Тры з чатырох дывізіёнаў ракетных комплексаў C-300, якія нашай краіне бясплатна пастаўляе Расея, прыбылі ў Беларусь, паведамляе БелаПАН са спасылкай на кіраўніка вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны Алега Дзьвігалёва.
Па словах Дзьвігалёва, два дывізіёны ракетных комплексаў прыбылі з Хабараўску і паступяць на ўзбраеньне 377-га зэнітна-ракетнага палку ў Полацку, трэці дывізіён «прымаюць у Барысаве», а пастаўка чацьвёртага чакаецца ў сакавіку — ён прыбудзе з Нарыльску разам з камандным пунктам. Па адным дывізіёне скіруюць у 1-шы і 115-ты зэнітныя ракетныя палкі ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях.
Комплексы С-300 ПС пастаўляюцца Расеяй задарма пасьля капітальнага рамонту з гарантыяй службы да 5–7 год. Створаная групоўка, па словах Дзьвігалёва, «дазваляе рашаць усе пастаўленыя задачы», далейшых паставак падобных комплексаў не плянуецца. C-300 здольная паражаць цэлі ў паветры на дальнасьці ад некалькіх кілямэтраў да трох соцень кілямэтраў як на звышмалой вышыні, так і на вышыні да 27 км.
Незалежны ваенны аглядальнік Аляксандар Алесін выказваў меркаваньне, што С-300 Расея пастаўляе ў Беларусь бясплатна як свайму ваеннаму саюзьніку, а сама ад гэтых комплексаў пазбаўляецца, бо яны састарэлі.