«Я не размаўляю па-беларуску, бо...» — інтэрнэт-акцыя, арганізаваная курсамі беларускай мовы «Мова Нанова».
На адмысловай старонцы кожны можа зрабіць макет-бігборд са сваім фота і напісаць сваё тлумачэньне, чаму не размаўляе па-беларуску, або, як кажуць арганізатары, «адмазку».
Арганізатары прысьвячаюць кампанію Дню роднай мовы. Яны лічаць: калі назваць прычыну ўголас, лёгка зразумець, наколькі яна надуманая і як лёгка яе можна пераадолець.
«Цягам апошняга месяца людзі стварылі каля 1900 карцінак „гэта я беларускамоўны...“.
Напярэдадні Дня роднай мовы курсы „Мова Нанова“ заклікаюць вас да маленькай правакацыі. Прызнайцеся, чаму вы не размаўляеце па-беларуску? Прызнайцеся і зрабіце першы крок да беларускай мовы», — напісаў у Фэйсбуку каардынатар «Мовы Нанова» Глеб Лабадзенка.