«Мыліць вяроўку» — гэта на прафэсійным слэнгу псыхолягаў-суіцыдолягаў, калі чалавек загадзя рассылае па розных адрасах папярэджаньні пра сваё самагубства. Працэс зайшоў ужо далёка, а чалавек, які кажа пра свой намер, тым ня менш шукае падтрымкі, нават калі сам гэтага не ўсьведамляе ці ўвогуле адмаўляецца ад яе. Адмыслоўцы раяць ставіцца да такіх папярэджаньняў з усёй сур’ёзнасьцю, як да сыгналу SOS, тым больш калі чалавек у такой закрытай сыстэме, як войска або турма.
«Спадзяюся, што майго самагубства хопіць для таго, каб пакараць тых, хто мяне катаваў» — пра гэта яшчэ ў лістападзе-сьнежні пісаў на волю блізкім і ня вельмі блізкім людзям асуджаны жодзінскай сьледчай турмы № 8 Ягор Пратасеня. 20-гадовы хлопец, якому прысудзілі 14 гадоў турмы паводле артыкула 328-1, 328-3. Ён настойліва прасіў, каб пасьля сьмерці пра ягоны выпадак напісалі артыкул і расказалі, як зьдзекаваліся зь яго сьледчыя з наркакантролю. Тыя, хто чытаў гэта, вядома напалохаліся, але спадзяваліся, што падобныя настроі пройдуць.
У Ягора нічога само сабой не прайшло. 4 студзеня ён спрабаваў павесіцца ў адзіночнай палаце для паднаглядных з вострымі выпадкамі. Яго пасьпелі выцягнуць зь пятлі. Цяпер ён у рэанімацыі Рэспубліканскага турэмнага шпіталю на «Валадарцы», дагэтуль знаходзіўся пад назіраньнем лекараў «вольнай» гарадзкой бальніцы ў Жодзіне. За ўвесь гэты час, без малога месяц, хлопец усё яшчэ не апрытомнеў. Мэдыкі папярэдзілі маці, што нават калі сын выкараскаецца, то застанецца мэнтальным інвалідам. У якасьці прычыны незваротных зьменаў мозгу яны бачаць ужываньне хлопцам цяжкіх сынтэтычных наркотыкаў. Ягорава маці Сьвятлана ня верыць, што сын быў наркаманам. Яна кажа, што галоўнае для яе, каб сын жыў, і ня важна, у якім стане. Тых жа, хто давёў Ягора да суіцыду (Сьвятлана перакананая, што сьледчыя), яна спадзяецца дамагчыся, каб пакаралі.
Your browser doesn’t support HTML5
Пра суіцыдальныя намеры хлопца было вядома і ў турме, і на волі
Пра выпадкі, калі пры падобным раскладзе караюць праваахоўнікаў ці турэмнікаў — крыху ніжэй. Мэта ж нашай сёньняшняй праграмы ня ў пошуку сапраўдных вінаватых. Дзеля гэтага трэба дакладна валодаць шматлікімі дэталямі крымінальнай ды судовай справы, ведаць, які лад жыцьця вёў асуджаны да арышту, якія ў яго сябры, сям’я, што насамрэч адбывалася падчас допытаў у наркакантролі, хто праходзіў разам зь Ягорам па ягонай справе ды сядзеў побач зь ім у камэры. Нарэшце, ці не атрымліваў арыштант нейкія цыдулкі звонку і ці не падбухторваў яго нехта да гэтага ўчынку, паколькі грамадзкі рэзананс вакол суіцыду хлопца-першахода безумоўна можа быць выкарыстаны тымі, хто мае куды большае за Ягора дачыненьне да наркабізнэсу. Кропкі над «і» ў гэтай сумнай гісторыі можа расставіць толькі сьледзтва, пры ўмове што яно ў нас насамрэч прафэсійнае і аб’ектыўнае. Наша ж размова пра тое, наколькі магчыма нешта зрабіць, каб чалавек ня зьвёў рахункі з жыцьцём, і чаго ўвогуле каштуе сёньня жыцьцё чалавека.
Да арышту Ягор Пратасеня быў студэнтам-завочнікам Салігорскага філіялу БНТУ, вучыўся на горнага інжынэра. Спэцыяльнасьць, якая павінна быць запатрабаваная ў горадзе калійшчыкаў. Тым ня менш працаўладкавацца Ягор, паводле словаў маці, нідзе ня мог. Паводле словаў знаёмых Ягора, жыў ён асобна на найманай кватэры, меў машыну, нідзе не працаваў. Вольны час, калі меркаваць па здымках, выстаўленых на яго акаўнтах у сацсетках, любіў праводзіць у барах ды дыскатэках. Звычайны адпачынак моладзі малых гарадоў... Сам арышт ды абвінавачваньні па такім суровым артыкуле як 328 ч.3., а пазьней прысуд на 14 гадоў, ня мог ня стаць стрэсам для хлопца, які пражыў толькі крыху болей, чым прызначаны яму вырак. Здараецца, што ўпершыню асуджаны малады чалавек толькі на гэтай падставе вырашае зьвесьці рахункі з жыцьцём. А калі яшчэ мелі месца тыя зьдзекі, пра якія Ягор казаў маці на спатканьнях ды пісаў у лістах на волю і сваім сямейнікам, і ня толькі ім?
У любым выпадку пра суіцыдальныя намеры Ягора было вядома і на волі, і за кратамі. Таксама вядома, што турэмныя псыхолягі працавалі з асуджаным і нават паставілі яго на адмысловы прафіляктычны ўлік. Аднак, як выглядае, праца тая пасьпяховай не была. Яны палічылі, што ў пэўных участках мозгу адбыліся незваротныя зьмены, зьвязаныя з ужываньнем сынтэтычных наркотыкаў — спайсаў, міксаў, «соляў», розных сумесяў кітайскага паходжаньня. Далей хлопца наглядалі лекары-псыхіятры.
Паводле супрацоўнікаў мэдычнай часткі жодзінскай сьледчай турмы, на час здарэньня Ягор быў у адзіночнай палаце для паднаглядных з вострымі выпадкамі. Ягоную палату згодна з правіламі абыходжаньня зь вязьнямі, якія маюць адпаведныя псыхічныя праблемы, трымалі зачыненай, туды меў доступ толькі мэдычны пэрсанал. Турэмнік-кантралёр назіраў за хворым праз акенца ў калідоры.
«Прыняць сьмерць, каб адпомсьціць — гэта вар’яцтва»
Кажуць, вісельніка заўважылі ледзь не адразу. Турэмнік і мэдыкі, якія пачулі сыгнал трывогі, адрэагавалі на сытуацыю апэратыўна, цягам хвіліны. Аднак... Няўжо не было магчымасьці неяк прадухіліць тое, пра што чалавек папярэджваў неаднойчы? Тым больш, што пагрозы Ягора Пратасені аб самагубстве ўтрымліваліся ў лістах, дасланых на волю легальным чынам. Усё гэта чыталася цэнзарамі. Хіба яны не даводзяць падобныя моманты да тых жа псыхолягаў, апэратыўнікаў?
Што да цэнзараў, то іх мала, можа быць два-тры, а лістоў пішацца шмат. Галоўнае тут, прачытаць хаця б лісты тых, на каго ўказваюць апэратыўныя супрацоўнікі.
«Што да цэнзараў, то іх мала, можа быць два-тры, а лістоў пішацца шмат, — кажа ўдзельнік нашай праграмы Анатоль — адмысловец у галіне турэмнай псыхалёгіі, унівэрсытэцкі выкладчык, які да таго ж працуе зь вязьнямі з так званай групы рызыкі. — Галоўнае тут, прачытаць хаця б лісты тых, на каго ўказваюць апэратыўныя супрацоўнікі. Наўрад ці яны чытаюць шмат што з астатняга...»
Паводле Анатоля, гісторыя зь Ягорам для турэмных устаноў краіны — ня ёсьць нечым надзвычайным. Пару гадоў таму ў Жодзіне ў камэры-адзіночцы скончыў жыцьцё самагубствам 24-гадовы арыштант. Як і Ягор, той хлопец у сваёй перадсьмяротнай запісцы назваў, хто менавіта вінаваты ў яго сьмерці. Гэта быў турэмны кантралёр.
У абедзьвюх гісторыях, працягвае турэмны псыхоляг, відавочнае настойлівае жаданьне маладых людзей зьвесьці рахункі з уласным жыцьцём, каб адпомсьціць вінаватым. Анатоль бачыць у гэтым псыхічнае расстройства.
«З гледзішча псыхалёгіі, — адзначае ён, — нармальны чалавек ня можа скончыць жыцьцё самагубствам. Прынамсі, ён становіцца вар’ятам за хвіліну да зьдзяйсьненьня свайго ўчынку. Гэта вар’яцтва — прыняць сьмерць, каб некаму адпомсьціць...Што да пакараньняў прадстаўнікоў сілавых ды турэмных структураў, то гэта выключная зьява».
З гледзішча псыхалёгіі нармальны чалавек ня можа скончыць жыцьцё самагубствам. Гэта вар’яцтва — прыняць сьмерць, каб некаму адпомсьціць....
Анатоль: «Таго жодзінскага прапаршчыка, якога абвінаваціў перад сваёй сьмерцю пазалеташні сядзелец асудзілі недзе на шэсьць гадоў. Тыя, хто ведаў кантралёра, вельмі спачуваюць яму. Малады хлопец, добры турэмнік. Ёсьць такая прафэсія. А вісельнік быў кончаным наркаманам, з псыхічнымі праблемамі...Ці можна было папярэдзіць яго дзеяньні — сказаць цяжка. Відэакамэр там няма... Натуральна кантралёр — сяржант, старшыня, прапаршчык — пэрыядычна абыходзяць калідор, куды выходзяць дзьверы камэр з вокнамі для агляду і глядзяць у тыя вакенцы. Але ўсё роўна вязень можа пасьпець з сабой нешта зрабіць. Тым больш, калі ён неадэкватны. У таго вісельніка быў круты бацька, які займаў высокую пасаду. Ён паабяцаў кантралёру, што яго пасадзіць. Знайшлі адпаведны артыкул — перавышэньне паўнамоцтваў, ці нешта такое... Турэмнік сядзіць. А добрых прагнозаў наконт псыхічнага здароўя таго наркамана так і так не даваў ніхто...»
Паводле Анатоля, цяпер у турэмных установах вялікі наплыў спайсавых наркаманаў. Дастаткова адзін-два разы прыняць, і ў чалавека ўжо прыкметы незваротных мазгавых зьменаў. Пра гэта сьведчаць пакуль што кароткатэрміновыя назіраньні. Якая будзе карціна празь пяць гадоў — ніхто ня ведае. Турэмны псыхоляг кажа, што ён не прыхільнік дыктатуры і таталітарызму, але ніякай альтэрнатывы турме для такіх людзей, дарэчы, сацыяльна небясьпечных для грамадзтва, ня бачыць. Перакананы, што трапіць за краты — паратунак для іх. Усе гэтыя гады яны не ўжываюць наркаты, знаходзяць нейкі занятак, аднак «псыхічна нармальнымі людзьмі яны, хутчэй за ўсё, ня будуць. Па іх відаць, што яны неадэкватныя».
«Чым болей чалавек праляжыць у такім стане, тым болей пытаньне вычарпанае»
Наступны ўдзельнік праграмы — Алесь — лекар-рэаніматоляг вышэйшай кваліфікацыі адной зь менскіх «вольных» бальніц. Пра гісторыю зь Ягорам Пратасенем доктар чытаў у СМІ. У сваёй практыцы Алесю даводзілася назіраць за тымі, хто спрабаваў зьдзейсьніць самагубства. Што тычыцца падрапаных рук вісельніка, на якія зьвярнула ўвагу маці, то Алесь дае такое тлумачэньне: цягам самых першых сэкундаў і недзе да адной хвіліны самагубцы застаюцца ў прытомнасьці. Падчас канвульсіяў вісельнік перажывае цяжкае ўдушша, жудасныя болі, страх. У такі момант ён можа чапляцца за розныя рэчы, калі такія ёсьць побач — за ложак, батарэю, сьценку... Што да кайданкаў, якія надзелі на хлопца ў коме, каб даставіць яго ў шпіталь, то гэты момант лекара-рэаніматоляга зьдзівіў.
Алесь: «Я ня ведаю дакладных рэгуляцыяў... але калі чалавека без прытомнасьці дастаўляюць у кайданках, то я гэтага не разумею. Да нас таксама дастаўляюць такіх хворых зь іншых мэдычных устаноў на дыягностыку... Не разумею таксама, чаму маці не дазваляюць на кароткі час наведваць сына, калі той у такім стане, тым больш, што ён ня тоіць аніякай пагрозы для навакольных».
Доктар схіляецца да таго, што недастатковая мазгавая актыўнасьць хлопца, пры тым, што ён пачаў дыхаць самастойна, усё ж зьвязаная з узьдзеяньнем сынтэтычных наркотыкаў, а не з гіпаксіяй у выніку ўдушэньня. Пры ўмове, што вісельніка сапраўды ўдалося выцягнуць зь пятлі цягам хвіліны.
Калі за хвіліну ўдалося яго выцягнуць зь пятлі, то моцных пашкоджаньняў не павінна было быць. У прынцыпе, ён не павінен быць „гароднінай“.
Алесь: «Калі за хвіліну ўдалося яго выцягнуць зь пятлі, то моцных пашкоджаньняў не павінна было быць. У прынцыпе, ён не павінен быць „гароднінай“. Пры павешаньні здараецца, вядома, рознае. Могуць быць розныя кровазьліцьці... Але гіпаксія мозгу, нейкія сур’ёзныя наступствы менавіта цягам хвіліны настаць не павінны. Гэта пры ўмове, што з моманту павешаньня сапраўды прайшла менавіта хвіліна...
Я памятаю спробу суіцыду ў нашай бальніцы. Гэта было падчас дзяжурства аднаго майго знаёмага калегі — тады ў прыбіральні спрабаваў павесіцца адзін пацыент. Доктар апынуўся там, калі хворы ўжо вісеў. Спрацаваў вельмі апэратыўна, але прайшло больш за хвіліну з часу павешаньня. Той вісельнік праляжаў у нас у рэанімацыі месяц, а потым памёр. Чым болей чалавек праляжыць у такім стане, тым болей пытаньне вычарпанае. Бо ён жа ў выніку памірае не ад павешаньня, а ад наступстваў, ад розных ускладненьняў. Ну а калі чалавек застаецца жывым, увогуле добра. Значыць, яго выратавалі...»
Лекар цалкам згодны з азначэньнем Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя: самагубствы — гэта своеасаблівы індыкатар грамадзкага нездароўя, нізкага сацыяльнага дабрабыту, высокі ўзровень самагубстваў сьведчыць пра крызіс у грамадзтве.
«На жыцьцё вязьняў усім, насамрэч, пляваць»
Замах на жыцьцё ў зоне — справа звыклая, успамінаюць былыя палітвязьні Ігар Аліневіч і Мікола Аўтуховіч, якія правялі за кратамі даволі працяглыя тэрміны. Сярод самагубцаў сустракаюцца асуджаныя за наркотыкі, але ня толькі яны.
Ігар Аліневіч кажа, што нават праз чатыры месяцы пасьля вызваленьня ён ня можа забыцца пра выпадак, які здарыўся мінулым летам у калёніі «Віцьба».
«Выпадак здарыўся літаральна за тры месяцы да майго вызваленьня. Хлопец з майго атраду зьбіраўся на доўгае спатканьне з маці. Але ўзьніклі нейкія праблемы. Ён вельмі хацеў ёй патэлефанаваць, але ня меў карткі. У яго быў прафіляктычны ўлік: суіцыд. Псыхолягі яго прызналі схільным да самагубства. А начальнік атраду званок яму не зрабіў. Хлопец прыйшоў на прамзону і застаўся там увечары. Паціхеньку зайшоў у закутак і задушыўся дротам».
І нікому нічога не было, ніякага спагнаньня, кажа Ігар Аліневіч: «Усім пляваць, насамрэч». Для адміністрацыі гэта проста непрыемнасьць, ня больш:
Нічога не каштуе чалавек у зоне, у гэтай краіне.
«Памятаецца, быў выпадак у Наваполацку на „дзясятцы“, там хлопец таксама павесіўся. Прыбягае апэратыўнік: вой, ё-маё! Колькі ж мне цяпер папяровай работы будзе! Ён падумаў у першую чаргу, што яму сёньня давядзецца бегаць з дакумэнтамі, а не займацца нейкімі больш прыемнымі яму рэчамі. Вось такое стаўленьне. Нічога не каштуе чалавек у зоне, у гэтай краіне.
Расказаў такіх многа, таму што здараецца гэта рэгулярна. Кожны год на „дзясятцы“, па-мойму, нехта ішоў на самагубства. У 2012 годзе, па-мойму, цэлых тры чалавекі. Хтосьці павесіўся, знаходзячыся ў ПКТ, гэта ўнутраная турма ў зоне. За месяц да вызваленьня. Хтосьці, можа, асэнсаваў свой вялікі тэрмін — больш за дзесяць год — і ня змог зьмірыцца з тым, што яму і надалей год за годам належыць гніць у гэтым лягеры безь ніякіх зьменаў, і вырашыў так скончыць свой тэрмін. У турме здараецца такое пэрыядычна. Разаб’юць кавалак шкла і вострым — у кадык, так бывае».
Мікола Аўтуховіч узгадвае пра спробу самагубства, якая пачалася быццам бы з-за драбязы. Кантралёры не перадалі вязьню слоік з варэньнем, здаецца малінавым, ад прастуды, які даслалі яму ў калёнію сямейнікі. Рэжымнік матываваў гэта тым, што вязень будзе гнаць з варэньня брагу... А тым часам іншыя варэньне атрымлівалі.
Аўтуховіч: «Спроба вязьня трапіць на прыём да начальства аказалася беспасьпяховай. Ён хадзіў перажываў, а потым недзе ўвечары ўзяў абліў сябе нейкім растваральнікам і падпаліўся. Абгарэў недзе на 80%, яго забрала хуткая. А там быў афіцэр, недзе намесьнік начальніка, дык ён напачатку нават забараніў выклікаць хуткую. Аднак дзяжурны маёр не пагадзіўся, сказаў, што чалавек можа хутка памерці. Хуткую ўсё ж выклікалі. Вядома, што ў шпіталь хадзілі афіцэры з адміністрацыі і дамаўляліся з хворым, каб справу замяць. Нешта абяцалі. Таго ЗК так і не прывезьлі назад у калёнію. Казалі, што вязьню шмат чаго наабяцалі за маўчаньне. Той пагадзіўся, аднак ніводнага з абяцаньняў так і ня выканалі».
Што да таго афіцэра, то яму нічога не было, кажа былы палітвязень.Толькі нейкае маральнае спагнаньне. Той вязень, які вырашыў самаспаліцца, быў даволі спакойны, але дэпрэсіўны, шмат што перажываў у сабе.
«Бывае нармальны-нармальны, а раптам атрымае ліст з дому... і ўсё»
Паводле турэмнага псыхоляга Анатоля, менавіта дэпрэсіўныя інтравэрты, якія ўсё носяць у сабе, — гэта тыя людзі, ад якіх найбольш варта чакаць рэалізацыі суіцыдальных намераў. Усе яны належаць да гэтак званай групы рызыкі. На сёньняшні дзень на зонах да самагубства схільны недзе кожны 15-ты. Але гэта тычыцца тых, хто паводле розных крытэраў пастаўлены на прафіляктычны ўлік. Калі ж чалавек на ўлік не пастаўлены, то ён лічыцца псыхічна нармальным.
Для арыштантаў-сядзельцаў страціць нешта на волі, згубіць апошнюю нітачку — гэта ўсё, катастрофа.
Анатоль: «Пралічыць адхіленьні нельга. Бывае нармальны-нармальны, а раптам атрымае ліст з дому, дзе жонка ад яго адмаўляецца, і ўсё... Для арыштантаў-сядзельцаў страціць нешта на волі, згубіць апошнюю нітачку — гэта ўсё, катастрофа. Адмысловага кантролю за іхнімі дзеяньнямі мы ўсталяваць ня можам, як і раней.
Чалавек прыходзіць у калёнію, у атрад, ужо ў статусе асуджанага. Атрад — гэта 100–150 чалавек. Там толькі адзін начальнік атраду. Найчасьцей хлопец ня вельмі дасьведчаны. Кожны самагубца да свайго ўчынку грунтоўна рыхтуецца. Робіцца ўсё так, каб ніхто перашкодзіць ня змог. Спосабы — самыя розныя. Напрыклад, уначы пад коўдрай, калі ўсе сьпяць... Памятаю такі выпадак, калі я праходзіў стажыроўку на курсах псыхолягаў. Месяц вучысься — месяц практыка. Прыяжджаю — вешаецца адзін. Зьяжджаю — вешаецца другі. Лежачы на нарах. Спачатку зробяць пяцельку, якую чапляюць за ложак, і так задушваюцца. Калі раніцай усё прачынаюцца, то бачаць, што ён ужо задушыўся. Абодва былі залежныя ад гульняў, прайграліся ў карты і не змаглі разьлічыцца. Хоць карты за кратамі строга забароненыя. Увогуле прычыны скончыць жыцьцё — у асуджаных самыя розныя. У няволі з-за адсутнасьці кантактаў з вонкавым сьветам многае ўспрымаецца куды больш востра».