Нямецкае выданьне Spiegel Online і актывісты міжнароднай дасьледчай каманды Conflict Intelligence Team (CIT) у суботу апублікавалі новыя дадзеныя наконт ўдзелу расейскай арміі ў наземнай апэрацыі на поўначы Сырыі.
Як адзначаецца ў расьсьледаваньні CIT, у сярэдзіне студзеня сырыйскія ўрадавыя войскі практычна выцеснілі атрады ўзброенай апазыцыі з горнага масіву Джэебэль-Туркмэн, «Туркменскіх гораў» — раёну, у якім упаў збіты турэцкімі ВПС расейскі бамбавік Су-24.
Актывісты знайшлі ў інтэрнэце некалькі фатаграфій і відэа, час і месца здымкі якіх сьведчыць: наступ войскаў Асада на поўначы Сырыі ажыцьцяўляецца з удзелам расейскіх рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Град» і «Смерч», а таксама гаўбіц «Мста-Б». Ваенны персанал, заўважаны на гэтых фатаздымках і відэа, — таксама расейскі. Як адзначаецца ў расьсьледаваньні, гэта бачна па характэрных кукардах на галаўных уборах, якіх няма на ваеннай форме салдат сырыйскай урадавай арміі.