Міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна на выніковай калегіі ведамства заявіла, што сытуацыя на рынку працы Беларусі ў 2015 годзе прыкметна зьмянілася.
Пра гэта піша БЕЛТА.
«Пачынаючы з канца 2014 году прыкметна зьмянялася сытуацыя на рынку працы рэспублікі: ўзрасла колькасьць зваротаў у службу занятасці па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні, павялічылася рэгістрацыя беспрацоўных, зьнізіўся попыт на рабочую сілу», — канстатавала міністар.
Шчоткіна адзначыла, што вялікую ролю ў сфэры працоўнай занятасьці адыгралі зьмены, унесеныя ў Працоўны кодэкс у сьнежні 2014 году. Яны, у прыватнасьці, дазволілі працаваць па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень у выпадку вымушанага прыпыненьня працы ў наймальніка, працаваць дыстанцыйна і іншае.
Міністар заявіла, што ў Беларусі не дапушчана значнага росту афіцыйна рэгістраванага беспрацоўя. Яго ўзровень склаў на 1 студзеня 2016 году 1% (на 1 студзеня 2015-га беспрацоўных было амаль удвая меньш).
Шчоткіна канстатавала, што павелічэньне ўзроўню беспрацоўя ў краіне зьвязана ў тым ліку зь легалізацыяй працаздатных грамадзян на рынку працы ў сувязі з прыняцьцем дэкрэта № 3 («дэкрэт аб дармаедах»). Паводле яе слоў, на службу занятасьці за год прыйшлі амаль 42 тысячы чалавек, якія доўгі час не працавалі.
Зьмяніліся колькасьць і структура вакансій. На 1 студзеня 2016 года наймальнікі заявілі аб наяўнасьці 28,7 тысячы вакансій. Сёньня практычна аднолькава запатрабаваныя як рабочыя (51% ад агульнай колькасці вакансій), так і спэцыялісты (49%), хоць год таму ўдзельная вага вакансій для рабочых складала 67%.
Ва ўмовах зьніжэньня колькасьці вакансій самастойны пошук працы для грамадзян становіцца менш эфэктыўным, таму расце колькасьць зваротаў па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні.