«Сьледзтва павінна было скончыцца 10 лютага. Але цяпер працягнута яшчэ на адзін месяц. Чым далей вядзецца сьледзтва, тым з больш высокага дазволу яно падаўжаецца. То бок пасьля пэўнага часу для працягу сьледзтва патрэбны дазвол генэральнага пракурора», — патлумачыў Міхалевіч.
Алесь Міхалевіч застаецца ў статусе абвінавачваемага паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году:
Я хіба апошні, хто яшчэ застаўся ў гэтай крымінальнай справе.
«Я хіба апошні, хто яшчэ застаўся ў гэтай крымінальнай справе. Пасьля майго ад’езду ў 2011 годзе мая частка справы была вылучаная ў асобную вытворчасьць, якая вядзецца да гэтага часу».
Алесь Міхалевіч кажа, што варыянтаў далейшых падзеяў, зьвязаных зь яго крымінальнай справай, некалькі:
«Могуць працягнуць сьледзтва далей. Могуць перадаць справу ў суд. Могуць зьняць абвінавачваньні і закрыць справу праз адсутнасьць складу злачынства. На вялікі жаль, ёсьць варыянт, які быў выкарыстаны ў дачыненьні да журналіста Аляксандра Алесіна, — прыпыненьне справы праз адсутнасьць магчымасьці далейшага правядзеньня сьледчых дзеяньняў».
Палітык гаворыць, што рашэньне аб адмене эўрапейскіх санкцыяў павінна было б быць падмацаванае канкрэтнымі крокамі з боку афіцыйнага Менску. Напрыклад, можна было б закрыць усе справы, зьвязаныя з падзеямі 19 сьнежня 2010 году:
Я перакананы, што афіцыйны Менск задаволены зьняцьцём санкцыяў — гэта паляпшае шансы на пошук сродкаў.
«Санкцыі — гэта толькі невялікая частка адносінаў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Перш за ўсё мы павінны гаварыць пра тое, што цікавіць беларускія ўлады, — пра грошы і крэдыты. Я перакананы, што афіцыйны Менск задаволены зьняцьцём санкцыяў — гэта паляпшае шансы на пошук сродкаў. Што тычыцца мяне, мне не падабаецца, што я застаюся абвінавачаным паводле крымінальнай справы, а санкцыі зьнятыя. Мне б хацелася, каб афіцыйны Менск зрабіў нешта вельмі канкрэтнае. Напрыклад, пазакрываў крымінальныя справы, з-за якіх і была ўведзеная значная частка гэтых санкцыяў».