Рашэньне зьнімае блякаваньне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня, судзьдзяў і пракурораў, а таксама для трох кампаній.
Пад санкцыямі засталіся чатыры асобы, якія, як мяркуецца, адказныя за зьнікненьне прадстаўнікоў апазыцыі: Уладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман.
Застаецца таксама эмбарга на пастаўкі зброі.
Рашэньне Рады Эўразьвязу аб адмене санкцый уваходзіць у дзеяньне 1 сакавіка.
Кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што галоўнай прычынай зьняцьця санкцый стала вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.
***
Паводле выніковага дакумэнту па Беларусі, Рада Эўразьвязу вітае «актыўны ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве», пачатак перамоваў пра спрашчэньне візавага рэжыму паміж Брусэлем і Менскам, а таксама аднаўленьне дыялёгу па правах чалавека паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Дакумэнт адзначае, што Рада вырашыла паскорыць рэалізацыю мер, накіраваных на ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю ў шэрагу эканамічных і гандлёвых сфэраў з мэтай мадэрнізацыі Беларусі і яе эканомікі ў інтарэсах беларускага насельніцтва, з улікам далучэньня да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі і ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.
Адначасова Рада Эўразьвязу застаецца крытычнай адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рада асуджае пакараньне сьмерцю і «заклікае беларускія ўлады ўвесьці мараторый у якасьці першага кроку да яго адмены».
У дакумэнце таксама ўтрымліваецца заклік да аднаўленьні грамадзянскіх і палітычных правоў былых палітычных вязьняў і падкрэсьліваецца неабходнасьць забесьпячэньня свабоды сходаў і аб’яднаньняў ды рэгістрацыі палітычных і грамадзкіх арганізацый.
Брусэль заклікае беларускія ўлады «дазволіць грамадзянскай супольнасьці больш актыўна ўдзельнічаць у абмеркаваньні дзяржаўнай палітыкі» і «ліквідаваць усе перашкоды для ажыцьцяўленьня свабоднай і незалежнай працы СМІ, у тым ліку шляхам рэгістрацыі новых СМІ і акрэдытацыі журналістаў».