Рэспубліка Беларусь нарадзілася зь пены марской нетры, што паглынула архіпэляг СССР. Сюды-туды і далі ёй разам зь іншымі, учора сацыялістычнымі рэспублікамі, свой аўтамабільны код, згодна канвэнцыі аб дарожным руху. 1992 год. Замежным чыноўнікам не здавалася, што існуе нейкая складанасьць, пагатоў — што яны робяць памылку. Вось вам ангельскія слоўнікі, вось вам даўні член ААН Byelorussia (наданьне такіх кодаў якраз рэгулюецца ААН). Усё проста. Што рэспубліка назвала сябе інакш, не па-расейску, што існуе на эўрапейскай мапе пад сваім імем, мала каго зацікавіла.
Паступова многія адмовіліся ад старой, савецкай, расейскай назвы Белоруссия. Я маю на ўвазе замежныя краіны: афіцыйна прызналі беларускую. Але на аўтамабілях яна засталася на векі вечныя. І таварны знак зьявіўся BY, як і дамэн у інтэрнэце. Гэтае BY ўелася нам у мазгі. Мы безь яго, як бяз рук цяпер.
Атрымалася краіна не пад сваім імем. Зь нежывым таўром. Нібы, ужо памёршы, СССР пакінуў свой знак на целе рэспублікі. Як ні круці, Белоруссией яна была, калі мела назву БССР, калі яшчэ не была сама сабой, прынамсі не спрабавала. Была савецкай, несамастойнай, а сёньня называецца — РБ і лічыць сябе сувэрэннай. І працягвае жыць нібы зь не сваім пашпартам.
Мы ўсе BY. Гэта геніяльным чынам адлюстроўвае стан краіны і жыхароў. Ёй сьняцца сны малодшага брата, які камплексуе перад старэйшым, зайздросьціць яму ў глыбіні душы. Ня дзіва, што зьмест і душа не зусім беларускія, не перамаглі мы сваю савецкасьць. Дый не хацелі, трымаліся за яе як за дзіравую лодку. Мы ня любім сваё імя, як мінімум, перажываем зь яго нагоды, камплексуем. Адчуваем у душы пакуту, быццам незаконна былі народжаныя.
Што казаць пра замежнікаў, калі самі беларусы ніяк не маглі прызвычаіцца да назвы Беларусь? Бо для іх гэта назва, узятая зь беларускай мовы, а мова гэтая прысутнічае ў жыцьці на адзін працэнт. Іншымі словамі, сама назва краіны нібы маргінальнае мае становішча. І ў новых падручніках ангельскай мовы, што друкаваліся нават у нас, па-ранейшаму было напісана Byelorussia. Спартоўцы траплялі на спаборніцтва за мяжу з такім надпісам на форме. Не забуду, як пару гадоў таму маладая мадэлька на фэшн-канале прызналася, што яна прыехала «фром Белоруссія», нават не пастараўшыся вымавіць гэта па-ангельску. Як выглядала, назва Беларусь у яе ў галаве не замацавалася. Што ня дзіўна. Бо слова нярускае. А мова дзяржавы, думкі яе, пляны і мары, дакумэнты — толькі рускія. Так што быць нам BY. Ад слова Byelorussia. Прывітаньне з СССР!