У чарговым выпуску перадачы «Інтэрвію тыдня» былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб разважае, адкуль у сёньняшняй міліцыі зьяўляецца беспакаранасьць і схільнасьць да гвалтоўных дзеяньняў, чаму жыхары сталіцы не ідуць працаваць у праваахоўныя органы і што трэба зрабіць заканадаўчым шляхам, каб міліцыянты перасталі ілжэсьведчыць у судах. Зь Мечыславам Грыбам гутарыў Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Апошнім часам у грамадзтве ідзе актыўная дыскусія наконт паводзінаў прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Чаму такія скандальныя рэчы, як зьбіцьцё журналіста, зьбіцьцё падазраваных, хамства супрацоўнікаў міліцыі ўвогуле адбываюцца? Тут проста недастойныя паводзіны пэўных канкрэтных міліцыянтаў — ці за гэтым стаіць сыстэма беспакаранасьці прадстаўнікоў праваахоўных органаў?
Грыб: Адназначна на ваша пытаньне адказваць складана. Бо такія выпадкі здараюцца і ў іншых краінах, напрыклад, у ЗША. А ў Беларусі гэта было і раней, у савецкія часы. Але цяпер, як выглядае, гэтых выпадкаў стала відавочна больш — бо зьмянілася нешта ў нашай краіне, сыстэма, маральныя ацэнкі.
Міліцыя павінна ў сваёй дзейнасьці кіравацца Канстытуцыяй, заканадаўствам, інструкцыямі. Наколькі я памятаю, правы і магчымасьці для прымяненьня сілы вельмі абмежаваныя. Калі злачынцу злавілі на месцы здарэньня і ён не выконвае законных патрабаваньняў супрацоўнікаў міліцыі, калі жыцьцю супрацоўніка пагражае небясьпека і іншым шляхам ён абараніць сябе ня можа, калі ёсьць напад на дзяржаўныя будынкі, калі ёсьць пагроза жыцьцю грамадзянаў — і гэта фактычна ўсё! У астатніх выпадках прымяненьне фізычнай сілы не дазваляецца.
Сёньня, як і раней, за нейкі выпадак парушэньня, перавышэньня сваіх паўнамоцтваў адказвае ня толькі сам супрацоўнік міліцыі, але і ягонае начальства. Таму яны зацікаўленыя хаваць гэтыя выпадкі, адмываць плямы з мундзіра.
Праблема ў тым, што сёньня, як і раней, за нейкі выпадак парушэньня, перавышэньня сваіх паўнамоцтваў адказвае ня толькі сам супрацоўнік міліцыі, але і ягонае начальства. Таму яны зацікаўленыя хаваць гэтыя выпадкі, адмываць плямы з мундзіра. Бо людзі ня кажуць, што канкрэтна Іваноў зьбіў журналіста, — людзі кажуць «міліцыя зьбіла». Таму тыя і абараняюцца, пракуратура іх падтрымлівае...
Цыганкоў: Ці ёсьць тут элемэнт таго, што называецца — кругавая парука, альбо гонар мундзіра? Хіба гэта палітычна апраўдана для ўлады? Можа, уладзе было б больш палітычна правільна пакараць тых канкрэтных некалькіх міліцыянтаў, якія зьбівалі журналіста ў будынку суду? Можа, ад гэтага ўлада мела б больш дывідэндаў. Але чаму яны заўсёды выбірае абарону людзей у форме?
Грыб: Я згодны з пастаноўкай вашага пытаньня. Кіраўніцтва ня хоча насіць «плямы на мундзіры», і, зь іншага боку, баіцца быць пакараным, баіцца, што яго здымуць за дзеяньні ягоных падначаленых. Гэта няправільна, я лічу — калі чалавек адказвае не за сябе, а за дзеяньні іншых. І, зразумела, было б больш справядліва, як гэта робіцца ў ЗША — хто канкрэтна вінаваты, той і адказвае. Ніякае начальства іх не абараняе, не выгароджвае.
Калі ў нас аўтарытарны рэжым і ўсе падпарадкоўваюцца зьнізу ўверх — то гэта распаўсюджваецца і на міліцыю. У каго ўлада — у таго і больш правоў.
Другое — органы ўнутраных спраў адлюстроўваюць у цэлым уладу ў краіне. Калі ў нас аўтарытарны рэжым і ўсе падпарадкоўваюцца зьнізу ўверх — то гэта распаўсюджваецца і на міліцыю. У каго ўлада — у таго і больш правоў.
Цыганкоў: Пры прыёме на працу ў міліцыю існуе даволі распрацаваная сыстэма псыхалягічных апытаньняў, праверак асобы, дзе высьвятляюцца схільнасьці чалавека. Чаму пры ўсім гэтым у міліцыю трапляюць людзі, схільныя да гвалту, малаадукаваныя, хамскія? Як яны гадамі застаюцца ў органах унутраных спраў?
Грыб: Сыстэма ёсьць, але яна частка агульнай палітычнай сыстэмы. Другое пытаньне — працаваць у міліцыі нялёгка, штодня цябе выводзяць зь цярпеньня. Чалавек працуе ў стрэсавай сытуацыі, і ня кожны гэта вытрымлівае.
І самае галоўнае — чаргі на працу ў міліцыі няма. Міліцыя недаўкамплектаваная.
Цыганкоў: То бок бяруць тых, хто трапіцца, хто згодны туды пайсьці?
Маральна гэтыя людзі не гатовыя працаваць у міліцыі, тым больш у сталіцы, весьці дыялёг з адукаванымі людзьмі.
Грыб: Так. Наколькі я ведаю, менчукі ня прагнуць ісьці працаваць у міліцыю. Таму бяруць хлопцаў зь вёскі, пасьля войска, якім у сваёй вёсцы няма працы. А тут ім даюць заробак, нейкае жыльлё, паўнамоцтвы і правы. Але маральна гэтыя людзі не гатовыя працаваць у міліцыі, тым больш у сталіцы, весьці дыялёг з адукаванымі людзьмі.
Цыганкоў: І тут атрымліваецца такі псыхалягічны фэномэн: яны ўсім абавязаныя гэтай уладзе, якая ўзяла іх на працу. Яны былі нікім, а цяпер сталі пры ўладзе і пры зброі. Ня кожны гэта вытрымлівае...
Грыб: Калісьці казалі, што самы вялікі чалавек у СССР — гэта вахцёр, які можа «пушчаць» ці «не пушчаць». Вядома, гэтыя людзі ўдзячныя гэтай сыстэме, якая іх адзела, абула, дала заробак. Яны ж разумеюць, што калі іх адсюль выпруць, ім няма куды больш ісьці. Таму яны трымаюцца за сваю працу і ўмацоўваюць сыстэму.
Цыганкоў: Як можна ацаніць тыя выпадкі, калі міліцыянты ілжэсьведчаць у судах? Прыходзіць міліцыянт, які ня бачыў падазраванага, але кажа, што той нецэнзурна лаяўся ці супраціўляўся міліцыі. Чаму гэта адбываецца? Пры прыняцьці на працу ў праваахоўныя органы першым жа чынам ідзе прававая адукацыя — яны павінны ведаць, што нельга парушаць закон. Але чаму яны гэта робяць?
Міліцыянты ў першую чаргу выконваюць не закон, а ўказаньні сваіх начальнікаў. Я думаю, ніхто зь іх нават Канстытуцыю не чытаў.
Грыб: Міліцыянты ў першую чаргу выконваюць не закон, а ўказаньні сваіх начальнікаў. Я думаю, ніхто зь іх нават Канстытуцыю не чытаў, яны баяцца Канстытуцыі! Чаму міліцыянты прыходзяць у суды і падпісваюць пратаколы, што глуханямы лаяўся, а бязрукі пляскаў у ладкі? Бо ім так сказалі начальнікі! І ён лічыць, што паступае правільна. Бо выконвае загады кіраўніцтва.
Я пра гэта шмат разважаў — і прыйшоў да высновы, што трэба заканадаўчым шляхам абмежаваць магчымасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў быць сьведкамі ў пэўных абставінах. Ня цалкам абмежаваць — гэта немагчыма, бо яны грамадзяне, як і ўсе. Але ў пэўных абставінах — калі яны затрымлівалі, калі яны зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі — яны не павінны быць сьведкамі. Тады і міліцыя будзе лепш выглядаць, і незаконна пакараных людзей будзе менш.