Радыё Свабода атрымала праект дакумэнту, падрыхтаванага Радай Эўразьвязу да заўтрашняга паседжаньня міністраў замежных спраў 28 краін, на якім будзе абмяркоўвацца лёс санкцый адносна рэжыму ў Беларусі.
Міністры замежных спраў ЭЗ гатовыя адмяніць большую частку санкцый падчас сустрэчы ў Брусэлі 15 лютага. Пра гэта са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк. Але эмбарга на пастаўкі зброі, відавочна, застанецца ў сіле.
Гэты крок, на думку Брусэлю, будзе спрыяць нядаўняму пацяпленьню, у выніку якога чатыры месяцы таму санкцыі былі замарожаныя.
Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі атрымала пахвалу ад Захаду за яе ролю ў правядзеньні міжнародных перамоў аб спыненьні баявых дзеяньняў ва Ўсходняй Украіне, а таксама пасьля таго, як у жніўні былі выпушчаныя палітвязьні. Але крытыкі гэтага рашэньня папярэджваюць, што прыпыненьне санкцыяў заўчаснае, і ціск Захаду павінен працягвацца, каб прымусіць Менск праводзіць дэмакратычныя рэформы і больш паважаць правы чалавека і свабоду слова.
Цяпер санкцыі ахопліваюць блякаваньне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку і яго блізкіх прыхільнікаў, судзьдзяў і пракурораў, а таксама тры кампаніі. Большасьць зь іх былі накладзеныя ў сувязі зь дзеяньнямі ўладаў адносна апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе, але некаторыя дзейнічалі з 2004 году.
Калі міністры ЭЗ сустрэнуцца 15 лютага, паведамілі крыніцы, яны, верагодна, пагодзяцца, што дзясяткі людзей і тры кампаніі будуць выключаныя з санкцыйнага сьпісу, але чатыры асобы, якія, як мяркуецца, адказныя за зьнікненьне чатырох прадстаўнікоў апазыцыі ў 2000 годзе, застануцца пад санкцыямі. Гэта Ўладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман.
Эмбарга на пастаўкі зброі, як чакаецца, таксама будзе падоўжанае. Крыніцы паведамляюць, што супраць захаваньня эмбарга выступае Вугоршчына, якая цяпер сама знаходзіцца пад крытыкай Брусэлю за парушэньне дэмакратычных нормаў у галіне сродкаў масавай інфармацыі. Вугоршчына хацела б адмены эмбарга, каб мець магчымасьць пастаўляць у Беларусь спартовыя і паляўнічыя стрэльбы.
«Актыўны ўдзел»
На сваім паседжаньні 15 лютага міністры замежных спраў 15 28 краін Эўразьвязу разгледзяць дакумэнт, падрыхтаваны Радай ЭЗ. Радыё Свабода мела магчымасьць пазнаёміцца з гэтым дакумэнтам.
Рада Эўразьвязу, паводле дакумэнту, вітае «актыўны ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве», пачатак перамоваў пра спрашчэньне візавага рэжыму паміж Брусэлем і Менскам, а таксама аднаўленьне дыялёгу па правах чалавека паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Дакумэнт намякае, што бакі рухаюцца да больш цеснага супрацоўніцтва, адзначаючы, што Рада вырашыла «паскорыць рэалізацыю мер, накіраваных на ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю ў шэрагу эканамічных і гандлёвых сфэрах з мэтай мадэрнізацыі Беларусі і яе эканомікі ў інтарэсах беларускага насельніцтва, у тым ліку з улікам далучэньня да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі і ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, у прыватнасьці Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам і Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця у адпаведнасьці зь іх мандатамі.
Нягледзячы на пераважна пазытыўны тон высноваў, Рада Эўразьвязу застаецца крытычнай адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рада асуджае пакараньні сьмерцю і «заклікае беларускія ўлады ўвесьці мараторый у якасьці першага кроку да яе адмены».
У дакумэнце таксама ўтрымліваецца заклік да «аднаўленьні грамадзянскіх і палітычных правоў былых палітычных вязьняў і падкрэсьліваецца неабходнасьць забесьпячэньня свабоды сходаў і аб’яднаньняў, у тым ліку, дазваляючы рэгістрацыю палітычных і грамадзкіх арганізацый».
Брусэль заклікае беларускія ўлады «дазволіць грамадзянскай супольнасьці больш актыўна ўдзельнічаць у абмеркаваньні дзяржаўнай палітыкі» і «ліквідаваць усе перашкоды для ажыцьцяўленьня свабоднай і незалежнай працы СМІ, у тым ліку шляхам рэгістрацыі новых СМІ і акрэдытацыі журналістаў».
Ні Расея, ні Ўкраіна ня згадваюцца ў тэксьце дакумэнту, там толькі адзначаецца, што «Рада ЭЗ пацьвярджае, што добрасуседзкія адносіны і рэгіянальнае супрацоўніцтва зьяўляюцца важнымі элемэнтамі для пашырэньня супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю».