Салігорскія шахцёры: «Тысяча даляраў — рэальнасьць, але амаль ніхто столькі не зарабляе»

«Беларуськалій», Салігорск

У Беларусі існуе міт, што добра жывецца салігорскім шахцёрам: высокі заробак, сацыяльныя гарантыі, добрая ахова здароўя. Супрацоўнікі «Беларуськалія» ў інтэрвію Свабодзе кажуць, што гэта не зусім так, асабліва ва ўмовах крызісу. Хоць заробкі тут сапраўды самыя высокія ў краіне. Тры салігорскія інтэрвію Свабоды.

Мацьвей Хвосьцікаў, 21 год

У дзяцінстве я хацеў стаць дальнабойшчыкам альбо лётчыкам грамадзянскай авіяцыі. Цяпер працую горнарабочым ачышчальнага забоя. Заробак у 1000 даляраў тут рэальнасьць, але ён ёсьць далёка ня ў кожнага.

Сюды трапіць няпроста. Многія месяцамі стаяць на парогах начальнікаў. У некаторых атрымліваецца, у некаторых не. Мне было прасьцей, мяне пасьля вучэльні сюды разьмеркавалі. Мой заробак сёньня ня самы справядлівы, бо грашыма цяжка мераць здароўе. Дый дэвальвацыя.

Плюс такой працы — грошы, але, зноў жа, у нас дэвальвацыя. Мінусы — гэта здароўе. Адпачынак для мяне — гэта любы сон, бо ў мяне «плаваючы» графік. Працую і ў выходныя, і ў будні. Кепска і тады, калі адпачынак у будзённыя дні, — няма з кім бавіць час.

«За два гады нічога асабліва і не назьбіраў»

«Беларуськалій»

Працаваць тут усё жыцьцё я не пляную. Атрымаю вышэйшую адукацыю і выберуся з шахты. Раней, магчыма, у шахцёраў у маім узросьце ўжо ўсё было — і кватэра, і машына. Але я за два гады так асабліва нічога і не назьбіраў.

Наконт таго, што шахцёры мала жывуць. Ёсьць людзі, якія і ў 50–60 працуюць у шахце і адчуваюць сабе добра, а ёсьць тыя, хто выходзіць на пэнсію і адразу памірае, хоць раней праблемаў са здароўем не было.

Цяпер у нашым горадзе будуюць толькі супэрмаркеты і крамы. Было б добра, каб у Салігорску паўстаў тэатар альбо хаця б нармальны кінатэатар, аквапарк і іншыя забавы. А так у «багатым» горадзе няма куды схадзіць, апроч крамы. Таму адпачываць езджу ў Менск.

Аляксандар Кузьняцоў, 25 год

Раней я марыў рабіць нешта для сябе — тое, чаго хочацца. І рабіў. З 21 году працаваў у адной і той жа кампаніі, у сетцы салёнаў сотавай сувязі. Былі розныя пасады, ад прадаўца да экспэрта. Тэхнічную адукацыю я атрымаў перад гэтым, калі мне было 20. Проста тады не хацелася манатоннай працы на дзяржаву. А вось у 25 я меў усе навыкі, каб граматна сабе паставіць сярод «старажылаў» у «Беларуськаліі» — мэтанакіраванасьць зь лёгкім налётам нахабнасьці, стрэсаўстойлівасьць і старыя «корачкі» сьлесара па кантрольна-вымяральных прыборах.

Калектыў даволі добры, сяброўскі, умовы прыемныя, праца не цяжкая. Але і заробак не такі высокі, ня той разрад яшчэ. Пра заробкі шахцёраў не скажу, але тыя ж «забойшчыкі» зарабляюць шмат. Заробак высокі, але не заўжды сталы, могуць і па паўгода дома сядзець.

«Шалёныя грошы тут — гэта міт»

Трапляюць у шахцёры праз бацькоў, гэта такая спадчына. Дарэчы, таму ў многіх машыны і кватэры так рана зьяўляюцца: бацькі дапамагаюць. Ці ў іх цікавае жыцьцё? Я павандраваў па Беларусі і заўважыў — у Салігорску чым больш багаты чалавек, тым больш ён скупы.

Трапіць у «Беларуськалій» самому цяжка. Мне дапамог зьбег абставінаў і іншыя акалічнасьці. Заробак шахцёра даходзіць да тысячы даляраў, самі падумайце. Але такі ён далёка не ўва ўсіх. Такая сума для жыцьця на месяц вельмі дастатковая, таму многія трацяць іх на акцыі, нерухомасьць, дэпазыты — гэта таксама дадатковы прыбытак. Але агулам пра ўвесь «Беларуськалій»: шалёныя грошы тут — гэта міт.

Андрэй, 22 гады

«Беларуськалій»

Канкрэтнай мэты стаць кімсьці я перад сабой у дзяцінстве ня ставіў, хоць у клясе 8–9-й выразна ведаў, што ні міліцыянтам, ні вайскоўцам ня буду. Сваю пасаду я не хачу называць, але скажу, што я належу да інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу і зьвязаны з эканомікай.

Працоўны дзень, як і ў большасьці кіраўнічага пэрсаналу, пачынаецца ў 8 раніцы — і да 5 вечара зь перапынкам на абед. Але рэдка бывае, што я сыходжу з працы своечасова, часта застаюся дарабляць нешта, чаго не пасьпеў. Работы шмат. Часта чуў і падчас вучобы ў сталіцы, што ўсе, хто працуе ў «Белкаліі», зарабляюць вялізарныя грошы. Сьпяшаюся абвергнуць гэтае сьцьверджаньне. Заробак у сярэднім 6–7 мільёнаў для такіх, як я. Пасьля ўнівэрсытэту гэта максымум.

«Калі абіваць парогі начальнікаў нейкі час, усё атрымаецца»

Вядома, у шахце хлопцы могуць зарабляць больш. Але гэта вельмі цяжкая праца. Мой сябар працуе ў забоі, ён, можа, і атрымлівае 1000 даляраў або троху больш, але гэта цяжка і небясьпечна, і я лічу, што гэта нават мала за тое, што ты рызыкуеш жыцьцём кожны дзень.

Складанасьці пры працаўладкаваньні ёсьць. А дзе іх цяпер няма? Але калі паставіць мэту і абіваць парогі высокіх кабінэтаў нейкі час, то ўсё атрымаецца. Можа, адразу і не на прэстыжную спэцыяльнасьць і не адразу ў шахту, але далей можна пайсьці на курсы, або, калі ёсьць вышэйшая адукацыя, спрабаваць прабівацца.

Заробак цяпер — балючае пытаньне. Гады два-тры таму я марыў аб такіх сумах, але тады даляр каштаваў 9000, а цяпер — больш за 20 000. Хоць калі браць маіх аднакурсьнікаў, тыя нешматлікія, хто працуе па спэцыяльнасьці, такіх грошай ня бачаць нават у сталіцы.

Мінусаў досыць шмат, але ня хочацца вымятаць сьмецьце з хаты. Але і плюсаў дастаткова. У «Беларуськаліі» самая лепшая калектыўная дамова ў СНД, рабочыя і служачыя добра абароненыя сацыяльна. Хапае і бонусаў ад прафсаюзаў, шмат арганізоўваецца турыстычных паездак і гэтак далей. Але сыстэма савецкая нікуды ня дзелася. Шмат што трэба мяняць.

«Вытворчасьць шкодная, і на пэнсію выходзяць рана»

Заставацца на ўсё жыцьцё ў Салігорску не хацелася б. У пэрспэктыве мару працаваць на сябе, а не на «дзядзьку». Але ж няма нічога больш сталага, чым часовае.

На «Беларуськаліі» я на самой справе зразумеў, што значыць быць часткай вялізарнай вытворчай машыны. Прадпрыемства — прамысловы гігант, і гэта адчуваецца практычна ўва ўсім, што тычыцца маёй працы. Вядома, і здароўе ня можа не цярпець, калі працуеш у хімічнай галіне прамысловасьці. Нават на паверхні шмат небясьпечных работ, ня кажучы ўжо і пра саму шахту. Я лічу, што вытворчасьць шкодная, таму і на пэнсію сыходзяць рана і паміраюць, часта толькі-толькі дажыўшы да 60 гадоў. Вялізарны плюс — тое, што кожны работнік застрахаваны і можна абсьледавацца і лекавацца бясплатна практычна па ўсёй Беларусі. Для Салігорску вельмі актуальная тэма паліклінікі. Яна адна на ўвесь горад, і таму радуе тое, што ў «Белкалія» ёсьць асобная свая.

Пасьля сталіцы я некалькі месяцаў звыкаў да жыцьця ў Салігорску. Пасьля магчымасьцяў Менску горад здаваўся малым і сумным. Але ўсюды ёсьць свае плюсы. Дый сябры не даюць сумаваць. Хоць месцаў для добрага адпачынку вельмі мала. Але Менск усяго толькі за 130 кілямэтраў, і заўсёды можна паехаць «патусіць» у сталіцу.