Як паведамляе тэлеканал «Белсат», генэральная пракуратура Ўкраіны выставіла новыя доказы датычнасьці экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча да расстрэлу мітынгоўцаў «Рэвалюцыі годнасьці» ў Кіеве, у якім загінулі больш за 100 чалавек, што пазьней сталі вядомыя як «Нябесная сотня». Па словах генпракурора Ўкраіны, крымінальная справа практычна завершаная. Пра зброю, знойдзеную і прадэманстраваную праваахоўнымі органамі, распавядае «Белсат».
Знойдзеныя фрагмэнты 23-х адзінак зброі: аўтаматаў Калашнікава, снайпэрскіх вінтовак Драгунова і помпавых стрэльбаў «Форт». Цяпер зь імі працуюць экспэрты, каб вызначыць прыналежнасьць да сілавых органаў. Фрагмэнты стрэльбаў знайшлі ў вадаёме і прыбярэжнай паласе за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Майдану Незалежнасьці. На дванаццаці стрэльбах ужо аднавілі ідэнтыфікацыйныя нумары, яшчэ на сямі — часткова.
Беларуса Міхаіла Жызьнеўскага забілі куляй 12 калібру — менавіта такі калібар мае Форт 500Т, які выкарыстоўваўся спэцназам на вуліцы Грушэўскага і ў які можна зарадзіць мэталёвую карцеч. Сябра Жызьнеўскага Тарас Кабялка распавёў, што Міхаіл на вуліцы Грушэўскага абараняўся ад гумовых куляў драўляным шчытом, але ўпаў ад мэталёвай кулі.
Раней сьледзтва, спасылаючыся на паказаньні аднаго з абвінавачваных камандзіраў роты «Беркут», меркавала, што зброю вывезьлі ў Крым. Але выявілася, што яе не вывозілі — па словах начальніка ўпраўленьня спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Сяргея Гарбацюка, гэта сьведчыць пра тое, што людзі, якія гэта рабілі, выразна ўсьведамлялі, што з гэтай зброі зьдзяйсьняліся злачынствы.
Некаторыя зьвяртаюць увагу на тое, што новыя доказы вінаватасьці Януковіча і ягоных праваахоўнікаў былі прадстаўленыя падчас урадавага крызісу і разгару палітычнай барацьбы прэзыдэнта з прэм’ерам. Украінцы спадзяюцца, перадае «Белсат», што гэтае расьсьледаваньне не паўторыць лёсу гучнай справы зьнікненьня журналіста Георгія Гангадзэ, якую згадвалі ў складаныя палітычныя моманты і перад выбарамі.