную каманду з інвалідаў, дык добрай зборнай не атрымаецца ні на якім узроўні.
Уся краіна — ЗАТ «Беларусь»
— А як бы вы прапанавалі дзейнічаць дзеля ўратаваньня прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі?
— Гэта размова на дзьве гадзіны. Але калі коратка і спачатку, дык трэба адмовіцца ад структураў, якія імітуюць рэформы. Трэба найперш зразумець, што самастойнасьць прадпрыемстваў, іх адказнасьць за свой стан павінна быць першым падмуркам для рэформаў. Але пакуль у краіне фактычнай самастойнасьці дырэктары ня маюць, бо ўся краіна — гэта рэальна закрытае акцыянэрнае таварыства, ЗАТ «Беларусь» з кантрольным пакетам дзяржавы, і рэальныя рэформы немагчымыя. Беларусь ужо сама такі буйны холдынг, у якім усе рашэньні прымаюцца ў адным цэнтры. Але ў нас гэты цэнтар не разумее, у якім мы стане.
— Аляксандар Лукашэнка сваім указам ужо забараняў працаўнікам «Барысаўдрэва» звальняцца, пакуль не завершыцца мадэрнізацыя прадпрыемства. Вы не чакаеце, што падобныя загады будуць распаўсюджаныя на працаўнікоў усяго холдынгу?
— Ведаю, што і тады з гэтага нічога не атрымалася, і цяпер, калі ўзьнікне нешта падобнае, вынік будзе такі самы. У нас здаўна сродкам супроць глупства начальства было невыкананьне ягоных загадаў на ніжэйшых узроўнях. Добра, што хоць гэты прынцып захаваўся.