Тры дзясяткі магілёўскіх прадпрымальнікаў з розных гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў гораду прыйшлі 15 лютага да будынку аблвыканкаму, каб выказаць свой пратэст супраць 222 указу.
Некаторыя зь бізнэсоўцаў заяўлялі, што іх прысутнасьць на плошчы Леніна зьвязаная з падтрымкай калегаў-мітынгоўцаў у Менску.
Некалькі бізнэсоўцаў грамада дэлегавала на гутарку з начальнікам упраўленьня прадпрымальніцтва Віктарам Красоўскім. Прабылі яны ў чыноўніка блізу гадзіны.
«Мы хадзілі, каб даведацца, што нам далей рабіць, — сказаў адзін зь перамоўнікаў. — Нам адказалі: „У каго ёсьць дакумэнты — працуйце. Вас ніхто чапаць ня будзе. Заўтра будзе пасяджэньне ў Міністэрстве эканомікі і будзе разглядацца 222 указ. Можа, будзе нейкая новая інфармацыя“. Усе абяцаньні на словах. Дакумэнтальнага пацьверджаньня няма».
Пакуль дэлегацыя прадпрымальнікаў вяла перамовы ў аблвыканкаме, іхныя калегі на плошчы асобнымі купкамі абмяркоўвалі між сабой сытуацыю, якая ўтварылася пасьля ўступленьня ў сілу 222 указу.
На пытаньне, чаму сабраліся пад аблвыканкамам, некаторыя заяўлялі, што гэтак падтрымліваюць мітынг прадпрымальнікаў у Менску. Гаварыць з журналістам прадпрымальнікі на Плошчы вялікай ахвоты ня мелі. Адзін зь іх сказаў, што ня раз адказваў на журналісцкія пытаньні, але толку ад гэтага мала. «Нічога не мяняецца», — сказаў бізнэсовец журналісту.
З чыноўнікамі аблвыканкаму за паўтара месяца, як дзейнічае ўказ № 222, прадпрымальнікі сустракаліся двойчы. Двойчы чулі запэўніваньні, што «ўлада ў крыўду бізнэс ня дасьць». На пытаньні, як ня будзе даваць абласная ўлада крыўдзіць прадпрымальнікаў, канкрэтнага адказу не было.
Згодна з 222 указам прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў. Прыкладна празь месяц пасьля таго, як указ уступіў у сілу, у Магілёве прадпрымальнікі ў гандлёвых цэнтрах паволі пачалі выходзіць на працу.