Максіму Вінярскаму і Аляксандру Макаеву далі штраф па 50 базавых (10 500 000), Дзянісу Красачку — 20 базавых (4 200 000), Ніне Багінскай — 25 базавых (5 250 000).
Максім Вінярскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што вынік суду быў прадказальны.
«Бачна, што роля судзьдзяў зусім зьнівэлявалася. Колькі ім загадана, столькі і мусяць даць, ня больш і ня менш. Я адмовіў суду ў даверы і не падымаўся, судзьдзя на гэта адрэагавала адзіным — сама зачытвала пастанову седзячы. Зь іншага боку, гэта добра, што судзьдзі самі ставяцца да сваёй працы зьдзекліва. Іншага наша правасудзьдзе не заслугоўвае».
Асуджаныя ўдзельнікі акцыі 30 студзеня заявілі, што будуць абскарджваць пастановы суду.
«Удзельнічаў у акцыі і гэтым ганаруся» — прадпрымальнік Макаеў
Першым судзілі Аляксандра Макаева. Судзьдзя Андрэй Камушкін адразу забараніў здымкі. Макаеў даваў паказаньні па-беларуску, але судзьдзя адхіліў яго хадайніцтва пра вядзеньне працэсу на беларускай мове. Макаеў не прызнаў сваёй віны, спаслаўся на канстытуцыйнае права ўдзельнічаць у вулічных акцыях.
«Удзельнічаў у акцыі і гэтым ганаруся. Такіх акцыяў трэба праводзіць больш», — сказаў Макаеў.
Макаеў дае паказаньні па-беларуску, але судзьдзя адхіліў яго хадайніцтва пра тое, каб працэс вёўся на беларускай мове.
Па выніках суду Аляксандар Макаеў аштрафаваны на 50 базавых велічыняў (10 500 000 рублёў). Ён пажартаваў, што такога хуткага суду над ім яшчэ не было. «І добра, ня варта гэты спэктакль зацягваць», — сказаў Макаеў.
***
Справу Натальлі Гарачкі, як і справу Сьвятланы Якшынай, адклалі для выпраўленьня недакладнасьцяў у пратаколе.
На судзе сьведка-міліцыянт не пазнаў Гарачку, адносна якой сьведчыў. Гарачка заявіла, што ня бачыла сьведак-міліцыянтаў на акцыі. Менавіта пасьля гэтай яе заявы судзьдзя спыніў працэс і адправіў справу на дапрацоўку.
Паводле «Вясны», справы яшчэ трох удзельнікаў акцыі — Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Мікалая Казлова — будуць разгледжаныя 16 лютага ў гэтым жа судзе.
30 студзеня ў Менску адбылася акцыя пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі — пікет пад будынкам Вярхоўнага суду. Паводле зьвестак праваабаронцаў, якія праводзілі маніторынг мерапрыемства, супрацоўнікі міліцыі ў той дзень склалі 7 пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на грамадзкіх актывістаў і палітыкаў — Анатоля Лябедзьку, Дзяніса Красачку, Вольгу Маёраву, Максіма Вінярскага, Натальлю Гарачка-Басалыгу, Сьвятлану Якшыну, Мікалая Казлова.