У ім узялі ўдзел афіцыйныя прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ — Леанід Кучма, Барыс Грызлоў і Марцін Сайдзік. А таксама прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР», якія ў цяперашні час кантралююць частку тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.
Пасяджэньне праходзіла спакойна і дынамічна, інфармацыі пра нейкія магчымыя дэмаршы на гэты раз не было.
Пасьля сёлетніх перамоваў амбасадар АБСЭ Марцін Сайдзік упершыню за апошні час заявіў пра пазытыўныя зрухі.
У прыватнасьці ён нагадаў, што 20 лютага былі вызваленыя з палону ўсяго 10 чалавек, у тым ліку 4 украінцы якіх утрымлівалі на акупаванай частцы Данбасу. А ў пятніцу, 26 лютага, будуць вызваленыя яшчэ 12 чалавек — 8 сэпаратыстаў вызваліць украінскі бок і 4 чалавекі — групоўкі «ЛНР», гэта значыць суадносіны: адзін украінскі палонны да двух баевікоў.
Амбасадар Марцін Сайдзік, які мадэруе перамовы адзначыў: «Мы спадзяемся, што неўзабаве мы станем сьведкамі новых вызваленьняў».
Акрамя гэтага, паводле яго слоў, украінскі бок выказаў гатоўнасьць адкрыць пункт перасячэньня у Залатым у Луганскай вобласьці ў першай дэкадзе сакавіка, калі будзе адпаведная бясьпека. Чакаецца таксама, што на нэўтральную тэрыторыю будуць дапушчаныя спэцыялісты Чырвонага Крыжа, якія маюць адзначыць на мясцовасьці мінныя палі, каб на іх далей ня гінулі людзі.
У эканамічнай падгрупе ішла размова пра падключэньне трох лініяў электраперадач (ЛЭП), пра прагрэс у арганізацыі водазабесьпячэньня ў Луганскай вобласьці, а таксама аб арганізацыі чыгуначных зносінаў для пастаўкі вугалю.
Але без захаваньня рэжыму цішыні на лініі судакрананьня ў Данбасе ўсё гэта немагчыма арганізаваць, адзначылі ва ўкраінскай дэлегацыі.
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца шмат месяцаў запар і без асаблівага прагрэсу. На гэты раз падгрупа па пытаньнях бясьпекі засядала даўжэй за ўсіх, абмяркоўвала пытаньне разьмінаваньня і ўрэгуляваньня вучэбнай страляніны на лініі судакрананьня.
«І вядома ж, абмяркоўвалі парушэньні рэжыму цішыні, якія, на жаль, узрасьлі», — адзначыў Марцін Сайдик.
Наступнае пасяджэньне ў Менску павінна адбыцца 2 сакавіка.