Археоляг Максім Чарняўскі адгукнуўся на публікацыі Свабоды на тэму прэзыдэнцкага ўказу № 485, які мае ўпарадкаваць дзейнасьць у археалягічнай галіне і ўдасканаліць мэтады аховы гістарычных аб’ектаў і артэфактаў.
Дакумэнт ужо выклікаў бурную рэакцыю сярод пошукаўцаў-аматараў і калекцыянэраў, нелегітымізаваная дзейнасьць якіх аўтаматычна падпадзе пад адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасьць. Даем допіс Максіма Чарняўскага. Сёньня Свабода апублікавала таксама допіс Руслана Верамея, у якім ён прапануе кампрамісныя рашэньні.
Перакулілі з ног на галаву
У адзін зь нядаўніх дзён я прачнуўся і даведаўся, што я, мае калегі археолягі і гісторыкі, усе тыя, хто працавалі і працуюць над стварэньнем нашай гісторыі, якая зьяўляецца падмуркам нашай Незалежнасьці, — «крывавыя прыслужнікі рэжыму», а тыя, хто рабуе і распрадае яе — «бедныя і няшчасныя ахвяры самадурства дзяржавы», вартыя сьлязы і заступніцтва грамадзтва.
Ніколі ня думаў, што славутая тактыка «держи вора» так добра спрацуе ў нашай мэдыйнай прасторы і на яе павядуцца нават досыць паважаныя выданьні і асобы, ня кажучы ўжо пра шараговую інтэрнэт-публіку.
Ужо колькі разоў за апошнія гады ламаліся інфармацыйныя дзіды адносна чорных капальнікаў, якіх зараз паліткарэктна называюць «аматарамі прыборнага пошуку», а ўсё бяз сэнсу. Многія мае калегі ўжо проста рукой махнулі, бо любыя аргумэнты застаюцца непачутымі, але я ўсё ж паспрабую яшчэ раз.
Археалёгія — навука, якая аднаўляе наша мінулае па матэрыяльных парэштках, што засталіся ад старажытных людзей. Даўнія рэчы, мы іх называем артэфактамі, — гэта падказкі, расшыфраваўшы якія, навукоўцы могуць зразумець, як жылі нашы продкі сотні і тысячы гадоў назад — што насілі, чым займаліся, як здабывалі сабе ежу, і нават у што верылі і як адносіліся адзін да аднаго. Гэта як старонкі кнігі, якія ляжаць павырываныя ў зямлі, а ты зьбіраеш іх, сартуеш і аднаўляеш пасьлядоўны тэкст, каб яго прачытаць. Але самі па сабе, паасобку — як вырваная зь невядомага твору старонка — гэта проста прыгожы экспанат зь мінімальным наборам інфармацыі, які годны пераважна толькі для таго, каб ляжаць пад шклом музэю.
Спаленыя старонкі зь летапісу нашай гісторыі
Праца археоляга не падобная да фільмаў пра Індыяну Джонса. На пару тыдняў раскопак прыпадае некалькі месяцаў карпатлівага сядзеньня ў кабінэце з атрыманымі матэрыяламі, для таго каб яны расказалі табе сваю гісторыю. Ты павінен ведаць, як выяўленыя знаходкі ляжалі, якія яшчэ рэчы або канструкцыі знаходзіліся побач, нават зьмены адценьняў зямлі, у якой яны былі — усё гэта дэталёва фіксуецца падчас прафэсійных археалягічных раскопак: на паперы, на фатаздымках і ў запісах археоляга. Возьмем, для прыкладу, старажытныя пахаваньні бронзавага веку — ледзь бачныя адценьні колеру грунту паказваюць пахавальную яму, шырэйшы прапластак і дробны тлен — контуры даўно сапрэлага цела чалавека. І толькі крамянёвыя прылады, гліняны посуд ды мэталічныя вырабы моцна трымаюцца перад часам. Акуратна раскапанае пахаваньне пакажа, што нябожчык ляжаў на правым баку, што гэта быў мужчына, што ён быў багаты і радавіты, мажліва адзін з правадыроў племені — ля яго пляча ляжыць бронзавая сякера, на шыі — грыўня-лунула, ля пояса — медны нож. Ягоныя ваяўнічыя продкі сілай прыйшлі ў гэтую зямлю, але ня грэбавалі і гандлем — частка мэталічных вырабаў паходзіць з Балканаў, а частка — з Каўказу. А прыйдзе на гэтае месца чорны капальнік — і пад моцнымі ўзмахамі рыдлёўкі зьнікне выкінуты на паверхню тлен, пойдуць у кішэню або паасобку прададуцца ў розныя калекцыі вырабы з каляровага мэталу. Aрхеолягу застанецца толькі здратаванаe месца, па якім нават пасьля раскопак не заўсёды зразумееш, што гэта было пахаваньне, ня кажучы ўжо пра тое, хто там быў пахаваны. Ці, напрыклад, бронзавы наканечнік стралы зь іншага пахаваньня. Падаецца, што тут незразумелага — ну паклалі памерламу з сабой на той сьвет лук ды стрэлы — дык пра гэта даўно ж вядома, што так рабілася, у падручніках жа пішуць. А калі гэты наканечнік ляжаў у тлене? Калі гэта ён забіў таго воя? А калі наканечнік традыцыйны для племені, якое не жыло на тэрыторыі Беларусі? Адчуваеце розьніцу ў інфармацыі? Гэта быў набег на нашу тэрыторыю і гэта магіла захопніка, ці гэта магіла абаронцы? Ці наканечнік прыйшоў сюды як тавар? Можаце вы даць хоць які адказ па знаходцы, вырытай з дапамогай мэталашукальніка «аматарамі прыборнага пошуку»?
На самой справе ня важна, пра якія артэфакты ідзе гаворка: меч бронзавага веку (дарэчы, чуткі пра мячы, нелегальна выяўленыя і прададзеныя за мяжу, даўно ходзяць па Беларусі — а ці бачылі вы такія рэчы ў нашых музэях?), баратынкі ў полі ці кулі Мінье. Вырваныя з кантэксту «аматарамі прыборнага пошуку», яны ня больш чым прыгожыя цацкі, вартыя толькі ляжаць у іхніх калекцыях ці быць прададзенымі музэям. Яны ўжо ніколі нікому ня скажуць таго, што маглі б распавесьці, калі б былі выяўленыя падчас археалягічных раскопак. Гэта як спаленыя старонкі зь летапісу нашай гісторыі.
Большасьць «аматараў» не вытрымлівае барацьбы са спакусай грашыма
Археалягічныя артэфакты — гэта ня рыбы ў рэках і не зьвяры ў лясах. Яны не адкладуць ікру і не народзяць новых фібулянятак ці бранзалецікаў. Кожнае пранікненьне ў зямлю на археалягічным аб’екце — гэта зьнішчэньне яго часткі. Менавіта таму археолягі ўсё вельмі дакладна занатоўваюць і замалёўваюць, бо пасьля іх гэтага ня здолее зрабіць ніхто. Яны апошнія, хто бачыць дадзены канкрэтны кавалак старажытнага паселішча, і іхнія запісы павінны распавесьці іншым, якім яно было. А што занатоўваюць чорныя археолягі падчас свайго «паляваньня»?
Да сёньняшняга моманту археолягі выразна прайгравалі барацьбу за захаваньне нашай гістарычнай спадчыны. З аднаго боку, бязьлітасная машына розных дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, якая вельмі часта «не заўважае» нейкія там магчымыя помнікі археалёгіі па маршруце сваёй тэхнікі (шкада грошай, часу або папросту не зьвяртае ўвагі на такую «ерунду»), а з другога — шматтысячная грамада «аматараў прыборнага пошуку», ад мацёрых прафэсіяналаў з абсталяваньнем на дзясяткі тысяч даляраў — да звычайных грамадзян, якія набылі танны мэталашукальнік, павёўшыся на рамантыку пошуку старажытнасьцяў. Для большасьці зь іх гэта занятак, аналягічны з паходам на рыбалку ці ў грыбы. І большасьць зь іх — без нарматыўных або этычных абмежаваньняў, з поўнай свабодай дзеяньняў і пачуцьцём абсалютнай беспакаранасьці.
Я не магу сказаць, што ўсе аматары апаратнага пошуку — выключна адмоўныя пэрсанажы. Кожны з нас, археолягаў, па сваёй працы ня раз сустракаўся з пэўнай колькасьцю «чорных капальнікаў», і з часткай іх я б, напрыклад, без развагаў пайшоў бы ў археалягічную разьведку. А некаторым нават параіў бы атрымаць адукацыю археоляга, і яны маглі б рэальна прэтэндаваць на дазвол на правядзеньне археалягічных разьведак. Але асноўная большасьць не такая. Большасьць «аматараў» не вытрымлівае барацьбы са спакусай грашыма. Колькі ёсьць такіх напачатку адданых гісторыі і краязнаўству хлапцоў, якія скончылі простым гандлем знойдзенымі артэфактамі...
На сёньня вядома толькі 10% археалягічных помнікаў
Вось зараз да археолягаў зьвяртаюцца — давайце супрацоўнічаць! Давайце вы зробіце з нас сваіх разьведчыкаў! Я, напрыклад, асабіста дзьвюма рукамі за падобную сыстэму ўпарадкаваньня аматараў апаратнага пошуку, якая існуе, у прыватнасьці, у Брытаніі (хоць і там шмат пытаньняў з «чэснасьцю» апошніх). І сапраўды, карысьць для археалёгіі можа быць вельмі значная — вялікая колькасьць асобаў, якія ведаюць мясцовасьць, можа шмат што зрабіць. Ёсьць толькі адзін маленькі нюанс. Умовай супрацоўніцтва было стварэньне афіцыйнага аб’яднаньня, якое б магло несьці адказнасьць за сваіх сябраў і трымаць іх у межах дазволенага. Бо іначай будзе як звычайна: «а мяне не было, калі гэта прымалася», «а я на гэта не падпісваўся», «мы гарадзішчы/курганы ня рыем, гэта іншыя». Шмат разоў усё абмяркоўвалася з актыўнымі прадстаўнікамі «аматараў прыборнага пошуку» на круглых сталах, завочных дыскусіях і жывых эфірах. І што? Дзе яно, аб’яднаньне? Хто возьме адказнасьць? Колькі гадоў яшчэ чакаць?
Адзін з асноўных аргумэнтаў «аматараў прыборнага пошуку», што яны ходзяць не па помніках археалёгіі, а там, дзе працуе сельскагаспадарчая тэхніка, а прыборы іхнія бяруць сантымэтраў на 20 — на глыбіню плуга. Але праблема ў тым, што на сёньня вядома дай Бог 10% археалягічных помнікаў (26 тысяч гадоў гісторыі, як-ніяк). І калі на гэтым полі не стаіць шыльды, што тут разьмешчаны помнік археалёгіі, гэта ня значыць, што яго там няма (паводле новага ўказу месца, на якім прысутнічае культурны пласт і артэфакты, не занесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, вызначаецца як археалягічны аб’ект і таксама абараняецца законам). І калі цяпер яго ніхто не дасьледуе, гэта ня значыць, што ўсё там згніе і зьнікне. Прыйдуць туды археолягі. Ня ў гэтым годзе, дык у наступным, ці празь пяць год, але прыйдуць. Тым больш што дасьледаваньні, у тым ліку экспэрымэнтальныя, паказалі, што нават стогадовае разворваньне не «раскідвае» артэфакты далёка ад першапачатковага месца. А наконт 20 см... Некаторыя «прасунутыя аматары» ўжо выкарыстоўваюць экскаватары, каб «вырашыць» гэтую праблему (як на здымку). Акрамя таго, у гэтым годзе ў шырокі продаж паступае цалкам дасяжны па грошах глыбінны мэталадэтэктар з кропкавым указаньнем цэляў на глыбінях да 1,5–2 м. А гэта — сьмерць усім археалягічным помнікам, на якіх ёсьць хоць які мэтал — селішчам, майстэрням, могілкам, курганам, гарадзішчам. Усёй нашай гісторыі пасьля каменнага веку.
Заканадаўчае вырашэньне пытаньня насьпявала даўно
«Aматары прыборнага пошуку» кажуць: «Мы хочам далучыцца да гісторыі». Дык калі ласка — кожны год адбываюцца археалягічныя экспэдыцыі па ўсёй Беларусі — на тарфянікавых і дзюнных стаянках каменнага і бронзавага вякоў, на курганах і могільніках ад бронзавага веку ад сярэднявечча, на гарадзішчах жалезнага веку, на паселішчах і замках сярэднявечча, у гарадах. Далучайцеся валянтэрамі, працуйце на раскопках у сваё задавальненьне (і ня толькі мэталадэтэктарамі, але і савочкам, і пэндзлем, а дзе і зубачысткай), дакранайцеся да старажытных рэчаў продкаў, стварайце гісторыю сваімі рукамі, як гэта робяць дзясяткі людзей рознага ўзросту кожны год.
І з калекцыянэрамі, я маю на ўвазе іх маладое пакаленьне, якое пачало гэтым займацца ў «ліхіх дзевяностых», таксама шмат пытаньняў. Некаторыя зь іх самі хадзілі і ходзяць з мэталашукальнікамі, некаторыя папаўнялі свае зборы, проста скупляючы ў «чарнушнікаў» артэфакты. Адным словам — сваімі дзеяньнямі стваралі рынак і попыт. А зараз — гвалт! Мяне прымушаюць падпарадкоўвацца закону! Так, прымушаюць. Але ніхто не зьбіраецца адбіраць, і нават ніхто не зьбіраецца забараняць мяняцца і прадаваць артэфакты, якія будуць знаходзіцца ў калекцыях, унесеных у адзіны дзяржаўны рэестар. Мяняйцеся на здароўе! А вось папаўненьня нованакапанымі рэчамі ўжо, выбачайце, ня будзе.
Адным словам, заканадаўчае вырашэньне пытаньня насьпявала даўно. Так, папярэднія нарматыўныя акты нібыта таксама забаранялі нелегальную здабычу археалягічных артэфактаў. Але самага галоўнага моманту — пакараньня за парушэньне закону — не было. Няма яго пакуль і цяпер, бо праект зьменаў і дапаўненьняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях яшчэ не зацьверджаны. Але вельмі спадзяюся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. І што працаваць ён будзе адразу на вырашэньне абодвух бакоў праблемы: на спыненьне самастойнай дзейнасьці «аматараў прыборнага пошуку» і на дысцыплінаваньне «кашальком» кіраўнікоў розных прадпрыемстваў, якія звыкліся зь беспакаранасьцю за зьнішчэньне археалягічнай спадчыны падчас сваёй гаспадарчай дзейнасьці.
Уся наша гісторыя ляжыць у зямлі
На завяршэньне працытую словы Міхася Чарняўскага, Археоляга і Грамадзяніна, настаўніка многіх шчырых патрыётаў Беларусі, чалавека, які прысьвяціў сваё жыцьцё Бацькаўшчыне і яе археалёгіі (арыгінал можна паглядзець у дакумэнтальным фільме Валера Мазынскага «І выберу Радзіму»):
«Акупанты — з усходу, з захаду, з усіх бакоў — зьнішчылі амаль усё, што ў нас на паверхні: замкі, цэрквы... Уся наша гісторыя ляжыць у зямлі зараз. Тое, што вы бачыце ў музэях — тыя рэчы старыя, бутэлькі, зброя — гэта не прыйшло з 19, 18 стагодзьдзя з нашых музэяў, бо нашы музэі разрабаваныя і вывезеныя — гэта археолягі знайшлі ў зямлі. Усё гэта ляжыць у зямлі. І да гэтага часу яно зьберагалася. А зараз новыя, унутраныя акупанты, марадзёры гэтыя з мэталашукальнікамі, шукаюць ужо, што пад зямлёй ляжыць. Яны выдзіраюць гэтую нашу спадчыну гістарычную і прадаюць яе. Гэта бізнэс. Гэта страшэнна».
Я разумею, што гэты артыкул — яшчэ адна гарошына ў бок Сьцяны. Але прамаўчаць не магу. Асабліва цяпер, калі невыносна балюча глядзець на тое, як імкліва зьнікае наша гісторыя, а людзі па няведаньні ці наўмысна прыкладаюць да гэтага руку. І яшчэ настойваюць на тым, што яны маюць на гэта права. Права на зьнішчэньне самабытнасьці Беларусі.