Шумчанка назваў Лябедзьку пасажырам і паставіў ў адзін шэраг з Лукашэнкам

Анатоль Лябедзька падчас мітынгу прадпрымальнікаў у Менску, 22 лютага 2016 году

Анатоль Лябедзька хоча «падстрахаваць» заяўку Шумчанкі і Статкевіча на мітынг у Менску 14 сакавіка.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне маршу «За годнае жыцьцё» ў той жа час і ў тым жа месцы, дзе зьбіраюцца праводзіць Марш прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця ў Менску ў панядзелак, 14 сакавіка.

Шэсьце 14 красавіка мае сабрацца ля Акадэміі навук а 13-й гадзіне, прайсьці па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў. Пасьля заплянаваны мітынг у парку, ён мае пачацца ў 14:30 і завяршыцца а 16-й гадзіне.

Месца збору і маршрут маршу Анатоля Лябедзькі цалкам паўтарае месца і маршрут маршу Шумчанкі-Статкевіча.

Лябедзька: Мы за пэўную палітызацыю ІП-шнікаў

У размове са Свабодай Анатоль Лябедзька заявіў, што падаў паралельную заяўку, каб зрабіць акцыю 14 сакавіка больш моцнай і «каб яна аб’ядноўвала ня толькі прадпрымальнікаў, але і іншыя сацыяльныя групы».

Анатоль Лябедзька

«Я ўдзельнік і дзесьці арганізатар шэрагу акцыяў з удзелам прадпрымальнікаў. І што мы цяпер назіраем? Акцыі ўсё ж ідуць на спад. І мне падаецца, што тут якраз патрэбная кааліцыя індывідуальных прадпрымальнікаў зь іншымі катэгорыямі грамадзян. Сёньня трэба ставіць на парадак дня аб’яднаньне ўсіх прыхільнікаў пераменаў. Таму што ў гэтай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая існуе, дыскамфортна ня толькі індывідуальным прадпрымальнікам, але і студэнту, і пэнсіянэру, і рабочаму МАЗа, і настаўніку, і ўрачу. Я думаю, што такі пасыл будзе больш моцным, і гэта трэба прымаць як стратэгію супольных дзеяньняў», — упэўнены палітык.

Лябедзька падкрэсьлівае, што марш «За годнае жыцьцё» — гэта не альтэрнатыва акцыі прадпрымальнікаў. Ён проста спрабуе далучыць да акцыі іншыя катэгорыі грамадзян. «Калі людзей будзе больш, то больш і верагоднасьць, што іх голас будзе пачуты ў кабінэтах улады», — дадаў ён.

Лябедзька кажа, што асабіста з Шумчанкам і Статкевічам сваю акцыю не ўзгадняў і не абмяркоўваў.

«Я не абмяркоўваў, гэтаксама як і яны ні з кім не абмяркоўвалі, нават з тымі самымі прадпрымальнікамі. Можна ж было абмеркаваць гэта, стварыць аргкамітэт, зрабіць яго з прадстаўнікоў розных сацыяльных груп больш моцным.

У нейкай ступені мы страхуем гэтую сытуацыю, бо ўжо быў такі момант, калі Шумчанка падаваў заяўку, а потым раптоўна яе здымаў.

Да таго ж у нейкай ступені мы страхуем гэтую сытуацыю, бо ўжо быў такі момант, калі Шумчанка падаваў заяўку, а потым раптоўна яе здымаў. Так што калі будзе ціск на кагосьці, то мы падстрахуем», — заявіў лідэр АГП.

Лябедзька таксама падкрэсьлівае, што не імкнецца адабраць у Шумчанкі статус нейкага лідэра.

«Мы гатовыя быць на падхваце. Хай Шумчанка ідзе ў першым шэрагу, а я пайду ў апошнім. Але пытаньне ня ў гэтым. Тут абсалютна няма чаго дзяліць. Я пакуль ад салідарнасьці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі маю адзін судовы працэс і штраф. Тут ніхто нічога не набывае, але для мяне як кіраўніка палітычнай арганізацыі вельмі важна, каб і індывідуальныя прадпрымальнікі станавіліся яшчэ і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Мы за пэўную палітызацыю ІП-шнікаў. Яны, відаць, ня ўсе да гэтага гатовыя. Тут існуе два падыходы. Шумчанка робіць усё, каб гэта была нейкая такая закрытая карпарацыя, якая б займалася толькі выключна праблемамі, якія стаяць на парадку дня ІП. Мы гатовыя гэта падтрымліваць, але ставім пытаньне шырэй, бо нават вырашыўшы сытуацыю з указам № 222, заўтра мы пабачым указы 223, 224 і г.д. Трэба мяняць сацыяльна-эканамічную мадэль. Калі мы гэта зразумеем, то гэта будзе вялікая перамога ў галовах», — лічыць палітык.

Шумчанка: Лябедзька — «пасажыр», скача ў наш вагон, каб на ім праехацца

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка нэгатыўна ацаніў рашэньне Лябедзькі правесьці паралельную акцыю.

Анатоль Шумчанка

«Што тычыцца ўчынку Лябедзькі, то для мяне ён стаў у адзін шэраг з Лукашэнкам і нічым не адрозьніваецца ад яго. Чалавек паступае спэцыяльна насуперак, без кансультацый і перамоваў. Тым больш мы ня раз заяўлялі, што прадпрымальнікі хацелі б зрабіць сацыяльна-эканамічны марш, каб ён быў санкцыянаваны, каб у людзей была магчымасьць выйсьці. Ня важна, куды выйсьці — нам важна паказаць колькасьць. І сёньня ў нас ёсьць рэсурс і ёсьць магчымасьці вывесьці людзей у дастатковай колькасьці. Лябедзька пра гэта ведае. Ён „пасажыр“, скача ў наш вагон, каб на ім праехацца», — заявіў лідэр прадпрымальніцкага руху.

Шумчанка таксама скрытыкаваў Лябедзьку за ягоныя словы наконт таго, што акцыі ІП пачалі згасаць.

Тое, што адбывалася на плошчах, гэта вынік той працы, якую праводзіла „Пэрспэктыва“ на працягу году.

«Ня трэба казаць, што акцыі ІП згасаюць. Тое, што адбывалася на плошчах, гэта вынік той працы, якую праводзіла „Пэрспэктыва“ на працягу году. За год нашы форумы наведалі 7 тысяч чалавек. Акцыю 15-га я не адмяняў, я проста адклікаў заяўку. Я нідзе не сказаў, што акцыя адмяняецца. Так што гэта была хваля, якую мы паднялі. А потым гэтая хваля, натуральна, пайшла на спад. Ніхто акцыі не рыхтаваў, ніхто не працаваў зь людзьмі, ніхто не раздаваў улёткі. Мне наагул дзіўна чуць гэтыя заявы, што ІП тут супакоіліся. Ніхто не супакоіўся», — кажа ён.

Між тым Шумчанка заявіў, што яго далейшыя пляны залежаць ад таго, як будуць паводзіць сябе ўлады. Калі ўлады пойдуць на саступкі прадпрымальнікам, то неабходнасьць у акцыі 14 сакавіка адпадае сама сабой.

«Усе будзе залежаць ад таго, як будуць вырашацца праблемы прадпрымальнікаў. У мяне няма мэты зрабіць нейкую дэстабілізацыю, рэвалюцыю ці яшчэ што. У нас мэта адна — вырашыць праблемы прадпрымальнікаў. Калі будуць вырашаны праблемы прадпрымальнікаў і гэта прадпрымальнікаў задаволіць, то неабходнасьць у мітынгу адпадае. Мы ж дзеля гэтага ўсё і робім», — дадаў ён.

Мы не адмаўляемся ад барацьбы. Наадварот, зараз надыходзіць этап вельмі актыўных дзеяньняў, таму што, мяркуючы па ўсім, перамовы ідуць недастаткова вынікова і пасьпяхова.

«Мы не адмаўляемся ад барацьбы, — падкрэсьлівае Шумчанка. — Наадварот, зараз надыходзіць этап вельмі актыўных дзеяньняў, таму што, мяркуючы па ўсім, перамовы ідуць недастаткова вынікова і пасьпяхова. Таму пляны папярэднія, мы ні ад чога пакуль не адмаўляемся».