Прагнозы на 2016 і наступныя гады спрэс пэсымістычныя, нават змрочныя. Свабода прапанавала сваім суразмоўцам заглянуць не ў сумнеўнае заўтра, а ў, магчыма, лепшае пасьлязаўтра. Шэсьць прагнозаў, што будзе ў Беларусі і сьвеце празь дзесяць год.
Віктар Марціновіч, пісьменьнік: «На 20 адсоткаў зьменіцца склад Палаты прадстаўнікоў. Праз выміраньне»
Праз 10 год танк-вызваліцель каля Дому афіцэраў канчаткова саржавее, а пляцоўка каля яго будзе забудаваная 40-павярховымі жылымі будынкамі, кватэры ў якіх ня будуць прадавацца гэтаксама, як яны не прадаюцца цяпер.
Якіх зьменаў я чакаю? Можа зьмяніцца канфігурацыя Вялікай Мядзьведзіцы, але толькі ня нешта істотнае ў Беларусі. Ну, можа, крыху болей сівізны ў тых самых вусах. Дакладна не адбудзецца ўсьведамленьня грамадзянамі таго, што чорнае ёсьць чорным, а белае — белым.
Месца краіны ў сьвеце? — Нехта сказаў: «Беларусь»?
Зьмены ў палітыцы, канечне, магчымыя! Прычым радыкальныя! На 20 адсоткаў зьменіцца склад Палаты прадстаўнікоў праз старэньне ды выміраньне цяперашняга складу.
Знакавага? Я думаю, што самай істотнай зьменай будзе тое, што мы нарэшце ўсе вывучым кітайскую і канчаткова забудземся на беларускую. І яшчэ можна так сказаць: айфон нарэшце навучыцца рабіць масаж :)
Дар’я Мацявіна, стваральніца Kyky.org: «Увядзіце ангельскую трэцяй дзяржаўнай»
Не без праблемаў, але мы ідзем па шляху стварэньня глябальнай дзяржавы. Беларусь — адно зь нешматлікіх месцаў, дзе гэта амаль не адчуваецца. Мы жывём у гета, без магчымасьці кожны дзень кантактаваць ужывую з замежнікамі, з жахлівымі перашкодамі для перасоўваньня па сьвеце, з малымі заробкамі, дзе для большасьці насельніцтва адна толькі віза — гэта ўжо ўдар па бюджэце.
Пры гэтым існуе праслойка беларусаў, якія «хакнулі» сыстэму. Яны праактыўныя і мысьляць незалежна. Яны наплявалі яшчэ ў юнацтве на мясцовыя аўтарытэты і заняліся самаразьвіцьцём. Свабодная ангельская мова, новыя тэхналёгіі і вандроўкі дазваляюць ім адчуваць сабе часткай глябальнай дзяржавы, яны жывуць/вяртаюцца ў Беларусь толькі зь нейкіх асабістых прычын. Пасярод дэпрэсіі і жахлівага кансэрватызму гэтыя людзі будуць жыць зусім іншымі інтарэсамі, і розьніца паміж імі і сярэднестатыстычнымі жыхарамі будзе павялічвацца. Іх будуць лепш ведаць на Захадзе, як у выпадку з Алексіевіч. Фізычна яны знаходзяцца тут, але існаваць будуць на зусім іншай арбіце.
Я не чакаю ніякіх пераваротаў на нацыянальнай глебе. Апошні шанец мы страцілі ў 90-я, калі патрыятызм яшчэ выклікаў нейкія эмоцыі. З тых часоў кантэкст зьмяніўся, і любы від нацыяналізму выглядае як анахранізм. У Беларусі, з гэтай размытай ідэнтычнасьцю, гэта яшчэ менш верагодна. Я жыву ў Мадрыдзе і адчуваю больш агульнага з экспатамі зь Нью-Ёрку, чым зь любым са сваіх аднагрупнікаў/аднаклясьнікаў і г.д. Я ўсім, каго сустракаю, апавядаю пра цудоўных і таленавітых людзей зь Беларусі, пра нашы стартапы, пра якія піша сусьветная прэса. Але ўся гэтая «вышываначная» ідэалёгія ні да чога не прывядзе. У яе проста даўно скончыўся тэрмін прыдатнасьці. Патрэбна новая стратэгія.
«Я веру ў айнрэндаўскіх людзей»
Палітычная мафія моцна трымаецца за ўладу. Праблема ня толькі ў Лукашэнку, але і ва ўсёй гэтай інэрцыйнасьці. Людзі настолькі адвыклі ад надзеі на зьмены, што сама ідэя зьменаў у іх выклікае дыскамфорт. Я веру ў гэтую праслойку айнрэндаўскіх людзей, якія перасьледуюць свае асабістыя інтарэсы і ў большасьці сваёй перакананыя, што нікому тут нічога не павінны. Што справядліва. Але калі такіх людзей нешта моцна прыцісьне і асабістыя інтарэсы перасякуцца з інтарэсамі глябальных зьменаў у краіне, дапускаю, што гэтая палітычная дрыгва ўскалыхнецца.
Знакавыя падзеі для беларусаў ужо адбываюцца, і даволі часта, проста пра гэта мала хто ведае. Мяне захапляе беларуская IT-сфэра. Паглядзіце на MSQRD, Kino-mo, ня кажучы пра Wargaming i Epam. Але як шмат беларусаў ведае, адкрываючы Appstore і пампуючы самую трэндавую аплікацыю, што гэта зрабілі беларусы? Беларусь — адна з самых адукаваных краінаў. Дайце бясплатны вай-фай па ўсёй краіне, увядзіце ангельскую трэцяй дзяржаўнай мовай, фільмы толькі ў арыгінале і з субтытрамі, дайце поўную свабоду бізнэсу, ніякіх падаткаў у першыя гады існаваньня, ніякай папяровай працы, выключна лічбавыя тэхналёгіі. Самыя папулярныя мэдыі павінны ставіць навіны пра MSQRD на першыя палосы. Тады мы будзе мець 100 MSQRD. І мы будзем ганарыцца.
Беларусь як краіна, якая разьвіваецца і якая адносна невялікая, можа зараз усе вельмі хутка зьмяніць. У нас есьць цудоўныя чалавечыя рэсурсы для гэтага.
Рыгор Астапеня, рэдактар часопіса «Ідэя»: «Большасьць беларусаў будзе зарабляць мала»
Аўтарытарызм у Беларусі стане мякчэйшы, бо будзе вымагаць падтрымкі Захаду нашмат больш, чым сёньня. Беларускае грамадзтва стане больш адкрытым, савецкая міталёгія перастане дзейнічаць, а беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць стане нормай.
Добрая палова беларускіх прадпрыемстваў, якія існуюць сёньня, зьнікнуць праз доўгі эканамічны крызіс. Большасьць беларусаў, на жаль, будзе зарабляць мала. Тэхналёгіі будуць імкліва зьмяняць сьвет і паволі — Беларусь.
Што адбудзецца знакавага праз 10 год? Хм, экспэрты будуць апраўдвацца, чаму іх прагнозы, дадзеныя 10 гадоў таму, ня спраўдзіліся.
Валярына Кустава, паэтка, тэлевядоўца: «У Беларусі перастане быць рызыкоўна нараджаць і паміраць»
Спадзяюся, Беларусь ня зьменіцца ў межах. Бо любыя зьмены межаў апошняе дзесяцігодзьдзе і нават стагодзьдзе асацыююцца перадусім ці з вайной, ці з анэксіяй.
Празь дзесяць год, як паказьнік дэмакратыі і эўрапейскасьці, на беларускіх газонах урэшце можна будзе сядзець і адпачываць, а не абыходзіць, каб «асталася па-красіваму». Бо газоны будуць для людзей, а не для выгляду. Чакаю, што ў Беларусі перастане быць рызыкоўна нараджаць, хварэць, паміраць і не згаджацца. А гарвыканкам перастане дасылаць СМС з указаньнямі, што мне рабіць і дзе жыць.
Рэдакцыя Радыё Свабоды з Прагі і рэдакцыя «Белсату» з Варшавы вернуцца ў Беларусь. З таго, што дакладна не адбудзецца — мы ня страцім сваёй мовы і людзей, якія наракаюць на ўсё. Веру, што Беларусь застанецца незалежнай. І тая незалежнасьць будзе ўсё менш намінальнай і ўсё больш дзейснай і функцыянальнай. Самая галоўная і чаканая зьмена — зьмена мысьленьня людзей. А з такой зьменай магчыма ўсё.
Беларускія вуліцы назавуць імёнамі беларусаў, якія таго вартыя. Па-беларуску загавораць немаўляты свае першыя словы, на ёй будуць спавядацца і кахацца. А моладзь перастане хацець зьехаць з краіны.
Падаткі зьменшаць, заробкі падвысяць, а мы з Васілём (муж Валярыны. — РС) зможам атрымаць хату па чарзе не праз 124 гады, а праз 2. І можна будзе жыць з таго, што ты пісьменьнік, бо вернуць творчы стаж і ганарары за кнігі.
Аляксей Лявончык, мэдыякансультант: «Апазыцыя, якая ёсьць сёньня, зьнікне»
Праз 10 гадоў Лукашэнкі дакладна ня будзе. Мы яго ўжо перарасьлі, а да таго часу дык і напэўна ён ня будзе адпавядаць краіне. Я чакаю нейкага сыстэмнага эканамічнага крызісу, які адарве нашу краіну ад расейскай мадэлі «нафта наўзамен за пацалункі» і прымусіць беларусаў прыстасавацца да рынкавай мадэлі з нулявым сацыяльным складнікам. Лукашэнка дакладна не застанецца да таго часу, мяркую што герб і сьцяг вернуцца.
А што да аднамоўя — то тут наступнаму кіраўніку краіны давядзецца рабіць рэзкі крок, каб на сваю рызыку скасаваць расейскую: у нас усе збольшага задаволеныя дзьвюхмоўем, шмат хто хоча большае ролі беларускае мовы, аднак скасаваньне расейскай успрымацьмецца як забарона на яе. Пры гэтым асаблівага бурчэньня ад вяртаньня аднамоўя ня будзе.
Я бачу мацнейшую грамадзянскую супольнасьць: яна ў нас ужо ствараецца на пустым месцы, і я кажу пра абсалютна новыя постаці, арганізацыі, пачыны ці кампаніі. Апазыцыя, якая ёсьць сёньня, зьнікне, будуць новыя партыі й асобы. Увогуле, я станоўча гляджу: мы ўжо давялі, што здольныя да самаарганізацыі, хаця б праз колькасьць грошай ды аб’ём помачы, які зьбіраецца «Талакоштам», «Вульлем», Логвінавым, іншымі пачынамі. А становішча ў краіне зьменіцца раптоўна, паступовага пераходу ня будзе. будзе раптоўны выбух, які ніводзін з аналітыкаў ня можа прадказаць, пакуль ён, уласна, не адбудзецца. Спрычыніцца да гэтага выбуху эканамічная параза й бядота, якая будзе тым горшая, чым глыбей Расея, галоўны спонсар Лукашэнкі, будзе скочвацца ў бездань. А крэдыты не дапамогуць.
Андрэй Дзьмітрыеў, палітык: «Курс будзе 3,7 талера за даляр»
Паколькі я палітык, а не фантаст, і паколькі я разумею, што перамены патрабуюць часу, давайце казаць не пра 2025, а хаця б пра 2030 год, бо розьніца ў 5 гадоў для рэформаў у краіне — істотны тэрмін.
За гэты час у краіне пройдзе «Народны рэфэрэндум», які замацуе новы кірунак разьвіцьця. Курс будзе 3,7 талера за даляр. Самай папулярнай у Беларусі будзе прафэсія праграміста, а асновай эканамічнага росту стане навука і навукаёмістыя галіны. Мы пачнём зарабляць на стварэньні дадатковай вартасьці: дызайну, інжынэрыі, навуковых дасьледаваньняў, лягістыкі і мэдычных паслуг, вайсковай вытворчасьці.
Ня менш за 65% беларусаў будуць працаваць у прыватным сэктары. Мы будзем краінай з найлепшымі ўмовамі для вядзеньня малога і сярэдняга бізнэсу і з самай высокай колькасьцю стартапаў у рэгіёне. Дзякуючы разьвіцьцю лягістыкі ў Беларусі зьявяцца аўтабаны і хуткасная чыгунка. Галоўным сымбалем краіны стане ня трактар, а тэхналёгіі — распрацоўкі кшталту «Вайбэра» ці «танкаў».
«Беларусам ня будуць патрэбныя візы ў большасьць краінаў сьвету»
Істотна зьменіцца сфэра адукацыі. Адкрыецца першы нацыянальны беларускі онлайн-унівэрсытэт. Зьменіцца сам падыход да адукацыі і навукі. За прыклад возьмуць Фінляндыю.
Мы скасуем Акадэмію Навук і ўсе кантралюючыя органы ў адукацыі. Беларусь будзе чальцом новых рэгіянальных саюзаў як на захад, так і на ўсход — пры захаваньні свайго сувэрэнітэту. Беларусам ня будуць патрэбныя візы ў большасьць краінаў сьвету, і сама Беларусь будзе адкрытая для наведваньняў.
У 2020 годзе Беларусь не працягне дамову па вайсковых аб’ектах і з таго часу стане сапраўды нэўтральнай дзяржавай, што будзе карысна і для Расеі, і для ЗША, і для Кітаю. Шмат беларусаў вернецца з-за мяжы, каб будаваць краіну дзякуючы адмысловай праграме «Зьбіраем беларусаў дома». Грамадзяне будуць абіраць мэраў і кіраўнікоў паветаў, а колькасьць тэрмінаў прэзыдэнцтва будзе абмежаваная двума.
«Славянскі Базар», «Дажынкі» і «Дзень пісьменства» будуць, як і раней, радаваць грамадзянаў. Адбудуецца замак у Наваградку, першай сталіцы ВКЛ. Зьнікне ідэалягічная вэртыкаль і Міністэрства інфармацыі, але і бязь іх усім будзе зразумела, што галоўны покліч — «Каго любіш? — Беларусь! — То ўзаемна!».