Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», справу актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага будзе разглядаць судзьдзя М. Запасьнік. Пачатак працэсу а 15-ай гадзіне. Яго вінавацяць у парушэньні артыкулу 23.34. КаАП РБ (частка 3) — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У гэты час таксама будуць судзіць актывістку АГП Сьвятлану Мішыну, Натальлю Басалыгу-Гарачку. На 16 гадзінаў прызначаны разгляд справы Дзяніса Красачкі.
Аляксандру Макаеву позва ў суд прыйшла на 14 гадзінаў.
Старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька атрымаў позву ў суд Ленінскага раёну Менску на 16 лютага. Як паведаміла прэсавая служба АГП, актывісты партыі Вольга Маёрава і Мікалай Казлоў адправілі ў суд запыты на перанос разгляду спраў на 16 лютага, паколькі 11 лютага ня могуць прысутнічаць у судзе па важкіх прычынах.
30 студзеня ў Менску адбылася акцыя пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі ў выглядзе пікету пад будынкам Вярхоўнага суду. Паводле зьвестак праваабаронцаў, якія праводзілі маніторынг мерапрыемства, супрацоўнікі міліцыі ў той дзень склалі 7 пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на грамадзкіх актывістаў і палітыкаў — Анатоля Лябедзьку, Дзяніса Красачку, Вольгу Маёраву, Максіма Вінярскага, Натальлю Гарачка-Басалыгу, Сьвятлану Якшыну, Мікалая Казлова.