Гіблая справа

Яфім Фіштэйн

Прызнаюся без катаваньняў: многія пазыцыі, якія я падзяляю, сапраўды супадаюць, часам даслоўна, з поглядамі буйных ваенных злачынцаў і агідных дыктатараў мінулага. Як і яны, я веру ў тое, што двойчы два чатыры, што Зямля круглая, што закон Архімэда ніхто не адмяняў, што лепш быць багатым і здаровым, чым бедным і хворым. Больш за тое, аказваецца, што зь якім-небудзь катам мяне лучыць пераважная большасьць уяўленьняў, а падзяляе, наадварот, іх нікчэмная доля. Увесь фокус у тым, што для разуменьня таго, як уладкаваны сьвет і хто каму сябар, вырашальным аказваецца менавіта гэтае рознае, а не агульнае. Гэта я да таго, што ня трэба палягчаць сабе разумовую працу, аўтаматычна запісваючы ў пуціністы і праціўнікі дэмакратыі кожнага, хто крытыкуе іміграцыйную практыку некаторых палітыкаў Эўразьвязу.

Трэба быць безнадзейным тугадумам, каб ня бачыць, што адзіны, хто ад мігранцкага крызісу выйграе (калі, вядома, гэта наогул не спэцпраект), — пуцінскі рэжым... На баку Эўропы — толькі мінусы: раздрай усіх і ўсялякіх інстытутаў, узьвядзеньне новых межаў на месцы адмененых старых, глыбокі раскол у грамадзтве, непрадбачаныя выдаткі на ўладкаваньне навасёлаў і яшчэ большыя — на іх наступную дэпартацыю, надзвычайныя меры бясьпекі і, як наступства (цалкам прадказальнае і шмат разоў прадказанае, дарэчы), новыя абмежаваньні грамадзянскіх свабодаў і правоў чалавека. Менавіта гэты пабочны эфэкт канстатуе ў сваёй справаздачы за 2015 год арганізацыя па кантролі за парушэньнямі правоў чалавека Human Rights Watch. Варта ўдумацца ў нетрывіяльную прычынна-выніковую сувязь: у выніку безьлімітнага прыёму блізкаўсходніх уцекачоў, які выдаваўся за трыюмф добрай волі і лібэральнага падыходу да крызісу, пацярпелі найперш якраз лібэральныя каштоўнасьці. Магчыма гэта наогул? Яшчэ як — толькі такое, уласна, і магчыма! Беспамерная і безаглядная міласэрнасьць аж да самаахвяраваньня ніякіх складаных праблемаў не вырашае, лёгіку рэчаў не адмяняе. У расейскай прымаўцы «Пашлі дурня Богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е» мудрасьці — на дзесяць філязофскіх трактатаў.

Агідна, вядома, бачыць зларадзтва крамлёўскіх прапагандыстаў, якія падаюць у сваіх зомбі-скрынях абуральныя прыклады заходняй паліткарэктнасьці, аздобленыя, як нафталінам, хлусьнёй. Ня трэба біцца ў адчыненыя брамы, даказваючы, што гэта яны не паліткарэктнасьць спрабуюць абразіць, а сам Захад. Што можна і чаго нельга пісаць і казаць, у несвабодных рэжымах вызначаецца не ціскам атачэньня, не ўтаймавальнай кашуляй грамадзкай думкі, а простым указаньнем начальства. Таму іх зьдзекі і стрэлы выглядаюць так недарэчна і вартымі жалю.

Гэта, аднак жа, ня значыць, што можна дзейнічаць з дакладнасьцю да наадварот, па інэрцыі ўхваляючы любыя глупствы, што выконваюцца ў імя эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Абдымаючы любімую істоту, лепш зьняць ружовыя акуляры. З моманту пачатку крызісу прайшло дастаткова часу, каб зразумець: наіўнае дзяленьне эўрапейцаў на правільных і недаразьвітых, на «ўсечалавекаў» — прыхільнікаў культуры гасьціннасьці і пуціноідаў усіх разьліваў, ад фашыстаў да сталіністаў, — не працуе. Адна інтэлігентная дама, абураная маімі поглядамі, назвала была мяне «сіёна-ватнікам», але нават такая лаянка нічога не тлумачыць і пошуку правільных эўрапейцаў не дапамагае. Між тым, калі паглядзець на цяперашнюю Эўропу з халоднай увагай, адкрыецца даволі непрывабная карціна. Каго, уласна, маюць на ўвазе «ўсечалавекі», кажучы пра сапраўдных эўрапейцаў? Зразумела, што ня тых з Цэнтральнай Эўропы, дзе стагодзьдзямі тварылася рэальная гісторыя Старога Сьвету. Тыя ў вачах расейскіх лібэралаў наогул не дарасьлі і ходзяць у кароткіх саўковых штанах: уцекачоў практычна не прымаюць, рашэньне аб долевым пераразьмеркаваньні сабатуюць, на лютаўскім пасяджэньні Вышаградзкай чацьвёркі пры падтрымцы іншых краінаў рэгіёну наогул зьбіраюцца прапанаваць глыбокае эшалянаваньне Шэнгену, узьвёўшы новую запасную заслону на поўнач ад цяперашняй мяжы і выключыўшы з зоны ўсе балканскія краіны, уключаючы Грэцыю.

Тады, можа быць, сапраўдныя эўрапейцы — гэта скандынавы? Тыя самыя швэды, фіны, нарвэжцы — бо прымалі ж яшчэ нядаўна бяз чэргаў і без разбору! Было — ды сплыло. Нават вэлясыпэдыстаў блізкаўсходняга паходжаньня, якія прыехалі з Расеі па пешых сьцяжынках, яны цяпер спрабуюць вярнуць назад. Швэды абяцаюць вярнуць на радзіму 80 тысяч чалавек — кожнага другога з новых просьбітаў прытулку. Датчанаў, якія мелі калісьці ўстойлівую рэпутацыю самых чульлівых з эўрапейцаў (гісторыю ваенных гадоў пра караля Крысьціяна ўсе ведаюць), як быццам падмянілі: здымаюць ва ўцекачоў з пальцаў залатыя пярсьцёнкі, а з мочак вушэй вырываюць завушніцы — у кошт нібыта будучых выдаткаў.

Вялікабрытанія на ролю правільнага эўрапейца таксама ніяк не падыходзіць — мерыцца дэманстратыўна адмежавацца ад кантынэнтальных праблемаў. Вытаргоўвае для сябе аптымальныя ўмовы шлюбу або разводу з ЭЗ. Афрыканцаў і арабаў, загнаных французамі ў лягер «Джунглі» пад горадам Кале, праз тунэль пад Ля-Маншам не прапускае. Гатовая, нібыта, прыняць да 3 тысяч дзетак, але толькі бездаглядных сірот — тых, у каго дома засталася радня, просяць не турбаваць. Французы з кожным уцекачом усё гучней патрабуюць ня сёньня-заўтра адмяніць антыпуцінскія санкцыі, хоць па вялікім рахунку ніводная з прычын іх увядзеньня ня вырашаная. Такая гістарычная традыцыя: у мінулым стагодзьдзі Францыя рэгулярна парушала саюзьніцкія абавязаньні, выдаючы схільнасьць да здрады за праяву арыстакратызму духу.

Аўстрыйцы? Тыя ня толькі з паўднёвага боку адгарадзіліся калючым дротам, але і першымі на кантынэнце перагледзелі канстытуцыйнае тлумачэньне права на прытулак (старая пашыраная інтэрпрэтацыя не дапускала колькаснага абмежаваньня, чым і аргумэнтавала ўвесь гэты час свой пункт гледжаньня канцлерка Мэркель). Ну, тады, можа быць, Бэльгія, што прытуліла ў Брусэлі штаб-кватэру ЭЗ? Міністар па міграцыйнай палітыцы Грэцыі Яніс Музалас расказаў на днях, што яго бэльгійскі партнэр па перамовах цішком рэкамэндаваў грэкам адбуксоўваць лодкі з уцекачамі назад у турэцкія воды, фактычна асуджаючы іх на верную сьмерць.

Карціна непрывабная, але затое рэалістычная. Ніхто — наогул ніхто! — пакуль і не прыступаў да выкананьня міністэрскіх дамоўленасьцяў аб пераразьмеркаваньні першых 180 тысяч перасяленцаў, ня кажучы ўжо пра наступных. Пальцам не паварушылі нават тыя, хто за разнарадку падняў руку. Дэпартацыі, якія так добра глядзяцца на паперы, у рэальнасьці яшчэ і не пачыналіся — краіны, адкуль навасельцы прыбываюць, адмаўляюцца іх прымаць, і зусім няпроста гэтыя краіны «прымусіць да міру». Тых, што прыбылі па падробленых пашпартах, наогул незразумела куды вывозіць — як і тых, чыя радзіма не адбылася як дзяржава. Турцыя, якой за разуменьне і сяброўства абяцаныя 3 мільярды эўра (дарэчы, пакуль у гэтую скарбонку ніхто не апусьціў ні грошыка, акрамя Нямеччыны), паведаміла: за ўвесь час прыняла каля 300 дэпартаваных і запатрабавала для пачатку павысіць дапамогу да 5 мільярдаў.

Але ўсё ж, нават пасьля ўсіх вылікаў, застаецца Нямеччына, чэмпіён па прыкладным гуманізьме, а гэта як-ніяк 80 зь лішнім мільёнаў чалавек! Не зусім. Баварыю лепш у іх лік не ўключаць. Нядаўняя сустрэча канцлеркі Мэркель з прэм’ерамі асобных урадаў зямель паказала, што і астатнія землі Нямеччыны — на мяжы магчымасьцяў і цярпеньня, нават тыя, хто ўчора яшчэ ня думаў, у адрозьненьне ад Баварыі, падаваць на канцлерку ў Канстытуцыйны суд. Вось ужо і сацыял-дэмакратычныя партнэры па кааліцыі папярэдзілі Мэркель: калі за два месяцы яна ня знойдзе разумнага выйсьця са становішча, то пазбавіцца падтрымкі саюзьнікаў. Амаль месяц з гэтага тэрміну ўжо мінуў, а разумным выйсьцем і ня пахне. Вядома ж, канцлерка Нямеччыны пакуль яшчэ — не адзіная правільная эўрапейка на кантынэнце. Ангелу Мэркель падтрымліваюць у яе палітыцы посткамуністычныя левыя, «зялёныя», знойдуцца, напэўна, і іншыя палітычныя аднадумцы. Але справа ў тым, што яны — ня выбаршчыкі Мэркель і ніколі выбаршчыкамі хрысьціянскіх дэмакратаў ня стануць. 40 працэнтаў грамадзянаў Нямеччыны выступаюць за неадкладную адстаўку Мэркель.

Тыднёвік «Шпігель», самы чытаны ў краіне, падрабязна камэнтуе канстытуцыйны пазоў шасьці найслыньнейшых нямецкіх юрыстаў на канцлерку за тое, што яна свавольна і без ухвалы Бундэстагу (і без кансультацый наогул з кім-небудзь, дадам ад сябе) запрасіла ў Нямеччыну сырыйскіх перасяленцаў. Часопіс цытуе Дзюсэльдорфскага адваката Клемэнса Антвайлера: «Канцлер ня мае права прымаць рашэньні, якія выходзяць за рамкі закону, які ўхвалены выбаршчыкамі праз Бундэстаг». Зьнявагай Канстытуцыі, нібыта, можна лічыць і тыя рашэньні Мэркель, якія ідуць насуперак эўрапейскаму праву, — у прыватнасьці, адмена пратаколу Дублін-3 (гэты дакумэнт прадугледжваў абавязак уцекача прасіць прытулку ўжо ў першай краіне Шэнгенскай зоны), парушэньне нямецкіх законаў аб наданьні прытулку і аб знаходжаньні іншаземцаў на тэрыторыі Нямеччыны.

Тыднёвік падае заключэньні экспэртаў у галіне канстытуцыйнага права, у тым ліку былых членаў суду, — усе яны сыходзяцца ў меркаваньні, што Мэркель учыніла злачынства. Газэта «Гандэльсблят» запытала меркаваньне былога старшыні фэдэральнага Канстытуцыйнага суду Ганса-Юргена Папіра — той назваў паводзіны канцлеркі «абуральным палітычным правалам». Вось яго меркаваньне: «Дзяржава, у якой выконваецца Канстытуцыя, ня можа дазволіць сабе шаленства і самадурства. Яна абавязаная прадухіліць пагрозу, якую нясе з сабой адвольная, бясконцая і бескантрольная міграцыя». Іншы экспэрт, былы старшыня канстытуцыйнага суду зямлі Паўночны Райн-Вэстфалія Міхаэль Бэртрамс, назваў дзеяньні Мэркель «мегаламанскімі і эгаістычнымі выкрунтасамі, якія ніколі не атрымалі ўхвалы Бундэстагу». Усе яны — навукоўцы з гучнымі імёнамі, цяжкавагавікі канстытуцыйнага права, і фэдэральнаму Канстытуцыйнаму суду будзе няпроста адмахнуцца ад такой экспэртызы.

Ангела Мэркель апошнім часам імкнецца адкруціць падзеі назад і неяк зьмякчыць наступствы глыбокай памылкі, не называючы сябе па імені. Не ўпэўнены, што гэта зробіць уражаньне на выбаршчыкаў. Глыбока памыляцца ўмее кожны, нават той, хто не надзелены высокай выбарнай пасадай. Для гэтага ня трэба быць чалавекам году. Яшчэ пару месяцаў таму амэрыканскі часопіс «Тайм» уганараваў нямецкую канцлерку гэтым званьнем. Чалавекам году Мэркель сапраўды стала. У самым тытуле няма ні адабрэньня, ні асуджэньня — як і ў іншых імёнаў доўгага сьпісу, ацэначныя эпітэты мінулай датай раздае гісторыя.