Рада Бясьпекі ААН у сераду аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненьні жорсткасьці санкцыяў у дачыненьні да КНДР у адказ на праведзенае Пхеньянам 6 студзеня ядзернае выпрабаваньне і запуск ракеты са спадарожнікам.
У адпаведнасьці з новымі абмежавальнымі мерамі, усе грузы, якія ідуць у Паўночную Карэю ці зь яе, будуць падвяргацца інспэкцыі на прадмет забароненых тавараў і тэхналёгіяў. Рэзалюцыя прадугледжвае забарону на імпарт з КНДР вугалю, жалезнай руды, каштоўных мэталаў, а таксама эмбарга на пастаўкі ў краіну ўсіх відаў авіяцыйнага паліва. Пра гэта паведамляюць заходнія інфармацыйныя агенцтвы.
У санкцыйны сьпіс ААН увайшлі 12 паўночнакарэйскіх кампаніяў і 16 фізычных асобаў, сярод якіх гандлёвыя прадстаўнікі Паўночнай Карэі ў Сырыі, Іране і Віетнаме.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама вітаў узмацненьне жорсткасьці санкцыяў у дачыненьні да КНДР, адзначыўшы, што Паўночная Карэя павінна адмовіцца ад распрацоўкі небясьпечных праграмаў і выбраць лепшы шлях для свайго народа. Паводле яго слоў, рэзалюцыя стала «цьвёрдым, адзіным і належным адказам міжнароднай супольнасьці» на апошнія правакацыі Пхеньяна.
ЗША 26 лютага ўнесьлі ў Раду Бясьпекі ААН узгоднены з Кітаем праект рэзалюцыі аб пашырэньні санкцыяў супраць КНДР.