Стваральнік сайту http://1863x.com/ пакуль хаваецца пад псэўданімам Jhon Silver. Джон Сільвэр стаўся на столькі важнай пэрсонай, што была праведзеная цэлая спэцапэрацыя па ягоным паўторным затрыманьні – гэтым разам на тэрыторыі Расеі.
Джон Сільвэр вядзе сайт-блог, матэрыялы якога папулярызуе праз сацыяльныя сеткі. Тэматыка сайта вузкаскіраваная: выкрыцьцё мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалёгія ў Беларусі. Роля РПЦ у прасоўваньні «рускага міру», «казакі» ў міліцэйскіх пагонах, каго ад каго бароніць войска РБ, беларускія нацыянальныя героі гісторыі і сучаснасьці ў несавецкім ракурсе... Ды шмат чаго, зьвязанага адным складнікам – пазыцыя аўтара не супадае з афіцыйнай лініяй партыі. Хоць наўпрост Лукашэнка ў матэрыялах фігуруе рэдка.
Джон Сільвэр уздымае тэмы, якія асьвятляюцца ў прафэсійных СМІ. Але аўтар блогу «1863х» можа сабе дазволіць катэгарычнасьць і вольны стыль падачы. І яшчэ адна вельмі важная акалічнасьць, якая тлумачыць, чаму ананімны блогер стаў папулярным. Сярод шэрагу вядомых беларускіх блогераў Джон Сільвэр – ці ня самы малады. Ён ці не адзіны піша на грамадзка-палітычныя тэмы для генэрацыі 20-гадовых у прымальнай для іх стылістыцы.
Джон Сільвэр ня сам прыдумаў форму, перад ім ужо паўсталі падобныя інтэрнэт-праекты: расейскі «Спутник и погром» і ўкраінскі «Пётр и Мазепа». Але беларускі варыянт падкрэсьлена ўзроставы, разьлічаны на людзей, якія з аб'ектыўных прычын ня ведаюць ня толькі далёкую, але нават блізкую гісторыю 1990-х. А як ня ведаеш, то як зразумееш, што адбываецца тут і цяпер?
Такім чынам, форма падачы інфармацыі і аўдыторыя – вось і ўсе адметнасьці Джона Сільвэра. Тым ня менш, яго арыштоўваюць у Беларусі, заводзяць крымінальную справу, выпускаюць пад падпіску пра нявыезд. Блогер уцякае ва Ўкраіну. З Украіны яго неяк выцягваюць на тэрыторыю Расеі, там расейскія органы затрымліваюць і рыхтуюць да перадачы беларускаму боку. І ўсё праз сайт-блог? Больш чым верагодна. Мяркуйце.
Джон Сільвэр – гэта майстар-кляс па вядзеньні інфармацыйнай вайны. Яшчэ на пачатку сваёй актыўнасьці пару гадоў таму ў фэйсбуку ён заклікаў ісьці за ягоным прыкладам: ствараць сайты, старонкі ў сацсетках, дзе выкрываць усіх непрыяцеляў незалежнай Беларусі. Альбо высьмейваць іх. Прыводзіў у прыклад Украіну, дзе людзі прачнуліся толькі калі ўжо ішлі баявыя дзеяньні. Тады ў інтэрнэце пачалася сапраўдная бітва за розумы ўкраінцаў. Цяпер у Беларусі б'е ў званы фактычна адзін блогер пад псэўданімам: «Асьцярожна, вашыя розумы пад пагрозай мэдыйнай інтэрвэнцыі з тэрыторыі РФ!»
Што дасьць крымінальны перасьлед Джона Сільвэра ўладам? Магчыма, яны па звычцы запужваюць патэнцыйных пасьлядоўнікаў блогера. Маўляў, будзеце выпендрывацца, вас чакае штосьці падобнае. Прычым, ня мае значэньня, што прапагандуе чалавек. Небясьпека ў тым, што ён непадцэнзурны, непадкантрольны, і хутка стаў папулярным, а значыць уплывовым на нейкую групу грамадзян.
А з моладзьдзю даўно ніхто не працаваў. Чаму – таксама варыянты. Ва ўлады ідэяў ніколі не было, а ў контрулады – усё старое як зьместам, так і формай. Усе разам ня могуць выйсьці з 90-х і далучыцца да ХХІ ст.
А ўмоўны «Джон Сільвэр» вырас у новым стагодзьдзі і ведае, як размаўляць з аднагодкамі.
Як бы там ні было, калі раптам пачнецца інфармацыйная вайна, ніякія рэпрэсіўныя захады не дапамогуць уладам. Апроч мноства аматараў, падцягнуцца і прафэсіяналы, якія будуць посьціць матэрыялы праз сваіх замежных сяброў. А ва ўладаў проста фізычна няма магчымасьці ўсіх кантраляваць. Дый навошта, калі вядзецца пра абарону радзімы? Хоць... Відаць, радзіма тут у кожнага свая.